Выбрать главу

Андрэй плакаў і не адчуваў гэтага. Слёзы ліліся па яго шчоках, ён не заўважаў іх, не ведаў, што плача, толькі адчуваў, што ў грудзях стаіць нешта цвёрдае, цяжкае, пякучае, яно рвецца вонкі, падкочваецца да горла, сціскае яго. Плакаў першы раз у жыцці, бо нават у маленстве, калі біўся з аднагодкамі да крыві, калі маці лупцавала без жалю,— і тады не плакаў.

— І апошняе: не крыўдзі маці. Хапіла ёй за жыццё па вушы. Я не крыўдзіў. Жыццё нас карала ды крыўдзіла. Вас дзевяцера было ў нас, а асталося трое... Нялёгка нам было... І Яна слухай, пакуль сам на ногі не станеш, не адчуеш сваёй сілы, пакуль не будзеш упэўнены, што не памылішся... А цяпер дай я цябе перахрышчу.

Андрэй нахіліўся над бацькам. Стары перахрысціў яго тры разы, абняў за шыю і пацалаваў. Потым адкінуўся на падушку і сказаў:

— Як мне цяпер лёгка і добра.— Але голас яго стаў слабы і ледзь чутны.— У шафе, сынок, матчына настойка на вішнях стаіць... Улі мне лыжачку.

Андрэй прынёс бутэльку, наліў лыжку і падаў бацьку. Той выпіў і прашаптаў:

— Добра. Я табе хачу сказаць яшчэ... Не пі. Перад смерцю от так вып’еш.

Бацька заснуў. Дыханне яго было слабое, але роўнае і спакойнае. Хутка прыйшоў Ян, прачнулася маці, але Андрэй не мог легчы — ведаў, што сну не будзе.

У той дзень ён не пайшоў у поле. Сядзеў з Янам каля бацькі. Той усё спаў, і толькі пад поўдзень Ян крануўся яго лба і сказаў:

— Усё, Андрэй. Бацькі ўжо няма.

Ён выняў з-за пазухі свечку, запаліў яе і ўлажыў у мёртвую руку старога Юстыня.

У хату пачалі збірацца суседзі. Жанчыны плакалі, мужчыны спачувалі, толькі ў Андрэя не было слёз. Ён выплакаў ноччу ўсё, калі развітваўся з бацькам.

Пахавалі бацьку назаўтра падвечар. Андрэй прывёз папа, таго самага, у якога спавядаўся, Сулкоўскага, за адным прыхапіў і дзяка. За труной ішоў увесь засценак. Могілкі былі каля самых Жывіцаў і належалі абодвум засценкам. Калі прыйшлі на могілкі, там ужо чакаў цэлы натоўп жывіцкіх мужчын і жанчын. Сярод іх быў і Лукаш Асіеўскі, Ганнін бацька. Ён стаяў уперадзе, высокі і важны, і нібы свяціў усім сваёй вялізнай лысінай.

«Цесцем будзе, а бацьку ён табе не заменіць...» — успомніў Андрэй бацькавы словы.

Нават цяпер, калі на труну ўпалі першыя камякі зямлі, Андрэй не мог заплакаць. Ён пачуў злы жаночы шэпт:

— От шыбенік! Бацьку хавае — і хоць бы для людзей слязу пусціў.

Пазнаў па голасе Міхаліну, жонку Лявона Нарбутовіча.

— Ён, маладзіца, ужо даўно свае слёзы выплакаў. Не бачыш хіба, які ў яго твар. У яго ўсярэдзіне можа немаведама што робіцца.

Зноў пазнаў жонку Сымона Ашакевіча, Аўдолю. «Значыць, ёсць на свеце людзі, якія разумеюць, спачуваюць...»

  РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

Андрэй толькі тады вальней дыхнуў, калі кончыў сеяць жыта. Хапіла мазалёў за гэты час і самому і Алене. Не паспела бедная дзяўчына павесіць пад страху серп, як прыйшлося ўзяць у рукі сахор — накідаць гной, растрасаць яго на полі. Рукі загрубелі і парэпаліся. Плакала потай: «Каб бацька жыў, ці было б так...» Андрэй ведаў яе думкі, але не зважаў на іх. Яму было яшчэ цяжэй. Спаў па чатыры гадзіны ў суткі. Добра, што Тамаш памог намалаціць насення, а Ян — сеяць. Праўда, ён засеяў толькі адну ніву, другую прымусіў сеяць самога Андрэя.

— Кожны год я табе сеяць не буду,— сказаў ён.— Гаспадар павінен умець усё. Вучыся.

Андрэй сеяў, а Ян, прыдзірлівы і злы, ішоў услед і камандаваў мудрэй, чым бацька.

— Не так! — крычаў ён.— Спыніся! Не ў такт рукой махнуў!

Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце ўзарваўся.

— Ідзі ты к чорту! — зароў ён дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна.

— Што?! — здзіўлена запытаў той.— Што ты сказаў, абармот? Ты мо і з маткай так гаворыш? От здыму папругу ды як усыплю, то навучышся і сеяць і са старэйшымі гаварыць.

У Андрэя нават злосць прайшла пасля гэтых слоў.

Ён не мог уявіць, як бы гэта Ян лупцаваў яго папружкай.

Андрэй ужо думаў, што з яго ніколі не выйдзе сявец, як раптам адчуў, што ногі яго ступаюць у такт руцэ, а рука сыпле зярняты ў такт крокам. Аж стала неяк лёгка, прыемна, і, калі апусцела сяўня, ён пашкадаваў, што на некаторы час перарвецца гэты цікавы занятак. Бягом рынуўся да мяха, насыпаў у сяўню жыта і з ахвотай пачаў сеяць зноў. Ён забыў пра Яна і, выйшаўшы ў канец нівы, засмяяўся ад радасці, першы раз пасля смерці бацькі. Здзівіўся, калі ўбачыў каля сябе Яна. Значыць, ён увесь час ішоў за ім.