Планета была проста надзіва падобная на Зямлю. Уражанне гэтае няспынна ўзмацнялася. Цяпер я ўжо на свае вочы бачыў контуры мацерыкоў. Паветра было блакітнае, чыстае, трохі зеленаватае, афарбаванае дзе-нідзе аранжавымі блікамі, як у нас у Правансе на схіле дня. Акіян таксама быў блакітнаваты з зялёным адценнем. Рысы ўзбярэжжа адрозніваліся ад усяго, што бачыў я на Зямлі, хоць я і імкнуўся ўпарта знайсці падабенства, якое так кінулася мне ў вочы ва ўсім астатнім! Ды колькі я ні прыглядаўся, абодва паўшар'і планеты нічым не нагадвалі ні наш Стары, ні Новы Свет.
Нічым? Даруйце. Нагадвалі — і сама галоўным! Планета была населеная. Мы праляталі над горадам, і досыць вялікім, ад якога ва ўсе бакі разбягаліся дарогі з дрэвамі абапал, а па саміх дарогах несліся аўтамабілі. Мне ўдалося ахапіць позіркам агульны план горада. Шырокія вуліцы. Вялікія белыя дамы з прастакутнымі мурамі.
Але нам прыйшлося «прызямліцца» ўдалечыні ад гэтага месца. Спачатку мы ляцелі над уробленымі палямі, пасля над густым, трохі рудаватым лесам, падобным на нашы экватарыяльныя джунглі. Мы ляцелі ўжо нізка. Пад намі з'явіліся плато з даволі вялікімі палянамі, вакол плато распасціралася перасечаная мясцовасць. Прафесар вырашыў нарэшце рызыкнуць і задаў прыборам новую, апошнюю праграму. Запрацавалі ракеты тармажэння. На некалькі імгненняў катэр замёр над палянаю, нібыта чайка, якая цікуе здабычу.
А потым, праз два гады пасля таго, як мы пакінулі Зямлю, наш катэр паціхеньку знізіўся і без адзінага штуршка апусціўся на сярэдзіну плато, зялёная трава якога нагадала мне нашыя нармандскія раўніны.
Раздзел IV
Апусціўшыся, мы досыць доўга сядзелі моўчкі і нерухома. Гэта, магчыма, дзіўна, але нам трэба было сабрацца з сіламі. Мы пайшлі на справу, у тысячу разоў больш незвычайную, чым падарожжы сама першых зямных мараходаў, і трэба было падрыхтавацца як след да сустрэчы з рознымі нечаканасцямі, пра якія з пакалення ў пакаленне марылі паэты, што апявалі міжзорныя пералёты.
Неверагодна, але мы адразу ж трапілі на планету, на якой былі, як і ў нас, і акіяны, і горы, і лясы, і палі, і гарады, і, натуральна, іх жыхары. Аднак, улічваючы, што, перш чым апусціцца, наш катэр праляцеў над джунглямі вялікую адлегласць, можна было меркаваць, што цяпер мы далёка ад цывілізаваных раёнаў.
Нарэшце мы вырашылі дзейнічаць. Надзеўшы скафандры, асцярожна прыадчынілі ілюмінатар. Ніводнага подыху ветру. Паміж унутраным і знешнім атмасферным ціскам — аніякае розніцы! Вакол паляны быццам мурамі якойсьці крэпасці ўзвышаўся густы лес, нерухомы, маўклівы — нішто не парушала поўнага спакою, які тут панаваў. Было дужа горача, але можна было цярпець: каля дваццаці пяці градусаў па Цэльсію.
Мы выйшлі з катэра разам з Гектарам. Напачатак прафесар Антэль вырашыў яшчэ раз зрабіць аналіз паветра. Вынік абнадзейваў: састаў паветра зноў быў той самы, што і на Зямлі; хіба што розніліся крыху прапорцыі рэдкіх газаў. Аднак мы вырашылі на ўсякі выпадак пачаць праверку паветра на практыцы з шымпанзэ. Калі з Гектара знялі скафандр, ён быў неверагодна шчаслівы і цудоўна сябе пачуваў. Апынуўшыся на волі, шымпанзэ нібыта ап'янеў. Зрабіўшы колькі скачкоў, ён кінуўся ў лес, узляцеў на дрэва і памчаўся далей, пераскокваючы з галіны на галіну. Неўзабаве ён зусім знік з нашых вачэй, згубіўшыся ў лістоце, нягледзячы на ўсе нашы заклікі.
Тады мы таксама знялі скафандры. Стала, вядома, ямчэй і ісці і перагаворвацца. Але гукі нашых галасоў, пачутыя натуральнымі, а не трансфармаванымі, як у скафандры, усё-такі збянтэжылі нас; мы баязліва ступілі колькі крокаў ля катэра, не асмельваючыся адысці ад яго.
Але сумненняў у тым, што мы апынуліся на планеце, якая даводзілася сястрою-двойняю нашай Зямлі, ужо не было. Расліннасць тут была вельмі пышная: асобныя дрэвы сягалі ў вышыню на сорак метраў і болей. А неўзабаве мы прыкмецілі і першыя жывыя істоты: буйныя чорныя птушкі луналі ў небе, бы каршуны, а іншыя, драбнейшыя, вельмі падобныя на папугаяў, з піскам ганяліся адна за адною.