Маці вінавата кіўнула.
— Чаго Алена хоча?
— Яна нічога не хоча, сынок... Яна кажа, што цяжка ёй на мужчынскай рабоце... Што пасля смерці бацькі яна стала як парабчанка ў бацькавай гаспадарцы.
— От як! Значыць, яна хоча быць паненкай. Але ж нам маёнткаў бацька не пакінуў.
— Ды не, сынок...
— А якую мужчынскую работу яна робіць? Памагла мне перад сяўбой папар паскародзіць, жыта забаранаваць. А я не жаў разам з ёю, не рваў лён, не цёр той лён? Кожны год. Я ночы не спаў, насенне малаціў, а ўдзень за плугам ад раніцы да вечара. Конь і той ноччу адпачывае.
— Так то яно так, сынок...
— Не ў рабоце, мама, справа, як я бачу. Чаго яшчэ Алена хоча?
— Яна нічога не хоча, сынок... Яна толькі кажа, што бацька ёй нічога не пакінуў і яна зусім голая...
Андрэя ажно скаланула. Яму не вераць маці і сястра. Ён гатовы быў узарвацца, як тады перад Янам, але стрымаўся. Маці-то папраўдзе ні ў чым не вінавата, яна толькі пераказвае доччыны словы.
— Тата, калі паміраў, то пакінуў усё мне,— сказаў Андрэй як мага спакайней.— Ён мне верыў. Дык чаму ж вы — маці і сястра — не верыце мне? Я цяпер гаспадар у хаце, і калі і зраблю што-небудзь не так, як наказаў мне тата, то ён з магілы ўстане і прыйдзе патрабаваць ад мяне адказу.
Андрэй выйшаў у камору і прынёс скрутак, загорнуты ў кавалак палатна. Разгарнуўшы яго, паказаў маці.
— Гэта Аленін пасаг. Трыста рублёў. Тата не забыў пра яе. Ён усё жыццё збіраў гэтыя грошы, бярог іх і даручыў берагчы мне. Бо ён мне верыў! Але сястра мне не верыць. Я таксама не веру ёй. Не магу верыць! Таму беражыце гэтыя грошы вы.
— Сынок ты мой! — старая Аксеня заплакала.— Дзіцятка маё, хіба я табе не веру? Не вазьму я іх... Пакладзі іх там, дзе былі...
— Не, мама, вазьміце! Я ведаю, што дачка заўсёды бліжэй да матчынага сэрца, чым сын. Няхай яны будуць у вас. Пакажыце іх Алене. І не забудзьце сказаць, што гэты пасаг не для Грома! Чуеце, не для Грома!
Ён надзеў шапку і шпарка выйшаў з хаты. У галаве стаяла нейкая імгла. Прыкра і пагана было на душы. Яму не вераць. Ён стаў ворагам сваёй сястры і маці!.. За яго плячыма шэпчуцца, выдумваюць брудныя падазрэнні. І хто? Свае родныя, самыя блізкія. Праз пасаг, праз праклятыя грошы. Ніколі не думаў, што так будзе, што так можа быць. Значыць, можа! Грошы ўсё зробяць! Праз іх развальваюцца сем’і. Што, каб нейкая бяда прымусіла яго крануць гэтыя няшчасныя грошы. А хіба не можа быць такой бяды! Пажар або хвароба! Страшна падумаць... Пасаг! Сястра прыкончыла б яго за гэты пасаг.
Андрэй успомніў бацьку і да болю ў душы адчуў, якую цяжкую страту панёс. Бацька! Ціхі і маўклівы ён быў у сям’і, але ці пасмелі б яны так з ім гаварыць! Нават думаць пра такое не пасмелі б...
На дварэ стаяў сонечны дзень. У паветры плыло і плыло павуцінне. Яно краталася стрэх, галін, платоў і павісала на іх белымі кроснамі. Удалечыні, ахутаны ў смугу, віднеўся Маргоўскі лес, і здаваўся ён нейкім далёкім, нібы нарысаваным. І хоць свяціла сонца і прыветнае было яснае неба, але не было ў прыродзе той радасці, той жыццёвай прагі, якая бывае ранняй вясной. Толькі сады яшчэ радавалі позірк. Між густога лісця віселі жоўтыя антонаўкі і зялёныя бэры.
Андрэю не хацелася ісці па вуліцы, адказваць на запытанні цікаўных суседзяў: куды ты ідзеш, чаго, чаму? Паўгадзіны назад ён сам не ведаў, куды яму прыйдзецца ісці, а цяпер думаў, што пра гэта ведаюць усе. Так яно па сутнасці і было. Усе засцянкоўцы ведалі, што яму патрэбен парабак. На паўвалокі аднаго мужчыны-работніка было мала. Андрэй накіраваўся на прыгуменне, выйшаў на канец сядзібы і пакрочыў уздоўж платоў па малаезджанай дарозе.
На вуліцы ў Чыжэвічах — не то што ў Малінаўцы — было людна і ажыўлена. Тут людзі не хаваліся ў хатах адзін ад аднаго. Малінавец калі і выходзіў у нядзелю на вуліцу, то стаяў каля свайго двара. Рэдка было, што збіраліся двое або трое. Гаварылі стрымана, без смеху і жартаў. У Чыжэвічах было наадварот. Тут мужчыны стаялі гуртам, гаварылі моцна, з вострымі слоўцамі, з жартам і смехам.
Андрэю не было калі спыняцца, ён накіраваўся проста да Марціна Крываблоцкага. Пасля таго як прывёз яго да хворага бацькі, адчуў да гэтага чалавека нейкую даверлівасць. Сёння ішоў да яго параіцца. На вуліцы сустрэў Марцінавага брата Пракопа, запытаў, ці дома Марцін.
— Дома,— адказаў той.— Чытае «Ведамасці».
Марцін сапраўды быў у хаце адзін. У вайсковай гімнасцёрцы, акуратна падстрыжаны, чыста паголены, ён сядзеў за сталом і чытаў газету.
Калі Андрэй павітаўся, Марцін зірнуў на яго з цікаўнасцю.
— У цябе зноў нейкая хвароба, Андрэй? Маці?
— Не, Марцін. Я прыйшоў да цябе параіцца...