Выбрать главу

Прычынаю іх цьмянасці быў выпіты мною ў пачатку вечара алкаголь, ад якога мой арганізм на Сароры адвык. А дзіўнасць тлумачылася, бадай, асаблівым пачуццём, якое і пасля не раз авалодвала мною: паступовым згасаннем у маёй свядомасці ўяўлення пра ўсіх тых, хто быў вакол мяне, як пра малпаў — я ўсё часцей успрымаў іх у залежнасці ад іх прафесіі ці становішча ў грамадстве. Метрдатэль, напрыклад, які ўгодліва сустрэў нас і правёў да нашага стала, быў для мяне перш за ўсё метрдатэлем і толькі потым самцом-гарылаю. Гідка нафарбаваная арангутанка ў гадах успрымалася мною як старая какетка, а калі я танцаваў з Зіраю, то зусім забываўся, што яна шымпанзэ, адчуваў толькі гнуткую талію партнёркі. Аркестр шымпанзэ быў усяго толькі звычайным аркестрам, і элегантныя малпы, якія жартавалі за нашым сталом, нічым не адрозніваліся ад звычайных свецкіх жартаўнікоў.

Не буду расказваць падрабязна пра тое, якія пачуцці выклікала ў малпаў мая прысутнасць. Скажу толькі, што апынуўся ў цэнтры ўвагі. Мне прыйшлося бясконца раздаваць аўтографы, і два вартаўнікі-гарылы, якіх Карнэлій прадбачліва прывёў з сабою, ледзь баранілі мяне ад нападаў самак усіх узростаў і парод, якія спрачаліся за права выпіць са мною ці патанцаваць.

Заседзеліся мы да глыбокай ночы. Я ўжо быў добра п'яны, як раптам успомніў пра прафесара Антэля. Гэтая думка абудзіла ўва мне сама горкія згрызоты сумлення. Я ледзь не зароў ад сораму, падумаўшы пра тое, што сяджу вось цяпер тут, баўлю бесклапотна вольны час, п'ю з малпамі, а мой няшчасны таварыш дрыжыць на саломе ў клетцы заасада.

Зіра спыталася, што мяне так засмучае. Я адказаў. Тады Карнэлій паведаміў мне, што ўжо цікавіўся прафесарам і той пачувае сябе добра. Цяпер нішто не перашкаджае яго вызваленню. У адказ я рашуча заявіў, што не магу больш чакаць ні хвіліны і хачу перадаць яму гэтую навіну неадкладна.

Ї Урэшце, — падумаўшы, згадзіўся Карнэлій, — у такі дзень вам ні ў чым нельга адмовіць. Хадземце! Я знаёмы з дырэктарам заасада.

Мы выйшлі ўтраіх з кабарэ і неўзабаве дабраліся да заалагічнага сада. Разбуджаны дырэктар паспяшаўся нам насустрач. ён ужо ведаў маю гісторыю. Карнэлій адкрыў яму сапраўднае паходжанне аднаго з людзей, выстаўленых тут у клетцы. Дырэктар не верыў сваім вушам, але таксама не рашыўся адмовіць мне.

— Вядома, прыйдзецца дачакацца дня, — сказаў ён, — каб выканаць сякія-такія фармальнасці, неабходныя для вызвалення вашага прафесара, але нішто не замінае вам пагаварыць з ім хоць цяпер.

Ён абраўся праводзіць нас.

Ужо пачынала світаць, калі мы спыніліся перад клеткаю, у якой небарака-прафесар жыў, нібыта якая жывёліна, разам з паўсотняю іншых мужчын і жанчын. Палонныя яшчэ спалі, уладкаваўшыся парамі ці групамі па чатыры-пяць чалавек. Калі дырэктар запаліў у клетцы святло, усе расплюшчылі вочы.

Я нядоўга шукаў майго таварыша па няшчасці. Як і ўсе астатнія, ён ляжаў скурчыўшыся на саломе, і побач з ім была жанчына, як здалося мне, досыць маладая. Убачыўшы прафесара, я здрыгануўся і ледзь не заплакаў ад спагады да старэйшага сябра дый да сябе самога, згадаўшы, што перажыў за гэтыя чатыры месяцы.

Я быў такі ўсхваляваны, што не мог гаварыць. Але разбуджаныя людзі не дзівіліся нам ані кроплі. Яны ўжо былі прыручаныя і добра выдрэсіраваныя, таму адразу ж сталі выконваць свае звычайныя трукі, спадзеючыся атрымаць што-небудзь ва ўзнагароду. Дырэктар кінуў ім жменю пячэння. Адразу ж, як і ўдзень, пачалася штурхатня і калатнеча, а ўмудроныя старыя паспяшаліся ўладкавацца на кукішках перад самымі кратамі, з мальбою працягваючы нам рукі.

Прафесар Антэль далучыўся да папрашаек. Ён прыціснуўся як мага бліжэй да дырэктара і пачаў выпрошваць у яго ласунак. Такія несамавітыя паводзіны спачатку абурылі мяне, але неўзабаве маё горкае пачуццё перайшло ў вялікую занепакоенасць. Я стаяў за тры крокі ад прафесара, ён глядзеў мне ў самы твар — і не пазнаваў. Вочы яго, яшчэ нядаўна такія жывыя і праніклівыя, здаваліся цяпер патухлымі і пустымі, як у іншых палонных, — я не заўважыў у іх аніводнай іскрынкі розуму! Я ўсё больш і больш пераконваўся з жахам, што не выклікаю ў прафесара ніякіх пачуццяў, апроч недаўмення: пры выглядзе чалавека ў адзежы ён паводзіў сябе гэтаксама ж, як і ўсе палонныя.

Я жудасна напружыўся і загаварыў, каб прагнаць нарэшце гэты кашмар:

— Прафесар, — сказаў я, — мэтр, гэта я, Уліс Меру. Мы ўратаваныя. Я прыйшоў, каб паведаміць вам пра гэта…