Выбрать главу

— Гэта можа ты такая! — закрычала яна, пасінеўшы ад злосці.— Бо ўсе вы, галата, такія, як сабачая гайня.

— Колькі я з Сымонам жыву, то ён мяне ніколі пальцам не крануў. А як ты на прыгрэбіцы галасіла, то людзі чулі не адзін раз.

— І ты чула?

— Чула.

— Цьфу, цьфу, цьфу! От дзе праўда, людзі добрыя! Паскудніца ты! Гадаўка!.. Падла здохлая!

Яна склала дулю, паказала яе Аўдолі.

— На табе, на табе, на табе! — і пабегла ў свой двор.

Мікалай Халуста збіраўся зачыняць кузню. Пакуль быў у Лісаветы, завознікі раз’ехаліся, мабыць, думалі, што яго няма дома. Доўга чакаў, можа хто прыедзе. Горан распаліў, пакаваў крыху, але ніхто не з’явіўся. Мікалай папырскаў вадою на вуголле ў горне, паклаў на паліцу сваё кавальскае начынне. Настрой у яго быў добры,.ён пачаў насвістваць кракавяк, а сам думаў, ці прыйдзе сёння Лісавета да гумна. Вядома, прыйдзе, нідзе не дзенецца. Там, у Талімонавых кулях, што стаяць пад страхой, будзе цёпла. Нічога, скора вясна, тады будзе прасцей...

Раптам Мікалая нешта кальнула ў сэрца. Чаму яна сёння была не такая, як мінулыя разы? Чаго яна плакала? Гэта, вядома, глупства. Ці доўга дзяўчыне заплакаць, ды яшчэ такой маладзенькай і дурненькай... А чаго яна пачала млець каля печы, калі засланку з рук выпусціла? Гэта горш... А што яна гаварыла? Што мае другога? Ну, гэта зусім глупства! Каго — другога? Хто ў яе знайшоўся другі? Не, тут нешта не тое... Не тое... Настрой у Мікалая пачаў ападаць. Яна сказаць нешта хацела.

Мікалай узяў мятлу і пачаў месці кузню. У гэты самы момант і з’явіўся Андрэй. У Мікалая выпала з рук мятла, калі ён убачыў каля парога Андрэеву постаць. Не ад страху, ад нечаканасці. Сташэвіч ніколі не быў у Халуставай кузні. З кожнай патрэбай ездзіў у Чыжэвічы.

Мікалай не помніў, стаяў Андрэй каля парога ці адразу ўварваўся ў кузню, бо адчуў страшны ўдар у грудзі і імгненна апынуўся пад мехам на кучы жалезнага лому. Ён выскачыў адтуль ашалелы ад злосці і схапіў молат, але ўдар пад вуха зваліў яго з ног. Ён узняўся са страшэнным болем у галаве, амаль глухі, і рынуўся на Андрэя па-бычынаму — галавой наперад. Андрэй сунуў яму кулаком у ніжнююю сківіцу, і ён абсунуўся на калені.

— Т-ты... забіць мяне прыйшоў? — хрыплым голасам запытаў ён, выплёўваючы з рота кроў.

— Забіць.

— За што?

Андрэй зірнуў на акрываўлены Мікалаеў твар, падбітыя губы, і нешта падобнае на жаласць шавяльнулася ў яго душы. Але ён адразу прагнаў гэтае прыкрае адчуванне. Перад ім стаяў акрываўлены забойца і душагуб.

— За Лісавету!

— За Лісавету? Яна не твая...

— І не твая! Яна ўжо нічыя! Нічыя, чуеш, сукін сын! Яе вынялі з пятлі мёртвую! Гэта ты ўвагнаў яе ў пятлю!

Андрэй размахнуўся, але калі зірнуў на бездапаможны і разгублены твар Мікалая, рука яго апусцілася.

— Бі! — крыкнуў Мікалай.— Забівай!

Андрэю хацелася плюнуць яму ў твар.

— Не выкрыўлівайся, сволач! Можа яшчэ заплачаш?

— Бі! — крычаў Мікалай, пырскаючы крывавай слінаю.— Бі! Але я не хацеў гэтага!

— Не хацеў! Яна грубая была! Дзве душы загубіў, забойца!

— Грубая...— Мікалай абапёрся на кавадла.— Дык от хто ў яе другі! — прашаптаў ён.— От хто другі... Чаму яна не сказала мне... не прызналася?

Андрэю было дзіўна, што гэты, па сутнасці не чалавек, а звер, раптам абвяў і стаў такі бездапаможны, што адмовіўся ад бойкі. Ды і ў самога Андрэя раптам знік запал, не мог ён біць чалавека, які не супраціўляецца.

— Не прызналася? Табе? Ты плюнуў бы на яе, як пляваў ужо не раз на многіх такіх.

— Не плюнуў бы. Ажаніўся б... Яна не такая, як тыя.

— Сволач! Можа заплачаш?

— Сціхні, бізун! — раптам зароў Мікалай, ашчэрыўшы драпежны рот.— Я яе любіў!

— Як воўк аўцу.

— Ты напаў на мяне знянацку, з-за вугла,— не зважаючы на Андрэевы словы, крычаў Мікалай.—А то не выйшаў бы з кузні! Пластом бы лёг тут ля парога!

— Ведаў ты, што я не з дабром да цябе іду. І не знянацку напаў. Гнілы ты яшчэ Халуста, каб забіць мяне. Гнілы! І аб такога паскудніка рукі свае апаганіў!..

Андрэй павярнуўся і, не аглядаючыся, пайшоў з кузні. Ён не бачыў, што Мікалай ускочыў з месца, зірнуў яму ўслед, схапіў молат і рынуўся да дзвярэй. Але невядомая сіла прыкавала яго да парога. У вачах стала зелена. Ён шпурхнуў молат вобземлю, замкнуў кузню і, не заходзячы дамоў, павалокся ў Чыжэвічы.

Андрэй ішоў і думаў. Нашто гэта было і каму гэта трэба?! Што ён даказаў Мікалаю? Што дужэйшы за яго? Якое глупства! Хіба кулакамі трэба ваяваць з Халустамі? Дурань тысячу разоў. А што скажа Якаў? Папракне і пасмяецца. Нічому ты не навучыўся, Андрэй Сташэвіч, хоць чытаеш кнігі і газеты, размаўляеш з разумнымі людзьмі. Кулакамі змагаешся. Чорт ведае чаго нарабіў...