Выбрать главу

Гэта ведалі ўсе. Пра гэта і хацела сказаць Андрэю маці. Ведаў і сам Андрэй такую бяду, але па-сапраўднаму зразумеў яе толькі цяпер. Жыла дзяўчына, нікому нічога не вінаватая, з яе наздзекаваліся, давялі да смерці, а пахаваць як чалавека не даюць. Яе можна закапаць у зямлю як скаціну. Андрэй разумеў, што Талімону перажыць такое не лягчэй, чым смерць дачкі. І ён жахнуўся. Не, большага гора нельга і прыдумаць для чалавека, чым тое, што напаткала Талімона. Нават не памянеш дачкі па-людску, на магілу яе не сходзіш, бо пахаваюць яе не на могілках, а недзе збоку, за могілкамі. А хіба яна зрабіла нешта такое, што не варта чалавечага пахавання? Гэтыя думкі ўскалыхнулі Андрэя, ён падняўся з лавы і пачаў хадзіць па хаце.

— Я, Андрэй, бачу, што і ты ўвесь загарэўся,— гаварыў Ладымер.— А я адразу падумаў, што смерць дачкі — не апошняе Талімонава гора. Будзе яшчэ і клопату і турботаў, пакуль пахавае яе. Трэба нешта рабіць, Андрэй.

— Што рабіць? Што я або ты можам зрабіць? І чаму ты да мяне прыйшоў? Хто я такі? Мяне і гаспадаром у Малінаўцы не лічаць. Можа Нарбутовіч ці Мартыневіч нешта зрабілі б. Такі ж Мартыневіч член царкоўнага савета.

Ладымер выпусціў цэлую хмару дыму і плюнуў.

— Не! Тады няма людзей у нашым засценку. Стары Юстынь, скажам, так не гаварыў бы. Ён бы і не ўспомніў Нарбутовіча і Мартыневіча.

— Тут і мой бацька не зрабіў бы нічога.

— Ён бы да папа схадзіў. І поп яго паслухаў бы. Бо, скажам, усяму засценку будзе сорам, калі мы гэтую няшчасную дзяўчыну, як сабаку ў зямлю закапаем.

— А мяне поп не паслухае.

— Паслухае, бо баіцца.

Першы раз за адвячорак Андрэй зірнуў на Ладымера іншымі вачыма, бо спачатку не верыў, што той гаворыць ад шчырага сэрца. «Ды ён жа добры чалавек»,— падумаў Андрэй. Не, ён не чакаў такога ад Ладымера Барана-Зайца — хлуса, выдумшчыка, крыху легкадумнага, не вельмі разумнага і не вельмі сумленнага.

— Пабачым, што скажа Талімону поп.

— От гэта ўжо іншая гаворка! — узрадаваўся Ладымер.

Маці тым часам пачала рыхтаваць свінням і ўвесь час прыслухоўвалася да мужчынскай размовы.

— А як жа ноч, мужчыны? — запытала яна.— Трэба ж, каб нехта пастаяў каля нябожчыцы, псалтыр пачытаў. Гэта ж было б усё роўна як і адпяванне, калі поп не захоча хаваць.

Мужчыны маўчалі, не ведаючы, што адказаць.

— Можа Гарасіма папрасіць? — нясмела запытала маці.

— Калі ён згодзіцца,— не пярэчыў Ладымер.

— Згодзіцца,— упэўнена сказаў Андрэй.

— То я занясу свінням х схаджу да яго.

Старая падхапіла вёдры і пайшла з хаты.

На дварэ тым часам змерклася, а ў хаце зусім сцямнела. Андрэй зняў з цвіка лямпу, што вісела пад бэлькай, павесіў яе над сталом і запаліў. Ладымер усё пыхкаў люлькай, зрэдку падсыпаючы ў яе тытунь і прыпальваючы. У хату прыйшоў Іван.

Андрэй думаў, што ў мінулыя дні шарай гадзінай прыемна было от так пасядзець у хаце, не запальваючы лямпы, падумаць або пагаварыць, успомніць мінуўшчыну, паслухаць пра чые-небудзь смешныя прыгоды або цікавую бывальшчыну. А сёння быў іншы настрой. І ён загаварыў:

— Некалі Тамаш казаў мне, што маці яго гаварыла, нібы ў Жывіцах спрадвеку не было пажараў, а ў Малінаўцы байструкоў. Байструка такі не будзе ў Малінаўцы, затое адбылося самагубства, і надоўга яно астанецца ў памяці. А па-мойму — лепш жывы байструк, чым самагубства... Я, Ладымер, чалавек не баязлівы, і нялёгка мяне чым-небудзь расчуліць, але калі я вымаў Лісавету з пятлі, то, павер, гатовы быў бразнуцца там на гары, як жанчына, страціўшы прытомнасць. А потым мяне ўзяла злосць.

— Дзіва што! Калі, скажам, чалавек памёр сваёй смерцю, то хоць і шкада яго, але ведаеш, што гэта законная смерць. Яна нікога не міне. Але калі чалавек жывасілам загубіў сябе, то гэта смерць не законная. Ёсць вінаваты.

Андрэй ледзь не ўсміхнуўся, пачуўшы пра законную і незаконную смерць, аднак яго здзівіў і ўразіў своеасаблівы погляд Ладымера на самагубства, у асноўным усё-такі правільны. «Глядзі ты на гэтага дзівака, хто ад яго чакаў такога! Як пачне расказваць пра зайцоў, як бараноў, дык за бакі можна хапацца ад смеху...» — думаў Андрэй.

У гэтую хвіліну ў хату ўвайшлі маці і Гарасім Жукоўскі з кнігай пад пахай.

— Добры вечар! — павітаўся ён і падаў руку Андрэю і Ладымеру.

— Сядайце, пане Жукоўскі,— запрасіў Андрэй.

— Не, дзякуй. Садзіцца я не буду... Я вам от што скажу, пане Сташэвіч. Я вельмі не люблю гэтага папа... Я вам і раней казаў... П’яніца, бабнік, карцёжнік. Які ён свяшчэннік! І я рады ўсю ноч чытаць псалтыр над гэтай няшчаснай. Я нават магу адпець яе на могілках, бо ўсю царкоўную службу ведаю лепш за гэтага папа. Але я не маю права. От гэта галоўнае... І калі ён пачне да мяне чапіцца за сённяшнюю ноч, то вы мяне, ну... вы за мяне слова закіньце.