Выбрать главу

На дварэ проста парыла. Снег увачавідкі асядаў. Пад ім ужо была вада. Неба, укрытае хмарамі, было нейкае злавеснае, як алавянае. Што за дзень! Да паўдня радасці не было канца, а цяпер змрок, безнадзейнасць, не глядзеў бы вакол сябе.

«Алену ўдарыў,— думаў Андрэй.— Зарабіла, вядома...»

  РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ

У хаце нікога не было, акрамя Івана, які нядаўна прыйшоў з Чыжэвіч. У Андрэя быў такі цяжкі настрой, што не хацелася нічога ні гаварыць, ні думаць. Усярэдзіне ўсё калацілася. Ён сеў каля стала і пачаў закурваць. Пальцы дрыжалі, як у хворага, цыгарка не хацела згортвацца. Моўчкі сядзеў і Іван, паглядаючы на Андрэя.

На дварэ пачало вечарэць. І без таго хаўтурны дзень зусім пахмурнеў. Пара было даглядаць на ноч скаціну. Андрэй ужо хацеў сказаць пра гэта Івану, калі раптам у сенцах бразнулі дзверы.

Не чакаў Андрэй Ладымера Барана-Зайца, але ў хату ўвайшоў ён. Андрэй нават здзівіўся трохі, бо з таго часу, як адпраўлялі Тамаша ў войска, ён не бачыў Ладымера. У зубах Ладымер трымаў сваю нязменную люльку, якая даўно патухла, і дарэмна ён ёю пыхкаў.

— Ці добры дзень, ці добры вечар,— не выпускаючы з рота люлькі, павітаўся Ладымер.— Такое надвор’е, што не разбярэшся.

Не чакаючы адказу, ён, як дома, падышоў да печы і пачаў у пячурцы варушыць попел.

— Э-э, такі ж няма жару. Патухлі ўсе вугалі, сатлелі. Значыць, такі вечар.

— Вазьмі запалкі,— сказаў яму Андрэй.

— А добра ты кажаш.

Ладымер сеў, прыкурыў сваю люльку і смачна зацягнуўся. У люльцы нешта сіпела, пішчала, хлюпала, дым з яе валіў, як з кастра, смярдзючы, цяжкі. Бедны Іван спачатку закашляўся, потым пачаў чхаць.

— Моцны тытунь,— сказаў Ладымер і запытаў у Андрэя:

— То скажы ты мне, што гэта будзе? Што гэта пачало рабіцца ў нашым засценку? Гэта ж не тое, што ты, скажам, зайца ў Маргах застрэліў ці, скажам, казу... Гэта ж ты дзяўчыну ў пятлю ўвапхнуў, і табе за гэта нічога-нічагусенькі?

— Пра каго ты, Ладымер?

— Хіба ты не ведаеш? Пра таго злодзея, каб ён сабе вочы ў кузні выпаліў ці, скажам, рукі і ногі паадбіваў... Пакуль іх у засценку не было, то і бяды не было. І я думаю: ці гэта канец! І ў мяне, скажам, дачка расце, і ў цябе сястра, ці мала дзевак у засценку! То хіба ў Халустаў сумленне ёсць, ці яны людзі? Ён, скажам, гад, па-добраму не возьме, то возьме сілай, напралом... Уга, такі гад! Каб дзе стрэў яго на вузкай сцежцы, скажам, у Маргах, ды зарад у чэрава — і справа з канцом.

— Эх, Ладымер! Халуста табе не заяц. А за забойства катарга ці вісельня.

— То чаму яму ні катаргі, ні вісельні? Для яго закон другі?

— Другі, Ладымер. Ды па цяперашніх законах такая справа і суду не падлягае.

— Не падлягае, кажаш?

— А хто дакажа, што праз яго Лісавета павесілася?

— Усе ведаюць!

— А хто бачыў? Ты бачыў?

— Не...

— От табе і ўвесь закон.

Ладымер зноў прыпаліў люльку, бо яна вельмі часта патухала, і трохі памаўчаў.

— А каб мы ўсім засценкам сабраліся і прыгаварылі: выселіць яго, скажам, з вобчаства. Хіба ты з Тамашом не вязаў яго! Яны не толькі паміж сабой рэжуцца. Ды ліха іх бяры, няхай, скажам, рэжуцца. Дык яны ж засценак усмаляць, людзей пакалечаць. Яны, скажам, вылюдкі... Вунь мая дачка, як рака разліваецца, галосіць. Гэта ж яна кажа, што Лісавета і Тамашу ў вока кінулася. А гэты воўк бачыш чаго нарабіў.

Напамінак пра Тамаша рэзнуў Андрэя па сэрцы.

Ён не думаў, што пра Тамаша і Лісавету ведае яшчэ нехта акрамя яго. Аказваецца, усе маладыя ведаюць, а ён нават не думаў пра гэта, пакуль не прызнаўся сам Тамаш. Сядзеў увесь час дома, як барсук у нары, а жыццё сабе ішло і ішло...

— Мы ж такі шляхта, дваранства, скажам,— гаварыў далей Ладымер, пыхкаючы сваёй люлькай, ад якой ішоў страшэнны смурод, і Андрэй з горкай усмешкай думаў: «Эх, дваранін, дваранін... Не па-дваранску ты пахнеш...»

— Дык от... паехалі б у Слуцак да прадвадзіцеля. Расказалі б яму пра ўсё... Толькі, скажам, людзей трэба выбраць хадавых, разумных. От, скажам, хоць бы і цябе, Андрэй.

— Не гавары глупства, Ладымер. З такімі дваранамі, як мы з табой, прадвадзіцель гаварыць не захоча. Той цяпер дваранін, хто багацце мае.

— Скажам, Халуста?

— Ён большы дваранін, чым мы з табой.

У хаце пачало цямнець.

— Іван,— сказаў Андрэй,— ідзі ўпраўляйся па гаспадарцы. Мабыць, сёння нам прыйдзецца і свіней карміць.

Іван пачаў апранацца. У гэты час ад Талімона прыйшла маці. Яна павіталася з Ладымерам і сказала:

— Талімон да бацюшкі пайшоў. Трэба заўтра пахаваць Лісавету, але... бог яго ведае...

— Не захоча поп яе адпяваць,— пыхнуўшы люлькай, сказаў Ладымер.— І на могілках хаваць забароніць.