Вось да гэтага папа і трапіў аднойчы на споведзь Андрэй Сташэвіч.
— Ну, чым грэшан? — запытаў яго поп.
— А нічым, бацюшка,— адказаў Андрэй.
— Ты, мярзотнік, нічым не грэшан? — зашыпеў поп.— Ты не грэшан? Ды пра цябе, шэльму, уся парафія ведае.
— Я, бацюшка, нічога не ўкраў, нікога не забіў...
— Маўчы, ерацік...— пачаў поп, але не кончыў.
— А вы, бацюшка,— перабіў яго Андрэй,— у Чыжэвічы да свае Юлькі ўсё яшчэ па лёдзе ходзіце ці праз мост? Па лёдзе цяпер страшна, праваліцеся ў апраметную...
Справа была вясной, перад вялікаднем. Андрэй меў рацыю, калі гаварыў так: лёд быў і сапраўды слабы. Поп вылупіў вочы, а Андрэй павярнуўся і пайшоў з царквы.
Поп, вядома, мог бы пакараць Андрэя, але ён сам меў столькі грахоў, што пабаяўся крануць гэтага свавольнага шляхцюка. Баяўся поп і другога: Андрэй са сваімі накольнікамі мог падпільнаваць яго і вынесці ад Юлькі без споднікаў. Абмежаваўся тым, што паскардзіўся бацьку.
У сенакос усе малінаўцы адпраўляліся на сваю Волю. Пажылыя з косамі, граблямі і харчамі ехалі на калёсах наўкруг за пятнаццаць вёрст, а моладзь ішла напрасткі цераз раку і балота. Напрасткі было напалову бліжэй. Сюдой, калі замярзалі рака і балота, вазілі дамоў сена.
Малінаўцы звычайна спыняліся на грудку сярод балота. Грудок той яны празвалі Станавіскам. На Станавіску рос лясок, таму дроў хапала. Там жа быў і калодзеж, хоць неглыбокі, але з даволі смачнай вадой, якая не вельмі аддавала балотам. Тут рабілі буданы з лазовых прутоў ды сена і былі тыдні два-тры, а то і больш, уважаючы на надвор’е.
Кожны малінавец браў на сенажаць двое нагавіц. Вечарам, прыйшоўшы на Станавіска, ён здзяваў мокрыя, надзяваў сухія, а мокрыя сохлі да будучага вечара.
Быў у Малінаўцы Ладымер Некрашэвіч — ляснік. Яму далі мянушку Баран-Заяц за тое, што ён меў нейкую ламачыну-стрэльбу і, прыйшоўшы з абходу, хваліўся:
— Ну, браткі, сёння забіў зайца, але ж як барана!
Паміж Некрашэвічамі і Нарбутовічамі з даўніх часоў цягнулася нейкая варожасць. Ладымер Некрашэвіч і Лявон Нарбутовіч не ведалі, з чаго яна пачалася пры іх дзядах ці прадзедах. Яны жылі па суседству, але ў хату адзін да аднаго не заходзілі. Гэта, аднак, не перашкаджала ім вітацца пры сустрэчах, даваць «памагай бог», гутарыць, жартаваць, курыць з аднаго капшука. Па сутнасці, яны нічога не мелі адзін да аднаго, але варожасці, якая перадалася ў спадчыну абодвум, забыць не маглі. Вось на гэтай глебе і зрабілі забаўку Андрэй Сташэвіч са сваім пляменнікам-аднагодкам Тамашом, таксама Сташэвічам. Абодва былі добрыя зухі і сябравалі моцна, хоць адзін быў дзядзька, а другі пляменнік. Аднойчы яны прыйшлі да Станавіска раней за ўсіх, знялі з галіны сухія Ладымеравы штаны, вымачылі іх, выпацкалі ў балоце і павесілі на старое месца. Хутка пачалі збірацца людзі. Прыйшоў і Ладымер. Ён, вядома, адразу кінуўся да сваіх нагавіц, але, убачыўшы, якія яны, загарэўся, як агонь.
— Хто гэта браў мае сухія нагавіцы?—крыкнуў ён.
— Не ведаеш, хто? — адказаў яму Андрэй.— Лявон Нарбутовіч.
— Сукін жа ён сын! — закрычаў Ладымер.— У што ж я цяпер перамянюся!
— Не ведаеш, што рабіць? — падбіў яго Тамаш.— Як прыйдзе на Станавіска, дык выхвашчы яму морду гэтымі нагавіцамі.
— Я так і зраблю! — Ладымер быў чалавек рашучы і гарачы.
— А сам яго сухія надзень,— дадаў Андрэй.
— А добра ты кажаш! — узрадаваўся Ладымер.
Ён надзеў Лявонавы нагавіцы і пачаў чакаць. Лявон затрымаўся на рабоце, а хлопцы не трацілі дарма часу і давялі Ладымера да белага калення.
Лявон вярнуўся самы апошні і не паспеў адсапціся, як падышоў Ладымер з мокрымі нагавіцамі ў руках.
— Лявон, што гэта? — запытаў ён, паказваючы на нагавіцы.
— Дурны Баран-Заяц! Нагавіцы!
— Ага! Значыцца, нагавіцы! — закрычаў Ладымер і, размахнуўшыся, пляснуў імі па твары беднаму Лявону.
Лявон не ведаў прычыны, не разумеў, у чым справа, але не такі ён быў чалавек, каб не даць здачы. Ён сунуў Ладымеру кулаком у зубы, і адразу ж абодва ўчапіліся адзін за аднаго. Праз хвіліну яны качаліся па зямлі, а прысутныя заходзіліся ад смеху.
Першы ўстаў Лявон. Ён быў яшчэ ў мокрых нагавіцах і спяшаўся пераапрануцца.
— Пачакай, я табе яшчэ наўскладаю! — прыгразіў ён.
Але як залямантаваў ён, убачыўшы мокрыя нагавіцы замест сухіх! Ён рынуўся на Ладымера, як раз’юшаны бык. Ладымер зразумеў, што тут непярэліўкі, і схапіў граблі.
Толькі назаўтра ўвечары мужчыны даведаліся, хто іх звёў. І гэтая бойка канчаткова знішчыла ўсю іх былую варожасць. Яны нават пасябравалі і збіраліся наўскідаць па карку Сташэвічам, але збаяліся. Крані гэтакіх прайдзісветаў, дык родным дзецям рады не будзеш.