Пакінуў я на месцы двух дачок Малугі, каб было каму гаспадарку даглядаць у сябе і ў Бурках. Для нагляду за імі вылучыў двух міліцыянераў. Сказаў ім, што калі будзе ім тут сумна, дык могуць сабе з дзяўчатамі пабавіцца.
Галоўныя пункты абвінавачання Малугаў наступныя:
1. Захаванне зброі.
2. Партызанская дзейнасць.
3. Распаўсюджанне рэакцыйнай прапаганды.
4. Ачарненне Савецкага Саюза.
5. Фашысцка-капіталістычная прапаганда.
6. Распаўсюджанне рэлігійных забабонаў.
7. Веданне ўладаром гаспадаркі англійскай мовы.
8. Ухіленне ад службы ў Чырвонай Арміі сыноў Малугі.
Зранку я выслаў іх пад моцнай аховай у турму пры НКВД у Вільнюсе. А асноўны рапарт і пратаколы даслаў як зусім сакрэтныя дакументы ва ўласныя рукі начальніка НКВД. Цяпер я ўпэўнены, што пані Юзэфай і Малугамі нашыя ўлады будуць апекавацца належным чынам! Вось.
Такім чынам, энергічна і годна, распачаў я сваю новую дзейнасць на славу Расіі і ВЯЛІКАГА правадыра чалавецтва Сталіна, а таксама дзеля перамогі камуністычнай партыі ва ўсім свеце.
КАНЕЦ ЗАПІСАК