Выбрать главу

У Андрэевым двары каля конскага хлява стаялі Ян з Тамашом і Ладымер Заяц. «Тамаш паклікаў»,— здагадаўся Андрэй.

Чорную сяк-так паднялі на ногі. Цяжка было ёй стаяць. Мужчыны доўга падтрымлівалі яе на вяроўках. Андрэй прынёс з хаты цёплае пойла, забеленае мукой. Кабыла ў ім толькі памачыла мызу. Яе памаленьку вывелі на двор. Тут чорная крыху падбадзёрылася. Нават страсянулася.

— Цяпер пільнаваць трэба, каб не лягла,— папярэдзіў Ян.— А то як ляжа, дык больш і не падымецца.

Сымон адвёў Андрэя ўбок.

— Што ты будзеш з ёю рабіць, Андрэй? — запытаў ён, чырванеючы і хаваючы вочы.

— Выведу на крыжавыя дарогі, няхай здыхае.

— І шкуры здымаць не будзеш?

— Я? — здзівіўся Андрэй.— Што ты, Сымон!

— Дык ведаеш... Можа б ты яе мне аддаў?..

— Нашто табе падла?

— Эх, Андрэй!.. Ты здзівіўся, калі я запытаў, ці будзеш шкуру здымаць... А я... я садраў бы з яе шкуру... Нейкі рубель і быў бы. Нашто яму прападаць... Усё роўна ваўкі ды сабакі расцягаюць... А мне гэты рубель...

— А людзі, Сымон...

— Што ўжо мне людзі, Андрэй!.. Кавалка хлеба мне ніхто дарам не дасць... А што каналупам празавуць, дык невялікая бяда... Мне дзяцей карміць трэба... А лякарствы! Хвароба як убілася ў хату, дык і не вылазіць...

— Бяры, Сымон.

— Аброць я табе прынясу.

Ян, Тамаш і Ладымер тым часам сядзелі на прызбе і размаўлялі.

Калі Сымон павёў чорную з двара, Ян паглядзеў яму ўслед і папракнуў Андрэя:

— Сам не мог завесці, людзей наймаеш. Рана панам стаў.

— Я яго не наймаў. Ён акурат у Маргі ідзе. Давай, кажа, завяду.

— Усё роўна! Твая кабыла. Ці мала яна табе паслужыла!

— Таму і шкада, Ян, весці яе на могільнік самому,— зманіў Андрэй.

— Ну, даволі,— прамовіў Ян.— Няма калі гаворку разводзіць. Запрагай каня,— звярнуўся ён да Андрэя.— У Старочын паедзем.

— І ты са мной, Ян! — узрадаваўся Андрэй.

— Вядома, паеду, бо ты там замест каня авечку купіш. Збірайся, а я тым часам схаджу торбачку вазьму...

Дамоў ехалі прыцемкам. Ноч надыходзіла цёмная, маўклівая, па-асенняму сумная і непрыветная. Здавалася, што кожны тэлеграфны слуп пры шляху гудзе бесперапынна і нудна, клічучы вятры і непагадзь, асеннюю слоту і холад.

Ззаду, прывязаная да воза, ішла кабылка каштанавай масці. Кабылка была нішто сабе, толькі худаватая. Ян агледзеў яе мо сто разоў, ледзь сам не ўлез у рот, каб добра разгледзець зубы. Купілі выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Важна было тое, што вясной яна павінна была ажарабіцца. Выпілі, вядома, барыш. Захмялелы Ян стаў добры і гаваркі.

— Ты казаў: купім каня. А скажы, што той конь! У цябе і так ёсць конь. Конь канём і будзе. А кабыла — зусім другая справа. Яна табе яшчэ гадоў пяць-шэсць паслужыць, а за гэты час двое-трое жарабят прывядзе. От табе і коні свайго заводу. Не вельмі добра от так па кірмашах ездзіць, бо, бывае, такую падлу купіш, што лепш бы тыя грошы на сметнік выкінуў.

Андрэй быў згодны з Янам. Але ён думаў пра другое. Ён думаў аб тым, што грошы, якія пакінуў бацька, падышлі к канцу. За чорную ён не ўзяў нічога, а за каштанавую аддаў амаль усе.

  РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Пасля Адэлі Арлоўскай — першага кахання — неяк апусцела яго сэрца і нікога не пускала. От і Ганна: два гады стаіць яна каля сэрца, але не ў сэрцы, не! А хіба можна параўнаць Ганну з Адэляй! Ні ў якім разе! Далёка Адэлі да Ганны, хоць яна і ў гімназіі вучылася. Таму і не хацеў Андрэй так ні за грош пакідаць гэтую дзяўчыну. Трывожыла яго і тое, што да Ганны ездзяць далёкія жаніхі, багатыя шляхцюкі, і стары Асіеўскі не запытае ў дачкі, пойдзе яна замуж ці не, аддасць за каго захоча. Андрэя ж ён наогул не любіць і менш за ўсё думае пра яго як пра будучага зяця.

Ад таго часу, як захварэў бацька, і пасля яго смерці Андрэй не хадзіў ні на вячоркі, ні на вечарынкі. Не толькі жалоба была таму прычынай. Штодзённыя клопаты не давалі спакою. Адзін пройдзе, другі заступае яго месца. Добра, што кабыла папалася ладная. Ян умее выбіраць коней! Андрэй назваў кабылу Каштанкай. Калі запрог яе ў плуг разам з Гнядым, то яны спачатку абнюхаліся, потым пагрызліся, але хутка памірыліся. Цяпер так ідуць у пары, нібы век разам хадзілі.

Андрэй ужо ўзяўся за клямку, калі маці спыніла яго.

— Куды ты, Андрэй? — спытала яна.

— Да Тамаша.

— Пачакай, сынок... Пагаварыць з табою хачу...— сказала яна, і відаць было, што гаворка, якую яна хоча распачаць, не вельмі прыемная яе сэрцу.

Андрэй вярнуўся, павесіў на цвік шапку і сеў.

— Я ведаю, мама, пра каго вы хочаце гаварыць. Пра Алену.