Выбрать главу

— Я да Гарасіма сам не хаджу і Івана не пушчу.

— Добра. А вунь мая пляменніца Надзя ідзе,— сказаў Марцін, зірнуўшы ў акно.— От мы і пойдзем.

— Пачакай, Марцін... Дай мне гэтыя газеты. Я табе вярну.

— Я такі і думаў, што ты гэта скажаш. Але што газеты! Яны тады цікавыя, калі свежыя. Іх трэба выпісваць. Ты чытай тыя кнігі, якія будуць у Івана. А газеты бяры.

Андрэй вярнуўся дадому падвечар і прывёз з сабою парабка — Івана Аўсяніка. Газеты палажыў за абразы і забыў пра іх.

  РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Яўхім Халуста шалеў ад злосці. Было чаго шалець! Парабак Сямён, не дабыўшы тэрміну, сышоў. Ажаніўся, сукін сын! Знайшоў удаву Хадосю ў Чыжэвічах і прыстаў да яе ў прымы. Сам гаспадаром стаў, ліха матары яго! І астаўся Халуста без ніводнага парабка ў той час, калі на яго гаспадарку патрэбны былі два. Двух то ён не трымаў, узвальваў усю работу на аднаго, а цяпер вось няма і аднаго... Халуста пашкроб патыліцу, вылаяўся і пайшоў у Чыжэвічы.

Калі ён сяк-так знайшоў хату тае Хадосі і накінуўся на нявінную жанчыну за тое, што яна нібыта адабрала ў яго парабка, Сямёна ў хаце не было. Халуста так распаліўся, так размахаўся кулакамі, што нават не пачуў, як у хату ўвайшоў Сямён.

— Ты гадаўка! — крычаў Халуста.— Хамская морда, ліха матары тваёй! Нашто ты яго прыняла? Гэтага злодзея! Разбойніка з-пад моста! Шэльму! Я ж вас у порах разатру! Ты не ведаеш, што ён мне вінаваты! Што ён мяне абакраў! Ага, ты не ведаеш! То будзеш ведаць! Я і цябе разам з ім у турму заганю! Арыштантамі будзеце!

Але тут ён азірнуўся і ўбачыў Сямёна. Той стаяў каля парога і ўсміхаўся так нядобра, што ў Халусты аж мурашкі пабеглі па спіне. Але ён яшчэ паспрабаваў храбрыцца.

— Ты...— сказаў ён.— Шэльма, ліха...

І не кончыў. Сямён моўчкі падышоў да свайго колішняга гаспадара, узяў яго за карак і выкінуў з хаты. Проста выкінуў, як збродлівага ката. Халуста, каб не тыцнуцца тварам аб зямлю, стаў ракам, нават прапоўз крыху такім манерам, тады разагнуўся і дай бог ногі! Ліха матары яго! Яшчэ дагоніць ды па шыі накладзе.

За сялом Халуста крыху супакоіўся. «Няхай жыве! Няхай жыве з гэтай Хадосяй! А гладкая мужычка, ого! Не дзіва, што ён прыстаў да яе. Няхай жыве! А я яму не заплачу! Не дабыў да канца, не атрымае і платы! Няхай жыве, сабака!» Такая думка нават крыху ўсцешыла. Але калі ён успомніў, што ў гаспадарцы не хапае работніка і што яму, Халусту, знайсці работніка цяжка, бо да яго ніхто не хоча наймацца, злосць зноў апанавала яго. «Здымаць з кузні Мікалая нявыгадна. Зачыніць кузню? Не. Выкінуць жывыя грошы з кішэні! Ого! Адзін Юзік не ўправіцца з гаспадаркай. Наперадзе ўся работа...» Халуста спыніўся і пачухаў патыліцу. «От, ліха матары вашай! Нібы згаварыліся!»

Ён зірнуў на вятрак, што стаяў на ўзгорку між Чыжэвічамі і Малінаўкай, і надумаў зайсці туды. Вятрак належаў Хаіму Ножыку, яўрэю з Чыжэвічаў, Халуставаму сябру, такому ж самаму злодзею і шэльму, як і Халуста.

Каля млына не было падвод, значыць, Хаім малоў адзін. Халуста пакрочыў да млына не спяшаючыся, спыняючыся, гледзячы ў бакі. Няхай не думае Хаім, што ён Халусту вельмі патрэбен. Халуста проста зойдзе ў млын, бо яму няма чаго дома рабіць. Ён выйшаў на шпацыр.

— Здароў, пане Хаім! — крыкнуў Халуста, узняўшыся па лесвіцы на першы паверх і стаўшы каля дзвярэй.

— А-а-а! — сказаў млынар, адрываючы позірк ад паперкі, на якой ён ставіў свае яўрэйскія каракулі.— Дзень добры, пане Яўхім.

Хаім быў худы чалавек з рыжай барадой, даўгімі пэйсамі і надзвычай хітрымі чорнымі вачыма. Ён сядзеў на мяху з мукой, увесь запылены, трымаў у руцэ агрызак алоўка і нешта вылічваў на паперцы, якая ляжала ў яго на каленях. Убачыўшы Халусту, Хаім устаў і павітаўся з ім за руку.

— Ну што, пане Яўхім? Як вы жывяце?

— Ат... — Халуста прыхінуўся плячыма да вушака. — Але ж і калоціцца твой млын, пане Хаім. Ён яшчэ возьме ды абернецца...