Выбрать главу

Даў я ёй супакоіцца і адышоўся, хаця было вельмі цікава: якім чынам такая гідкая і ардынарная дзеўка была ўзнагароджаная ордэнам такой вялікай польскай патрыёткі і найвялікшай пісьменніцы свету Ванды Васілеўскай? Потым маёр (цяперашні палкоўнік) мне растлумачыў:

– Гэта вялікая рэвалюцыянерка і ахвяра гестапаўцаў. Мы вызвалілі яе з турмы, дзе сядзела ў немцаў па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Савецкага Саюза. Трымалі яе ў турме амаль тры гады. Нейкі савецкі здраднік данёс на яе ў гестапа, што яна працавала на карысць нашай разведкі. Але яна трымалася гераічна і нічога немцам не паведаміла. Таму яе прызналі “нязломнай”, узнагародзілі ордэнам і, як асобу з выключна высокімі сацыялістычнымі маральнымі якасцямі, прызначылі старшынёй Аддзелу Апекі над Маці і Дзіцем пры тутэйшым Гаріспалкоме[6]. Цяпер яна можа зрабіць вялікую кар’еру, бо нашы ўлады звярнулі на яе асаблівую ўвагу і цэняць яе вельмі высока.

Вельмі прыкра мне зрабілася, што я сваім даносам на Ірку ў гестапа не толькі не нашкодзіў ёй, але і велізарна яе ўзнёс. Але хто ж такое мог прадбачыць?

7 снежня 1944 года.

Вільнюс.

Маёр цяпер – як я ўжо пісаў – палкоўнік і атрымаў пасаду начальніка НКВД у Вільнюсе. Да мяне ён ставіцца вельмі добра і больш не было выпадку, каб я ад яго па пысе атрымаў. Зрэшты, і я цяпер не абы-якая постаць. Я ж не толькі герой Савецкага Саюза, адзначаны высокімі ордэнамі, але і капітан Чырвонай Арміі.

Нядаўна маёр выклікаў мяне да сябе і спытаўся:

– Хочаш быць начальнікам раённай міліцыі? Гэта вельмі важная пасада. А паколькі добра ведаеш мясцовасць і насельніцтва раёну, дык гэта пасада для цябе цалкам адпаведная. Падначальваўся б непасрэдна мне. Арганізаваў бы належным чынам народную міліцыю. Меў бы для дапамогі тых польскіх камуністаў, якія былі ў нашым партызанскім атрадзе.

Я вельмі ўзрадаваўся той прапанове і з вялікай удзячнасцю яе прыняў. Гэта давала мне магчымасць самастойна і з карысцю працаваць дзеля шчасця пралетарыяту і Савецкага Саюза. І на фронт, дзе можна лёгка загінуць, мяне ўжо не маглі паслаць. Акрамя таго, я мог праводзіць ліквідацыю ворагаў працоўнага люду, якімі, несумненна, з’яўляюцца ўсе палякі. А такія ліквідацыі могуць быць вельмі карыснымі таксама і для таго, хто іх праводзіць. Таму я адказаў наступным чынам:

– Таварыш палкоўнік! Ахвотна прымаю гэтую прапанову і дзякую за гонар, адзнаку і давер. Буду намагацца нішчыць ворагаў Савецкага Саюза на гэтай пасадзе не менш старанна, чым у часе нашага супольнага змагання.

Палкоўнік загадаў мне ўладкаваць мае справы ў Вільнюсе і праз тры дні з’явіцца да яго па дакументы і інструкцыі. А потым я мусіў выехаць у райцэнтр для прыняцця пасады.

Адплацілася мне, аднак, тое, што я быў нязломным камсамольцам і сынам нашай святой Расіі. Быў шчодра ўзнагароджаны за маю безгранічную адданасць БАЦЬКУ Сталіну і камунізму!

1 студзеня 1945 года

1 студзеня 1945 года.

Вільнюс.

Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!

З 15 снежня я – начальнік раённай міліцыі. Арганізаваў ужо больш за дзесяць пастарункаў у раёне. Маю ў сваім распараджэнні асабісты аўтамабіль і шафёра. Карацей: я цяпер ВЯЛІКІ чалавек і велізарная асоба.

Зрабіў я, карыстаючыся інфармацыяй ад польскіх камуністаў, некалькі спісаў ворагаў працоўнага люду і даслаў іх у НКВД для прыняцця рашэння і ўрэгулявання. Аказалася, што ўсё тутэйшае насельніцтва, акрамя сем’яў камуністаў і іх сяброў, па-прафашысцку настроенае і рэакцыйна арыентаванае. Таму будзе шмат працы з арыштамі, высылкамі ў лагеры і іншыя аддаленыя месцы Савецкага Саюза. Але цяпер трэба будзе рашуча ачысціцца ад тых контррэвалюцыйных элементаў.

22 снежня я атрымаў ад начальніка НКВД з Вільнюса загад: знайсці ў раёне адпаведны маёнтак дзеля арганізацыі “падсобнага хазяйства”[7] для НКВД. Мне адразу прыйшоў у галаву маёнтак пані Юзэфы. Ён зручна размешчаны. Мае добрыя зямлю і будынкі. А жывы інвентар можна будзе ў навакольных мужыцкіх гаспадарках сацыялізаваць. Зрэшты, адразу далучыць да маёнтку пані Юзэфы некалькі суседніх мужыцкіх гаспадарак. Такім чынам, і маёнтак павялічыцца, і будзе добра ўсім забяспечаны. Гаспадарку Малугаў трэба будзе далучыць у першую чаргу, бо яны маюць добрых коней і кароў.

Удзень 24 снежня я арганізаваў выправу ў тую мясцоваць для ліквідацыі рэакцыянераў і забеспячэння маёнтка для НКВД. Такія справы трэба ўрэгулёўваць неадкладна. Узяў я з сабою грузавік і сем міліцыянераў аховы. А сам паехаў першым на асабістым аўтамабілі. У першую чаргу заехалі мы ў маёнтак Буркі. Пані Юзэфа выйшла з дому на двор, і было бачна па яе фашысцкай пысцы, што яна вельмі спалоханая. Я выйшаў з аўтамабіля і іду да яе. Праз некаторы час яна пазнала мяне і крыкнула радасна:

– Мішачка, ці гэта я цябе бачу?! Я думала, ты загінуў і плакала па табе!

Тады я сказаў ёй колка:

– Няма тут ніякага Мішачкі, а ёсць капітан Зубаў, начальнік раённай народнай міліцыі. Прыехаў сюды рабіць рэвізію!

Яна збляднела. Глядзіць на мяне, быццам вачам сваім не верыць, і нічога не кажа. А я сказаў ёй ісці ў дом. Узяў з сабой двух міліцыянераў. Калі ўвайшлі ўнутр, я сказаў ёй:

– Прашу неадкладна выдаць мне схаваную зброю!

А яна адказала:

– Няма ў мяне ніякай зброі!

– Няма? – пытаюся я.

– Няма, – паўтарыла яна.

Тады я як трэсну яе ў пысу, як крыкну:

– А браўнінг мужа, які, подлая гадзюка, сама мне паказвала, дзе?

Аддала яна мне браўнінг. Тады я пачаў яе аб іншых справах распытваць. Найперш аб кантактах з загранічнымі рэакцыяністамі з дапамогай радыё. Яна заўпарцілася. Але ізноў атрымала ў пысу. А радыё я сам са схованкі за печкай вынуў, бо яна нават не падазравала, што я ведаю, дзе яна яго хавала. Радыё гэта вельмі мне прыдасца, бо менавіта аб нечым такім я марыў.

Яна мне кажа:

– Дык гэта так, Мішачка, ты аддзячваеш мне за тое, што я цябе тры гады, рызыкуючы сама, ад немцаў хавала і як да сына да цябе ставілася! Казаў шмат разоў, што да смерці будзеш мне ўдзячны за маю дабрыню і ахвярнасць!

Дык я яе яшчэ раз у пыску трэснуў.

– Маўчы, подлая рэакцыяністка! – крыкнуў ёй. – Такіх як ты трэба як клапоў нішчыць, бо нічога ад вас, апроч здрады Савецкаму Саюзу, нельга чакаць!

Зрабілі мы пільны вобыск ва ўсім маёнтку. Я добра ведаў, дзе што трэба шукаць. Потым напісаў пратакол вобыску і пералічыў галоўныя пункты абвінавачання:

1. Муж у Англіі.

2. Укрыванне дэзерціра Чырвонай Арміі.

3. Захаванне зброі.

4. Падтрыманне кантакту з заграніцай з дапамогай радыё.

5. Дапамога дзейнасці партызанаў.

6. Кантакты з немцамі, дзякуючы веданню нямецкай і французскай моў.

7. Падтрыманне сувязі з падпольнай арганізацыяй у Вільнюсе.

8. Фашысцкая агітацыя.

9. Падробка дакументаў.

10. Распаўсюджванне рэлігійных забабонаў.

11. Ачарненне Савецкага Саюза.

12. Усхваленне фашысцкіх уладаў Англіі, Амерыкі і Францыі.

13. Буржуйскае паходжанне.

Пратакол гэты пані Юзэфа падпісваць не пажадала. Рашуча адмовілася. Сказала, аціраючы рукамі з твару кроў:

– Можаце рабіць са мной усё што хочаце, але я гэтай хлусні не падпішу. Тут ўсё хлусня.

Я папярэдзіў яе, што, выказваючы зацвярдзелую рэакцыйнасць, яна яшчэ болей абцяжарвае сваё становішча. Потым апячатаў яе маёнтак і рэчы ў ім. А пані Юзэфу сказаў міліцыянерам усадзіць у грузавік і добра пільнаваць, каб не ўцякла. Пасля мы паехалі да Малугаў. Удала заспелі ўсю іх сям’ю за сталом. Акурат елі вігілійную вячэру. Я гэта прадбачыў і таму адмыслова выбраў дзень 24 снежня для майго візіту. Антося як убачыла мяне, дык кінулася мне на шыю.

– Мішачка, каханы! Я так моцна па табе ссумавалася і столькі страху аб цябе мела!

Але я адсунуў яе ўбок. Потым загадаў усім устаць і ўзняць рукі ўгору. Затым асабіста абшукаў усіх прысутных і пачаў з імі расправу.

Стары Малуга ўвесь час не мог паверыць, што я раблю гэта сур’ёзна. Але атрымаў пару разоў кулаком у зубы і некалькі ўдараў прыкладам карабіна, таму паверыў і змоўк. Выцягнулі мы схаваную ў стайні зброю, а потым пайшлі ў бункер у лесе. Там знайшлі палявы тэлефон і яшчэ шмат зброі і амуніцыі. Наладавалі гэта ўсё ў грузавік. Старога Малугу і ягоных сыноў, надзейна звязаных як асабліва небяспечных злачынцаў усадзілі ў грузавік.

вернуться

6

Гарадзкі Выканаўчы Каммэт (заўвага аўтара).

вернуться

7

Падсобнае хазяйства - дапаможная гаспадарка (заўвага аўтара).