Нечакана з’явілася думка пра Тамаша. Ліст ад яго нядаўна атрымаў. Пісаў Тамаш, што вязуць іх к чорту ў лазу, аж у самы Кітай, у нейкую Маньчжурыю. На вайну. Японцаў шапкамі закідваць. Тамаш вельмі рады, што разам з ім і Марцін Крываблоцкі. Ён — ротны фельчар. Марцін паклон Андрэю перадаў. «Не забудзь пра нашу гаворку, Андрэй»,— напомніў у канцы ліста Тамаш. Добра яму пісаць: «Не забудзь»... А тут галава трашчыць ад сваіх клопатаў... Ды каб Тамаш тады п’яны не быў... А то ж прывалокся з Чыжэвіч як бот.
— Андрэй...— пачуў ён прыглушаны голас.
Талімон стаяў насупроць. Андрэй не пазнаў суседа.
Што з ім зрабілася? Толькі што дровы вёз па вуліцы і от стаіць састарэлы, згорблены. З вачэй цякуць слёзы, а сам не можа вымавіць слова.
— Бяда ў мяне... Гора, гора... Прыйдзі, Андрэй... Не магу адзін. Маме скажы...
І пайшоў, хістаючыся, як п’яны, не бачачы сцежкі, як сляпы.
«Якая бяда? Чаго ён не можа адзін?» — ліхаманкава думаў Андрэй, ідучы ў хату.
— Мама! Ідзіце да Талімона. Там нейкае няшчасце.
— Якое няшчасце?
— Не ведаю. Хадзем скарэй. Ён прасіў...
Андрэй не бачыў, як пасля яго слоў здрыганулася і пабялела Алена, бо адразу выйшаў з хаты.
Ён памог Талімону зняць Лісавету з пятлі, знёс яе з гары, а сам пашыбаваў дадому. Усярэдзіне ўсё ў ім кіпела.
Калі ён адчыніў дзверы ў хату, Алена нібы чакала яго. Яна стаяла гатовая да ўсяго, нават самага горшага, і гэта крыху астудзіла Андрэя. Ён спыніўся каля парога і зірнуў на сястру так што яна закалацілася.
— Ссука!
— Андрэй!..
Ён наступаў на яе як навальніца.
— Андрэй!..— дзікім голасам закрычала Алена.— Што ты хочаш са мной зрабіць?
Яна пасінела ад жаху.
Ён размахнуўся, і дзяўчына адляцела ад ложка, як сноп, павалілася на дол. Андрэй не зірнуў на яе.
Праз хвіліну ён крочыў па засцянковай вуліцы.
«Забіць, гада... Толькі забіць... Смерць за смерць! А Тамаш? Што яму напісаць? Што недагледзеў, часу не было?.. А хіба можна было дагледзіць? Хіба пільнаваць дзень і ноч... Такога злодзея ўпільнуеш!..» І нянавісць, страшэнная нянавісць запаланіла яго ўсяго.
Да Талімона беглі людзі — жанкі, мужчыны, і Андрэй нават не здзівіўся, што ў засценку так скора ўведалі пра Лісавеціну смерць. Можа таму, што ва ўсіх была на ўме Лісавета, ніхто і ўвагі не звярнуў на Андрэя, які быў падобны на вар’ята.
Сымонава Аўдоля і Нарбутовічава Міхаліна ішлі дамоў. У Сымоніхі дома асталіся дзеці, а Міхаліне не цярпелася расказаць каму-небудзь пра ўсё, што яна бачыла і чула ў Талімонавай хаце.
— От да чаго даводзіць распуста! — гаварыла яна Аўдолі.— Падумаў бы нехта, што такое смаркатае хлопцаў прымае і паспела ўжо чэрава нагуляць!
— Пабойся ты бога, Міхаліна! — адказала Аўдоля.— Хто гэта распуста? Лісавета? Ды яна яшчэ дзіця была!
— Во, дзіця! А з хлопцамі ж спала! Добрае дзіця, калі мужчыну ў ложак прымае! Свет настаў!
— Халуста Мікалай згубіў яе. Ашукаў дзіцянё, злодзей.
— Халуста? А хіба Янаў Тамаш не хадзіў да яе? То і прыйшлі да Талімона ўсёй сям’ёй. На Мікалая Халусту віну зваліць. Як толькі што якое, то адразу Халуста. А мо і не Халуста!
— Нешта ты абараняеш яго.
— А мне ўсё роўна, ці Мікалай Халуста ці Тамаш Сташэвіч. Я не сварылася з Халустамі, нічога з імі не дзяліла, то нашто мне на іх брахаць, як іншыя са злосці брэшуць.
Аўдоля зразумела намёк.
— І я з імі нічога не дзяліла, а што яны зладзеі і душагубы, то ўсе ведаюць. І Шымковічаў згубілі і Хмялеўскага...
— Ай госпадзі божа мой! Тое адно, а гэта другое... Калі дзеўка не захоча, то хлопец не возьме. Гэта я добра ведаю!
— Мабыць, па сабе, суседка, ведаеш...
Міхаліна гатова была рынуцца на Аўдолю з кіпцюрамі, бо тая вельмі трапна пацэліла ў слабое Міхалініна месца. Саграшыла некалі Міхаліна дзеўкай будучы, і не мог Лявон адразу забыць гэта. У першы год пасля вяселля нямала паспытала яна Лявонавых кулакоў. Яшчэ і цяпер, калі пачнецца сварка, то Лявон іншы раз і выкіне жонцы ў вочы мінулае.