– Таварыш лейтэнант, прашу перайсці ў іншае купэ. Добра ж ведаеце, што малодшым афіцэрам нельга фамільярнічаць са старэйшымі!
– Слухаюсь! – адказаў я і выйшаў у купэ па другі бок калідора.
А там нейкая старуха з дваімі дзецьмі ехала і моцна падазроны тып мужчынскага роду ў высокіх ботах на нагах. Самі разумееце: хто можа мець боты з халявамі з сапраўднай скуры! Мы гэта добра ведаем!… Але нічога. Еду я сабе, і ў тое купэ, дзе быў папярэдне, зыркаю. Бачу, маёр Пятухоў на маё месца – насупраць той буржуечкі – перасеў і ва ўсю яе чаруе! То на гадзіннік паглядзіць, то цудоўны нікеляваны партсігар з кішэні дастане і папіросу запаліць… Але нічога, можа, і я да маёра даслужуся. Тады таксама здолею адпаведна нос задзіраць!
Мне было троху сумна ехаць аднаму, але неяк усё ж час ляцеў. У пэўны момант я заўважыў, што маёр Пятухоў прапануе папяросу той буржуйцы і штосьці ёй балакае. Але яна паглядзела на яго і, нічога не кажучы, у іншы кут купэ перасела. Я б за нешта падобнае адразу б у пысу біў! Павінна ганарыцца, што афіцэр Чырвонай Арміі саізволіў на яе ўвагу звярнуць!… У гэты момант я заўважыў, што яе бацька – тлусты капіталіст – устаў і зняў з сеткі партфель. Паставіў яго на калені і пачаў накрыўку адчыняць. А потым… бачу я: дастае жывадзёр з партфеля снарад і на маёра глядзіць. Запал у снарада бліскануў, а буржуй яго ўглыб сядзення паставіў і накрыўку партфеля зачыняе. Мне спачатку холадна зрабілася, а потым горача. Расшпіліў я кабуру і пісталет да паловы выцягнуў. Чакаю: што будзе далей? А буржуй па баках азірнуўся і руку ўзад па снарад працягнуў. Паставіў яго між каленяў і запалам маніпулюе. Зразумеў я, што не маю ані секунды часу для пакарання, бо не толькі маёр Пятухоў можа загінуць, але – калі снарад моцны – і я не ўратуюся. Тады я дзверы майго купэ ірвануў, на калідор выскачыў і буржую дзве кулі між вачэй уляпіў. Той ані пікнуў. Пачаў набок асоўвацца. А я снарад асцярожна схапіў і крычу маёру:
– Бачыце, таварыш, гэты буржуйскі пёс хацеў вас са свету звесці! Вялікае шчасце, што я гэта заўважыў і ў час яму перашкодзіў!
Маёр Пятухоў збляднеў і таксама за пісталет схапіўся. Загадалі буржуйкам у куце купэ сядзець. Адна з іх адразу страціла прытомнасць. А я са свайго купэ таго гнюснага фашыста прыхапіў і разам іх размясціў. Напэўна, быў іхнім хаўруснікам.
На станцыі ў Маладзечна я застаўся арыштаваных у вагоне пільнаваць, а маёр Пятухоў прывёў міліцыянераў з чыгуначнага пастарунку. Забралі яны арыштаваных і труп буржуя. Снарад жа я сам асабіста і ўласнаруч у пастарунак аднёс – як рэчавы доказ. Напісалі кароткі пратакол для НКВД і паехалі далей.
Праз тры дні вярнуліся ў Вільнюс. Маёр Пятухоў усім падрабязна апавядаў, як на яго замах зрабілі і як я яму жыццё ўратаваў. Усе казалі, што я павінен за гэта падзяку і ўзнагароду атрымаць, а можа, нават і прэмію таксама.
Такім чынам уратаваў я жыццё майго начальніка і знішчыў яшчэ адну фашысцкую гадзіну. Вось: прыемна быць карысным членам грамадства нашай вялікай сацыялістычнай Расіі.
Кастрычнік 1939 года.
Вільнюс.
Атрымаў я позву ў НКВД. Дужа ад гэтага ўсцешыўся. Бо адразу зразумеў, што датычыцца гэта маіх гераічных паводзінаў у цягніку. Цяпер я быў цалкам упэўнены, што ўзнагарода мяне не міне.
Назаўтра выправіўся ў НКВД. Запісаўся ў журнале, пакінуў у аховы пісталет і накіраваўся на другі паверх. Там пагрукаў у пакой нумар 99.
Адчыніў мне маёр, намеснік начальніка НКВД.
– Ага, гэта ўласна ты і ёсць лейтэнант Зубаў!
– Так точна. Малодшы лейтэнант Міхаіл Зубаў.
– Тая гісторыя ў цягніку на Маладзечна, гэта твая работа была?
Я з гонарам выпнуў грудзі, але сціпла прамовіў:
– Зрабіў толькі тое, што загадаў мне мой камуністычны абавязак.
У гэтую секунду ў дзверы пагрукалі. Маёр гукнуў:
– Уваходзьце!
У кабінет увайшоў нейкі дзівосна апрануты буржуй. Увесь чорны, быццам бы ў фашысцкай уніформе. А знізу штаноў не відаць, быццам ён толькі ў спадніцы.
“Што гэта за фокуснік?” – падумаў я сабе.
А маёр пытаецца ў яго:
– Па якой справе?
Чорны паказаў яму позву. Аказалася, што ён– каталіцкі ксёндз. Першы раз у жыцці я нешта падобнае ўбачыў. Шмат чуў і чытаў пра тых капіталістычных крывасмокаў, а таксама ў камсамольскіх тэатрах бачыў на сцэне, як здзекуюцца з пралетарыяту. Але асабіста, дзякуй Сталіну, нідзе не сутыкаўся.
Маёр загадаў мне стаць каля сцяны.
– Пачакай там! З табою будзе спецыяльная размова. А спачатку я з гэтым грамадзянінам разбяруся.
Потым звярнуўся да Чорнага:
– Значыцца, ты ксёндз?
– Так.
– А чым займаешся?
– Служу Богу.
– Богу служыш?… Гм, дзіўная работа!… Ну а з чаго ты жывеш? Дзе працуеш?
– Працую ў касцёле, а жыву з таго, што мне парафіяне даюць.
– Та-ак… – прамовіў маёр, – цікавы занятак… А распавядзі мне, ксёндз, ці не сорамна табе, даросламу і здароваму мужчыне, жыць з ашуканства і эксплуатацыі чалавечага глупства?
Ксёндз доўга маўчаў, а потым адказаў:
– У нас рэлігія ёсць прыватнай справай грамадзянаў. Ніхто нікога да яе не прымушае. У касцёл альбо да ксяндза ідуць тыя, хто хоча. Я жыву з таго, што мне дабрачынна даюць парафіяне, каторым служу як ксёндз. Яны ж і касцёл таксама ўтрымліваюць.
– Разумнік! – сказаў маёр і пачаў праглядаць паперы ў тэчцы, якая ляжала на стале. Я здагадаўся, што гэта справа Чорнага. Ужо мае яго на круку.
Потым маёр ізноў звярнуўся да ксяндза:
– У цябе начальнік ёсць?
– Мой начальнік гэта пан Бог.
– Твой пан Бог мяне не цікавіць. Нават адрасу ягонага не маю позву даслаць, каб прыйшоў сюды на допыт. Я ў цябе вось што пытаюся: хто табе выдае загады і хто табой кіруе?
– Я падначальваюся кансісторцыі, а парафія падначальваецца ксяндзу дэкану.
– А ён чым займаецца?
– Таксама Богу служыць…
– … А жыве, як і ты, з таго, што парафіяне дадуць, – паведаміў маёр і зрабіў мне “вока”.
Я выпрастаўся і з разуменнем рассмяяўся. Не вельмі гучна, але ж і не ціха. Акурат так, як належала ў такім выпадку.
– Так, – згадзіўся Чорны.
– Тады паведамі таму свайму дэкану, ці як ён там называецца, каб у пятніцу тут у мяне з’явіўся. Няхай прыйдзе дакладна аб адзінаццатай ранку, бо я чакаць не люблю, а жартаваць з сябе нікому не дазваляю!
Чорны хацеў выйсці, але маёр спыніў:
– Чакай! Дам для яго позву, бо інакш як ён сюды ўвойдзе?
Маёр накрэсліў некалькі слоў на бланку і даў яго Чорнаму.
– Бяры і ўбірайся. Ты мне зараз не патрэбны. Можа, іншым разам троху болей пабалакаем.
Маёр ізноў стральнуў мне вокам. А я ізноў у смех.
Чорны выйшаў, а маёр затэлефанаваў ахове:
– Зараз там польскі ксёндз прыйдзе. Аддаць яму дакументы і выпусціць.
Потым маёр да мяне звярнуўся:
– Тая гісторыя ў цягніку ў цябе атрымалася!
– Заўсёды і паўсюль як магу руплюся і камуністычную пільнасць выказваю.
– Але у тым выпадку ты троху перастараўся! Вось што.
– Чаму?
– Зараз я табе дакладна растлумачу.
Маёр падышоў да мяне і так трэснуў у пысу злева, што я ажно галавой аб сцяну грукнуўся. Ён дадаў яшчэ мацней справа і пайшоў у кут пакоя да шафы.
Я троху апрытомнеў. Пальцам з носа кроў выціраю і думаю сабе так: “Што на яго найшло? Б’е па-службоваму, значыцца, ёсць дастатковая падстава. Але якая? Можа, на мяне хтосьці штосьці накляпаў? Але хто? А найгорш тое, што нават не ведаю, у чым прызнацца? У якой правіннасці ці праліку?”