Выбрать главу

Усеўся я і назіраю. І салодка ж, дрэні, жывуць! Усе чыста апранутыя, добра абутыя, мяса жаруць, чай з цукрам п’юць, і гэтае іхняе ма-ас-ла на стале заўважыў. А рабочыя і сяляне, напэўна, з голаду канаюць. Але я не гаварыў ім пра гэта, толькі сказаў:

– Я сёння гадзіннік купіў. Найлепшай у свеце фірмы. “Амега” называецца.

Паказваю руку. Дворнік акуляры ўсадзіў і ўзіраецца.

– Так, – гаворыць ён. – Сапраўдная “Амега”. Я таксама меў некалі “Амегу” на руку. Але мне нязручна было падчас работы. То вугаль са склепу нашу, то дровы рублю. Лёгка можна пашкодзіць. Дык я сабе кішэнны “Цыме” набыў, а “Амегу” старэйшаму сыну аддаў. Ён тады ў школу хадзіў. Таксама мусіў час ведаць… Шмат заплацілі?

– 120 рублёў.

– Цана адпаведная. А гадзіннік нічога сабе, добры.

Пасядзеў я ў іх троху і пайшоў. Не выпадала мне, бальшавіку, з буржуямі блытацца. Уся сям’я пры гадзінніках. А яшчэ адзін, вялікі, на сцяне вісіць. А другі, акруглы са званочкамі, у куце на століку стаіць. Дворнік!…

9 кастрычніка 1939 года.

Вільнюс.

Устаў я сёння раніцай і першай справай на гадзіннік паглядзеў. А ён другую паказвае. Што за чорт? – думаю я. Патрос яго, але ён нічога – не функцыянуе. Вось і надуў мяне буржуйскі гадзіншчык! Трэба было “Кіраўскі” набыць. Я дужа знерваваўся і нават на каўбасу апетыт страціў. Толькі апрануўся як мага хутчэй, пісталет прыладаваў і адразу да гадзіншчыка валю. Прыходжу і, не вітаючыся, паведамляю яму з месца:

– Што гэта за кпіны? За такую пацеху я маю права зараз табе у лоб пальнуць! Гарантыю мне даваў на год, а гадзіннік на другі дзень спыніўся.

– Можа, стукнулі яго ці ўпаў?

– Я афіцэр і культурны грамадзянін Савецкага Саюзу. Ведаю, што гадзіннікамі на зямлю не кідаюцца. Толькі ты мне сапсаваны гадзіннік прадаў. Але гэта для цябе проста не скончыцца!

– Пакажыце, калі ласка, мне гадзіннік, – папрасіў гадзіншчык.

Даў я яму “Амегу”. Ён шкельца ў вока ўсадзіў, гадзіннік адчыніў і ўглядаецца. Потым пасміхнуўся гэтак яхідна і гадзіннік замкнуў. Затым галоўку на гадзінніку пальцамі ўзяў і пачаў яе круціць. Потым паслухаў і падае мне “Амегу”.

– Гадзіннік, – кажа, – у парадку, толькі трэба раз на дзень яго накручваць, бо механізм рухаецца спружынай.

Але я ўжо гэта і сам зразумеў. Але каб дрэнь не пацешылася, што нібыта ён такі мудры, дык я сказаў яму:

– У нас, у Савецкім Саюзе, лепшыя гадзіннікі накручваюцца электрычнасцю.

І з захаваннем маёй камсамольскае годнасці выйшаў з гонарам. Нават не развітаўся. Няхай нос да гары не задзірае!

Сёння пісьмо ад Дуняшкі атрымаў. Я дужа здзівіўся: яшчэ трох тыдняў на прайшло, як я ёй пісьмо напісаў, а ўжо маю адказ! Добра працуе наша савецкая пошта. Можа быць узорам для ўсяго свету. І канверт не пашкоджаны. Бачна, што цэнзура маім пісьмом нават не зацікавілася… Але потым аказалася, што пісьмо я праз аказію атрымаў. Знаёмы чыгуначнік у Вільнюс ехаў, вось Дуняшка яму пісьмо і дала. А ён тут проста прынёс яго. Шкада, дома мяне не заспеў. Але, можа, гэта і лепей. Заўсёды бяспечней не балакаць з чужым чалавекам. Пісьмо Дуні мне дужа спадабалася, таму я перапісваю яго даслоўна:

“Каханы мой Мішачка!

Мы моцна табой ганарымся, што ты так спраўна спаўняеш свой бальшавіцкі абавязак і граміш банды польскіх, фашысцкіх генералаў. Няхай не здзекуюцца, бандыты, над рабочым класам і не мардуюць пралетарыят. Я да цябе, мой герой каханы, на крылах як ластаўка паляцела б і тыя панскія, тлустыя брухі вілкамі для гною папратыркала б.

Толькі, пэўна, табе, мой бядак, галодна там? Я добра з кніжак і газетаў ведаю, што ў Польшчы заўсёды быў вялікі голад, такі, што людзі конскі гной, кару з дрэваў і зямлю елі. Толькі капіталісты там абжыраліся ўдосталь хлебам і салам. Акрамя таго бачыла я на вакзале эшалон таварных вагонаў, а на кожным вагоне быў вялікі плакат: “Хлеб для галадаючай Польшчы”. Даслала б табе, мой міленькі, сухароў, аднак два месяцы сама хлеба не ела. Але магу табе даслаць сушоных ягадаў. У гэтым годзе іх шмат было. Магу акрамя таго дадаць троху бульбы. Ты напішы шчыра. Калі трэба, дык я зараз жа дашлю.

А так увогуле ў нас усё ў парадку, толькі арыштавалі і саслалі ў лагер суседа нашага, Васіля Маргалава, за тое, што распаўсюджваў англійскую імперыялістычную прапаганду. Распавядаў, падлец, па п’яному, што нядоўга Савецкі Саюз будзе жыць у сяброўстве з Германіяй і што будзе з імі вайна. Хаця гэта наш далёкі крэўны, але мы зусім яго не шкадуем. Няхай не балакае такія глупыя рэчы.

Дасылаю табе паклоны ад усёй сям’і.

Кахаючая цябе навек,

Дуня”.

Шкада мне троху Маргалава, бо, вядома ж, уся яго сям’я будзе таксама за тое злачынства адказваць. І што з ім толькі адбылося! Хіба газетаў не чытаў альбо радыё не слухаў? Штодзённа ж пішуць і гавораць, што таварыш Сталін і канцлер Гітлер – два найвялікшыя сябры, Англія ж з’яўляецца кублом эксплуататараў і падбухторшчыкам вайскоўцаў. Няхай толькі Гітлер упарадкуе Польшчу, дык дабярэцца да той клятай фашысцкай Англіі, а таварыш Сталін, натуральна, яму дапаможа. Якая можа быць вайна паміж Савецкім Саюзам і братнім нямецкім народам?! Пра такое нават падумаць немагчыма, а ён, дурань, вярзе рознае глупства. Калі б мне па цверазяку гэта сказаў, дык я б сам яму ў пысу заехаў!… Ведаю, што англійскім агентам ён дык хіба не з’яўляецца, але па п’яному не ўмее трымаць язык за зубамі. Навучаць яго ў лагеры розуму! Так яму і трэба!

15 кастрычніка 1939 года.

Вільнюс.

Учора я заўважыў у горадзе і нашы савецкія крамы. А як жа: адразу дзве адчынілі. Няхай буржуі не думаюць, што толькі ў іх гандаль квітнее. Увайшоў я ў адну з іх. Цудоўна там: партрэты Сталіна, Леніна і розныя такія пралетарскія лозунгі вісяць. Нашы савецкія паненкі гандлююць. Кніжкі прадаюць. Гэта значыць, культуру пашыраюць. Я з імі прыемна паразмаўляў. Адна нават спадабалася мне, таму я спытаўся ў яе, ці магла б да мяне на ноч пераспаць прыйсці. Але яна адказала, што моцна шкадуе, але ўжо ўсе бліжэйшыя ночы мае занятымі. Шкада. Але цяжка: кабетаў нашых мала, хлопцаў жа шмат, а таму ўсіх не паспяваюць… Набыў я брашуру: ВЯЛІКІ ПРАВАДЫР ВЯЛІКАГА НЯМЕЦКАГА НАРОДУ і пайшоў. У другой краме заўважыў: ва ўсіх вокнах, шмат партрэтаў таварыша Сталіна. Дужа прыгожа выглядае. Увайшоў я і спытаўся пра кошт.

– Без рамаў, – адказваюць мне, – тры рублі. З рамамі пад шклом, 25 рублёў.

Я так сабе думаю: “Трэба купіць. Можа, раптам хто да мяне прыйдзе, дык адразу ўбачыць, што тут культурны чалавек жыве”. Спытаўся я таксама пра партрэт Гітлера. Варта б іх, каханых таварышаў, разам павесіць. Бо надта ж вялікія яны сябры і правадыры сацыялістычных народаў. Але мне адказалі, што яшчэ не прыслалі. Казалі даведвацца час ад часу.

Пайшоў я дадому. Партрэт Сталіна нёс так, каб кожны бачыў. Няхай буржуі дрыжаць перад абліччам нашага ВЯЛІКАГА правадыра. Прыходжу дадому і так сабе думаю: “Дзе б ЯГО, каханага БАЦЬКУ, павесіць?” Бачу ў куце, у найлепшым, можна сказаць, месцы, нейкая мадама вісіць. А як жа: у залатой сукенцы і ў кароне на галаве. Эге, думаю я сабе, гэта ж іхны буржуйскі святы абразок. Толькі зараз зразумеў. Гукнуў я Марыю Аляксандраўну і з вялікім абурэннем на абраз паказваю:

– Прашу неадкладна гэта адтуль прыбраць! Я культурны чалавек і не хачу чагосьці падобнага ў пакоі трымаць! Лямпачка няхай застанецца, бо чырвонага, пралетарскага колеру. Але мне не трэба вашай фашысцкай прапаганды і забабонаў!

Забрала яна свой абраз і вынесла, а я адразу на яго месцы нашага каханага ПРАВАДЫРА І ВУЧЫЦЕЛЯ павесіў. Увечары запаліў я перад партрэтам лямпачку. Прыгожа атрымалася. Чырвонае святло паўзло па партрэце нашага чырвонага правадыра пралетарыяту, а я сядзеў сабе ў мяккім крэсле і чытаў біяграфію Гітлера. Дужа ўсцешыўся, калі даведаўся, што ён быў некалі мірным мулярам. Гэта значыць, што таксама пралетарскага паходжання – як і наш каханы таварыш Сталін. А далей даведаўся, што і ён таксама ў сябе ў Нямеччыне сацыялізм увёў… Так: жыццё цудоўнае! Калі той, каханы муляр Гітлер, і наш БАЦЬКА Сталін разам пафарбуюць свет у чырвоны колер, вось будзе выдатна!