– Чаму? – спыталася адна з іх. – Гэтыя таксама дужа моцныя. Дакладна мацнейшыя за вашыя баваўняныя. І на нагах пекна ляжаць.
Набыў я дзве пары панчохаў і пытаюся пра падвязкі. Бо дзе ж там Дуняша гумы на падвязкі набудзе? А яна сказала, што зараз гумы на падвязкі ў іх няма. І што ўвогуле мала хто падвязкі носіць.
– Дык як вы панчохі носіце, каб яны ўніз не асоўваліся?
А яна як пачала смяяцца. Потым старэйшая, гэткая кплівая, кажа:
– Зараз я вам пакажу.
Выцягнула з шуфляды нейкую ружовага колеру прыладу і на сабе, на бёдрах зашпіліла. Потым тлумачыць мне:
– Гэта пас называецца. А да тых гумак збоку прышпіляюцца панчохі. Гэта лепей за падвязкі, бо не сціскае ног і панчохі не моршчацца.
Набыў я і пас. За ўсё чэсна заплаціў і пайшоў дадому. Расклаў там гэтыя рэчы на ложку, на стале, на стуллях і вачам сваім не веру: такое ўсё пекнае! Так, раскошна жылося буржуям і буржуйкам у той іхняй імперыялістычнай Польшчы!
Назаўтра я спакаваў гэта ўсё ў скрынку, напісаў хімічным алоўкам адрас і прозвішча Дуні і панёс пакунак на пошту… Ледзьве нават не адаслаў, але – на шчасце – у апошнюю амаль секунду апамятаўся. “Што я раблю?! Калі Дуняшка гэтыя рэчы атрымае (а раптам такое здарыцца) і надзене іх, дык пра яе не толькі ўвесь калгас будзе мянціць, але і НКВД даведаецца… Пачнуць дапытваць, адкуль гэта, як і што? Можна, натуральна, растлумачыць, што нарачоны з Польшчы даслаў. Але адкуль ён усё гэта ўзяў?… Набыў… Але ў каго?… У буржуяў… Гэта значыць…
Я скончыў на гэтай думцы і адчуў, як адразу ўвесь мокры зрабіўся ад поту… Вось, здурнеў я зусім, жывучы між буржуяў! Гэта ж я маю каханую Дуняшку мог згубіць, а можа, і сябе з ёю разам! На шчасце, своечасова апамятаўся, з пошты выслізнуў і паціху, бакавымі вуліцамі, вярнуўся з тым клятым пакункам дадому. Садраў са скрынкі паперу з адрасам і спаліў яе. А пакунак пад ложак у кут запіхаў. Толькі тады супакоіўся.
19 снежня 1939 года.
Ліда.
Даўно я ўжо не пісаў, але і часу не дужа маю на гэта. Зрэшты, і нічога надзвычайнага не адбываецца. Польская буржуазія ўзорна ўціхамірана. Тая ж, што яшчэ ацалела, сядзіць ціха па кутах, а наша геройскае НКВД яе патроху ліквідуе. Урад наш вярнуў вольнасць беларусам і велікадушна абараніў іх прыняццем у Савецкі Саюз. Зараз – па самы Буг і нават за Буг – нашае ўсё. Літва атрымала адабраны ў яе польскімі панамі Вільнюс і дужа ўдзячная за гэта нашаму ВЯЛІКАМУ Сталіну. Словам: паўсюль планава ўведзены парадак, свабода, культура, дабрабыт і справядлівасць. Сацыялізуем што можам і дзе можам – па камуністычнаму.
Нядаўна я купіў сабе яшчэ адзін гадзіннік. Але не ў краме, а ў знаёмага Ліпы, таксама рабацягі, якому грошай на гарэлку не хапіла. Цяпер кожны, хто толькі на мяне зірне, адразу бачыць, што важная персона, бо пры двух гадзінніках ходзіць. А як жа! Дужа гэта прыемнае самаадчуванне. Так.
Акрамя таго я маю сапраўдны чамадан, амаль зусім новы, з двума замкамі і медзянымі акоўкамі на рагах. Купіў таксама сабе хромавыя боты англійскага фасону, з раменьчыкамі пад каленам. Нядаўна я апрануўся фасонна і з чамаданам у руцэ з дзве гадзіны перад люстрам стаяў, на сябе глядзеў і наглядзецца не мог. Так, можна сказаць, што на знакамітую асобу выглядаю. Толькі ростам я замалы і нос троху прыплюснуты. Але акрамя гэтага ўсё выдатна! Штаны з французскім галіфэ, з нямецкага сукна пашытыя; боты, англійскага фасону, ільсняцца, як зоркі на савецкім штандары; гадзіннікі швейцарскія: тык-так!… тык-так!… Адзін у кішэні, другі на руцэ. Няма што казаць: гожа прыфранціўся! Вось каб так убраным і з чамаданам у руцэ вараціцца ў Паўлова і пайсці вуліцаю на прагулку! Вось бы людзішкі глядзелі і здзіўляліся! Усё бы мястэчка збеглася, каб мяне пабачыць. Так, высока я зайшоў дзякуючы савецкай уладзе і нашаму ВЯЛІКАМУ Сталіну.
Прыглядаюся я, як жывуць Ліпы, і дужа здзіўляюся. Добра ядуць, чыстыя ходзяць і ўласны дом маюць. Чатыры асобы ў трох пакоях пражываюць. І паўсюль фіранкі, кветкі. А ў адным пакоі я нават сапраўдны патэфон заўважыў. Даю камуністычнае слова гонару, што не хлушу!… Не магу я паверыць таму, што Ліпа чэсным чынам да такіх багаццяў дайшоў! Не, зараз ён рабочы, што праўда, дык праўда. Я пераканаўся. Але каб уся сям’я з ягонай працы магла жыць у такой раскошы, дык у такую байку я ніколі ў глуздым стане не паверу.
Жонка Ліпы мае гадоў каля сарака. Але кабета нічога сабе: тлустая. Спачатку я іхняй старэйшай дачцэ вочкі рабіў. Гожая панна. Юлькай завуць. Высокая, зграбная, цыцкастая і ў азадку мажная як мае быць. А апранаецца як кінаакторка. Нават капялюш часам ускладае і розныя там польты і жакеты мае. А таксама парасон. Нават гадзіннік на ланцужку аднойчы ў яе заўважыў. Вось, думаю сабе, каб мне такую падчапіць! Таму пачаў я ёй какетстваваць. То яе локцем штурхну, то на нагу наступлю праходзячы, то міргну ёй шматзначна… Нашай бы такога адразу хапіла. За гонар бы вялікі палічыла, што чырвоны афіцэр зрабіў ласку яе сваёй увагай удастоіць. А тая ніяк– пысу вароціць. Дык я ёй аднаго разу, пад вечар, дарогу на двор заступіў і кажу вельмі палітычна:
– Можа, пойдзем сёння ў чыгуначны клуб на фільм. Я білет прастаўлю.
– Дзякуй, – кажа яна. – Не цікавяць мяне вашыя клубы і фільмы. Між іншым я бачыла, што сюды вашыя саветкі прыехалі і ў салдацкіх мундзірах ходзяць. Можаце сабе якую з іх запрасіць.
– Не хочаце, – кажу я, – дык і не трэба. Лепшую знайду.
А яна гаворыць:
– Хоць сто адразу.
Адштурхнула мяне і пайшла. Я здолеў бы інакш з ёю паразмаўляць. Хлопцы шмат апавядалі, як з такімі буржуйкамі трэба дзейнічаць. Але я меў паблажку да Ліпы і да ягонага пралетарскага паходжання. Акрамя таго бачна, што ён чалавек такі, што і па пысе ўваліць здолее. А я неяк не дужа люблю, калі мяне па пысе б’юць. Далікатную натуру маю.
1 студзеня - лістапада 1940 года
1 студзеня 1940 года.
Ліда.
ВЯЛІКАМУ Сталіну ура! ура! ура!
Пачаўся Новы год. Задумаўся я над тым, чаго б я пажадаў для сябе ў Новым годзе. Дык вось, найвялікае маё прагненне: памерці ў славу нашай святой Расіі, у асобе яе геніяльнага правадыра Сталіна. Уяўляю гэта сабе такім чынам: з’яўляюся смяротна параненым у бойцы з англійскімі крыважэрнымі паслугачамі капіталістаў і ляжу ў шпіталі… Ведаю, што памру, але ведаю і тое, што ўласнаручна забіў некалькі дзесяткаў англійскіх імперыялістаў і здабыў штандар іхняга палка. Так. Дык вось, ляжу і паміраю… Шкода мне развітвацца з жыццём, бо – вядома – ужо і два гадзіннікі маю, і чамадан, і боты хромавыя. Але ведаю, што і пасля смерці, калі наша магутная Расія апануе ўвесь свет і будзе ім кіраваць, сістэматычна ліквідуючы рэакцыйныя элементы – маё імя будзе высечанае залатымі літарамі на мармуровай шыльдзе як імя героя Сусветнага Савецкага Саюзу. Так.
Вось ляжу я і канкрэтна паміраю. Мне прапануюць катлеты ды іншыя такія ўсялякія каўбасы, але я – не… нават увагі на ўсё тое не звяртаю. У гэты момант адчыняюцца дзверы і ў палату ўваходзіць магутна ўзброены атрад НКВД. Атачылі ўсе вокны і дзверы і трымаюць зброю напагатове. Потым з’яўляюцца самі маршалы і генералы, і робяць шарэнгу ад дзвярэй да майго ложка. А я нічога: ляжу і паміраю… Потым… потым… паказваецца ЁН!… Мой правадыр!… Сонца Расіі і свету… Ён… таварыш Сталін… Я зрываюся з ложка, станаўлюся смірна і крычу: “Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!” А ЁН набліжаецца да мяне і кажа:
– Кладзіся, Міхаіл Мікалаевіч. Досыць напрацаваўся ты ў славу нашай святой Расіі.
Сціскае мне далонь і сядае на ложак. Потым дастае з кішэні бутэльку “спецыяльнай маскоўскай” і налівае мне шклянку гарэлкі (сабе таксама) і кажа:
– Вып’ем, таварыш, за згубу подлай Англіі і за здароўе нашага адданага сябра Адольфа Гітлера.
Ну, выпілі, закусілі, а потым ЁН пытаецца:
– Як пачуваешся?
– Паміраю, – паведамляю я, – баценька любы.
– Гэта нічога, глупства, – кажа, – затое імя тваё будзе несмяротнае. Можаш сабе паміраць спакойна.
– Слухаюся, – адказваю я, – правадыр мой любы.
І чую, што паміраю, паміраю і паміраю… у абдымках Сталіна.