Лісавета ляжала як аплёваная. Стамленне ахапіла ўсё цела; думаць яна не магла, толькі адчувала, што цяпер ужо канчаткова загінула і выратаваць яе няма каму.
— Паперкі ад цукерак спалі, а то яшчэ бацька запытае, адкуль яны. Спалі, Лісаветка.
Ён надзеў шапку і, нават не зірнуўшы на Лісавету, павольна выйшаў з хаты.
Толькі цяпер Лісавета зразумела ўсё. Дык вось чаго ён прыходзіў. Ён не шкадуе яе сіроцтва, яе горкай маладосці, не думае пра яе бяду. Ён бярэ, што яму трэба, і ўцякае, як злодзей, нават не азірнуўшыся. Плакаць яна ўжо не магла. Усярэдзіне ўсё ссохла. Яна стала ненавісная сама сабе. Села на ложак, апусцелымі вачыма агледзела хату, але нічога не ўбачыла. Нібы аслепла... «Мама, мама! От што зрабілася з тваёй дачкой... А перад смерцю ты казала ей, каб даглядала брацікаў і татку. От як яна дагледзела іх... Яна сама сябе не магла дагледзець... Што ж мне цяпер рабіць, мамка, што рабіць? Навучы дурную дачку... Навучы, бо яна ўжо не ведае, як далей жыць, што рабіць... Гіне твая дачка, мамка, і няма ёй ратунку...»
Лісавета ўстала з ложка, падышла да кута, дзе віселі іконы, стала на калені і пачала маліцца. Малілася горача і доўга, не чула, што адранцвелі калені, але малітвы не прыносілі супакаення.
На дварэ тым часам неба ачысцілася ад хмар і зіхацела сонца. Яно праз вокны шырокімі палосамі цякло ў хату, і ў праменнях яго плаваў пыл. Са стрэх лілося цурком; такога капяжу не было яшчэ ў гэтым годзе. А на шыбе поўзаў матыль з цёмна-жоўтымі крыламі, аздобленымі буйнымі чорнымі кропачкамі. Адкуль узяўся гэты матыль, якому хацелася на волю, на сонца, каб распрастаць крылы і паляцець? Ён думаў, што на дварэ ўжо сапраўдная вясна, цёплае паветра, кветкі і зелень. Ён злаваўся на празрыстую цвердзь, праз якую ўсё відно, але ў белы свет яна не пускае.
Адкуль узяўся гэты матыль?..
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
Талімон з сынамі вёз з Маргоў дровы. Удзень стала яшчэ цяплей. Дарога была мяккая, каня не падгоніш. Няхай паўзе памалу, спяшаць няма куды. Сам бацька з Адамам ішлі ззаду, а Алесь важна сядзеў на возе, трымаў у руках лейцы. Што, хіба ён не ўмее кіраваць канём? Калі на тое пайшло, то ён і адзін бы прыехаў з такім возам дадому. Яму хацелася скарэй з’явіцца ў засценку, няхай паглядзяць хлопцы, як ён сам дровы вязе. Не кожнаму гэта ўдаецца — у Маргі па дровы з’ездзіць, ды яшчэ зімой! А хіба ў лесе ён нічога не рабіў? Усе дровы да воза перацягаў. Бацька з Адамам толькі збіралі і секлі галлё ды валежнік, а ён насіў да воза.
Як усё-такі добра ў лесе, нават зімой! Цішыня, хоць бы якая птушачка чырыкнула. Дрэвы стаяць нерухома, маўкліва, нібы аб нечым думаюць. А дыхаць так здорава і лёгка! Дамоў бы да вечара не паехаў, а то і пераначаваў бы. Толькі, вядома, не адзін. І каб есці было што, бо есці здорава захацелася.
У засценку Алесю не пашанцавала: ні аднаго хлопца на вуліцы. Дакажы ім цяпер, што ад Маргоў да самага дому канём кіраваў, ды не ззаду ў некага ехаў, а адзін усю дарогу! Не павераць...
На Сташэвічавым двары стаяў Андрэй. Бацька павітаўся з ім. Андрэй адказаў, але на Алеся не зірнуў. Іван, дык той бы хоць усміхнуўся. А каб усміхнуўся Андрэй, то Алесь аж падрос бы! Бо толькі на Андрэя хацеў быць падобны Алесь, як вырасце. Нікога не баяцца, быць самастойным, дужым, мужным. Бачыў Алесь з таварышамі, як Андрэй ля капліцы лупцаваў старога Халусту пугай. Варта яго!
Няхай бы Лісавета на двор выйшла, паглядзела, як Алесь на возе сядзіць, з лейцамі ў руках! Не проста трымаецца ён за іх, а канём кіруе! Любіў ён Лісавету моцна. Патурала яна трохі яму. Асабліва ў апошні час: і падкорміць нечым смачнейшым, і пагуляць пусціць не ў пору, і цукерак дасць. Гэта зусім было дзіўна. Цукеркі! Рэдка іх бачыў Алесь. Калі бацька ў месяц раз у Старочын паедзе ды цукерак ці абаранкаў прывязе, то якая гэта была радасць! Ого!
— Дзе ты, Лісаветка, цукерак узяла? — аднойчы запытаў Алесь.
— Маўчы, дурненькі...— Лісавета нібы спалохалася, пачырванела.— Шмойла ў засценку быў, анучы збіраў... То я за анучы табе купіла...
— Угу,— адказаў Алесь.
— Бо ты мяне слухаеш, брацік, і я цябе люблю. Толькі нікому не кажы... Ні тату, ні Адаму... Нашто, каб яны ведалі. Тата яшчэ сварыцца будзе...
— Не скажу нікому. А многа ў цябе цукерак?
Лісавета горка і неяк хваравіта ўсміхнулася.
— Адкуль жа многа, Алесік!
— Ты і сама пакаштуй іх! Смачныя!
Лісавета адвярнулася і нічога не адказала.
«І калі гэты Шмойла ў вёсцы быў? — думаў Алесь.— Чаму я не бачыў яго? Можа ён тады праязджаў праз засценак, як мы з хлопцамі на Клінавым лужку коўзаліся?»