Выбрать главу

СЬЦЯПАН.

Чаму-ж гэта, сват, кажаш: "ваш" Адольф Быкоўскі? Такі ён наш, які і ваш каханенькі-родненькі, каб яго трасца змурдавала!

ПРАНЦІСЬ.

Глупства, пане добрудзею... вось-цо-да. Не да маей ён дачкі падлабуніваўся, але да тваей.

АГАТА.

Дык ты-ж, трухлявая калода, не аб тым пачаў... То ён аб шапцы, то ён тудэма-сюдэма, а самае важнае забыўся: пана Быкоўскага арыштавалі!

УСЕ 

(зьдзіўленые).

А!.. За што?!

АГАТА.

Кажуць, што падпісваў нейкі вэксаль і, памыліўшыся, тудэма-сюдэма, замест свайго прозьвішча чужое падпісаў.

СЬЦЯПАН.

А! бач яго! такі разумны здаваўся, а вось як памыліўся, каханенькі-родненькі!

АЛЬЖБЕТА.

І за гэтакую памылку чалавека арыштавалі!.. Вось за якое глупства цяпер можна папасьці ў вастрог.

ПРАНЦІСЬ.

Але, свацейка, глупства, пане добрудзею... Вы не маркоцьцеся. Спраўнік казаў, што яго хутка выпусьцяць.

СЬЦЯПАН.

А хто-б аб ім маркоціўся! Хай ён згіне-прападае гэтая падзікварта праклятая! І не ўспамінай больш аб ім, сват, бо злавацца буду, каханенькі!

ПРАНЦІСЬ.

А, добра што ўспомніў!.. Есьць кварта, пане добрудзею! (выцягвае з-за пазухі бутэльку). Ну, трымайся, сват! (пье і дае Сьцяпану). Свацейка, хадзі й ты да кумпаніі, выпьем хаўтурнага па пану Быкоўскім. (Паўзіраецца па хаце і раптам пабачыў Якіма да Паўлінку). А!!! а гэты... гэты як-жа, пане добрудзею, сюды папаў?

СЬЦЯПАН 

(крыху засароміўшыся, ня ведае што адказаць).

Ен... бачыш, каханенькі-родненькі, таго.. знакам тым...

АЛЬЖБЕТА.

Якім Сарока вось пасватаўся за нашу Паўлінку.

ПРАНЦІСЬ.

А вось-цо-да, пане добрудзею... Калі так, дык трэба, сват, рабіць запоіны!.. А покуль што.. (ля жонкі) гэй, баба! цягні з возу яшчэ пляшку, там у мяне ў саломе пад сядзеньнем зарыта.

АГАТА.

А табе, ты мачыляна пракляты, каб толькі была аказія напіцца, тудэма-сюдэма! (выходзе).

ПРАНЦІСЬ.

Глупства, глупства, пане добрудзею, вось-цо-да! А цяпер трэба выпіць за здароўе маладых. Ці смутак, ці радасьць - гарэлка ніколі не зашкодзіць!.. Ну, дык каб ім добра жылося і... вось-цо-да! (пье).

АГАТА 

(уваходзіць з бутэлькай; да Сьцяпана).

А народу-ж, сваток, сабралося шмат каля тваей хаты - з усей ваколіцы... Пытаюцца, ці праўда, што Якім пасватаўся за Паўлінку. Ня важацца зайсьці... Вось гляньце праз вакно!

СЬЦЯПАН.

Альжбета! Кліч усіх у хату... (падыходзіць да вакна). Хадзеце-ж, хлопцы, чаго да вакна прыклаліся, хадзеце ў хату!

АЛЬЖБЕТА 

(пры дзьвярох).

Хадзеце, родненькія, да нас! паскакаем ды пасьпяваем крыху.

Зьява 11.

Тыя-ж і хлопцы ды дзяўчаты (уваходзяць).

ЯКІМ 

(да Паўлінкі).

Я чуў, што ўчора, Паўлінка, ты скакала тут лявоніху з панам Быкоўскім, а цяпер пойдзем са мной. Манчыза я ня ўмею, а родную лявоніху патраплю ня горш за іншых. (Да музыкаў). Гэй музыкі! Грайце лявоніху!

(пяе):

Вось, Паўлінка, ты цяпер ужо мая, Скончылася наша гора і бяда. У каханьні перашкод ужо няма, Багаславіла нас бацькаўска рука.

ПАУЛІНКА 

(пяе):

За нікога з іншых замуж не пайду, Бо хлапца аднога толькі я люблю. А хлапец той, маладзец той, мой Якім, Я шчасьліва буду толькі з адным ім.

ПРАНЦІСЬ 

(пяе):

Глупства, пане добрудзею, вось-цо-да! Мне гарэлка лепш смакуе чымсь вада. Як гарэліцы пацягнеш добры цмок, Дык бяры пад паху бабу дый у скок.

АГАТА 

(пяе):

Ах, тудэма-ты-сюдэма-пьяніца, Табе толькі ў галаве гарэліца. То кабылу, то ён шапку загубіў,Бач, каб жонку ўласну зчасам не прапіў!

(Скачуць лявоніху)

Заслона.

Менск. 1921 г.