— Ну што, навучыўся? — запытаў Ян.— А ён тут мне... Не пакрычыш, дык не навучыш, а некатораму трэба і па карку даць. Я думаў — і ты без гэтага не абыдзешся. Але мы, Сташэвічы, такія...
Ён не дагаварыў якія.
— Даруй, братка Ян.
— А што ж больш рабіць! Дурням заўсёды даруюць, бо што з іх возьмеш. А Маргі сам засееш.
— Засею, але ты, Ян, падыдзеш паглядзіш.
Ян быў рад, што гэты непакора не можа без яго абысціся, і адказаў:
— Ну, дык і я ж там буду.
Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чакаў серады, бо конскі кірмаш быў якраз у гэты дзень.
У сераду раніцай ён зайшоў у хлеў з вязкай канюшыны — трэба было пакарміць коней перад дарогай. Гняды заржаў, пачуўшы гаспадара, і пацягнуўся мызай да канюшыны, а чорная пластом ляжала сярод хлява і не ўзняла галавы. Андрэй кінуў вязку і паспрабаваў узагнаць яе з месца. Яна павярнула галаву і зірнула сумнымі слязлівымі вачыма. І Андрэю здалося, што яна хоча сказаць: «Куды ты мяне гоніш? Ты і так мяне заездзіў. Скажы дзякуй, што ў час сяўбы не звалілася». Прачытаўшы гэты дакор, ён зразумеў, што нікуды сёння не паедзе. Чорная здыхае.
Не заходзячы ў хату, пайшоў да Яна. Той снедаў.
— Не ўстае, кажаш? — перапытаў Ян.— Значыць, канцы ёй прыйшлі. Ідзі пакліч каго-небудзь, і мы з Тамашом прыйдзем. Можа як падымем. Калі на нагах стаіць, то хоць з хлява выведзем, а то заваліцца, цягні тады падлу з хлява. А можа і ў поле як заклыпае. Добра было б, а то прыйдзецца на калёсы падымаць ды везці на конскі могільнік.
«Да каго тут пайсці?» — думаў Андрэй, выйшаўшы з хаты. А думаць не было часу, трэба было клікаць людзей, пакуль кабыла яшчэ не здохла. Сустрэў Нічыпара Мартыневіча, які, унурыўшыся, як свіння, ішоў па вуліцы і шаптаў пад нос малітву. «Не, гэтага не пазаву...»
Падыходзячы да двара Сымона Ашакевіча, пачуў голас Яўхіма Халусты, нахабны і адрывісты, як сабачы брэх.
— Ліха матары тваёй! — крычаў Халуста.— Што ж ты робіш? Ты ж улез у маю сядзібу! Ты ж, шэльма, паглядзі, куды ты пазаганяў гэтыя калы! У маю зямлю!
— Не, я на вашу зямлю не лезу,— спакойна адказаў Сымон.— Я гараджу па мяжы.
— Па мяжы? Дзе тая мяжа! Ты за мяжу залез!
«Паклічу Сымона»,— падумаў Андрэй і ўвайшоў у яго двор. Сымон гарадзіў плот ад Халуставага боку. Ён на сваім гародзе часаў калы, а на сваім двары вар’яцеў і падскокваў, сціснуўшы кулакі, Яўхім Халуста.
— Я да ўрадніка паеду,— крычаў ён, не зважаючы на Андрэя.— Я, ліха матары тваёй, сведак паклічу, не такіх, як ты, галадранцаў.— Тут ён змераў вачыма Андрэя так, нібы хацеў паказаць, што і ён належыць да галадранцаў.— Яны табе пакажуць, дзе мяжа!
— Я і без іх ведаю, дзе яна.
— Ты ж паўаршына маёй сядзібы адабраў. Бачыш хлеў?
— Бачу.
— Дык ты ж паўаршына майго хлява на сваю сядзібу забіраеш.
— Не, Яўхім Халуста. Гэта вы свой хлеў на паўаршына ў маю сядзібу ўвапхнулі. Толькі ён не мера. Гэты хлеў вы будавалі. А вунь бачыце свіран?
— Чаму я яго не бачу! Хіба я сляпы, каб не бачыць свайго свірна!
— Ну, дык яго будаваў Тодар Шымкевіч, а ён то ведаў, дзе мяжа. Мой плот акурат сыдзецца са сцяною таго свірна.
— Што ты мне Шымкевічам тыкаеш! — закрычаў
Халуста, налятаючы на Сымона, але той разагнуўся, і Халуста спыніўся насупраць яго са скрыўленым ад лютасці тварам.
— Асцярожней, сусед,— сказаў Сымон.— У мяне сякера ў руках.
— А-а-а! Дык ты мне сякерай пагражаеш! У суд падам! Во, і сведка ёсць! Сташэвіч, будзь за сведку! Ён хацеў мяне сякерай засячы!
— Не, я не буду тваім сведкам, Халуста, бо ніхто табе не пагражаў,— адказаў Андрэй, які ў гэты час нават забыў, чаго прыйшоў да Сымона. Ён толькі адчуваў, што трапіў у непрыемную гісторыю.
— А-а! — закрычаў Халуста.— Дык вы заадно, ліха матары вашай!
Сымон уваткнуў сякеру ў калоду, на якой часаў калы, і запытаў:
— Ты да мяне, Андрэй?
— Да цябе, Сымон... Хадзем, памажы мне кабылу падняць.
— А што з ёю?
— Ведама што, здыхаць хоча.
— То пайшлі.
— От які сусед мне папаўся, Андрэй,— гаварыў па дарозе Сымон.— Свінушнік пабудаваў, дык на паўаршына ў маю сядзібу ўлез. А якая ў мяне сядзіба! Шостая частка яго. Думаю, выгараджуся ад гіцля, а то ён і глыбей палезе, дык ён бачыш што! Кажа, што яго зямлю заняў. Тры яблынькі маю. Такі ж і ў мяне дзеці ёсць, няхай свой яблык з’ядуць, чым на людскіх дзяцей глядзець з зайздрасцю. А яблык такі і было ў гэтым годзе. То думаеш што! Ужо ні аднаго няма. Жывасілам паадрываў, разам з галлём.