— Ды не бойся ты, святы ду...— сказаў Ладымер, не падумаўшы, і трохі сумеўся. Зразумеў, што не варта было так няўдала ўтыкацца ў гаворку.— Не бойся, пане Жукоўскі,— ён пыхнуў люлькай.— Не бойся! Мы за цябе ўсім засценкам станем. У мяне, калі на тое пайшло, стрэльба ёсць. Зайцоў я без промаху б’ю...
Ладымер зразумеў, што зноў загаварыўся, і змоўк. Гарасім зірнуў на яго без злосці, але і без прыязні.
— Што мне ваша стрэльба, пане Некрашэвіч! Зайцоў яна б’е без промаху, ну і няхай б’е, а нам яна без карысці. То я пайду да Талімона, пара ўжо, скора змеркне.
— Пачакайце, Гарасім, і я з вамі пайду, там жа дзеці адны,— пайшла за ім старая Аксеня.
Калі яны выйшлі, Ладымер па-змоўніцку зірнуў на Андрэя і ўхмыльнуўся.
— А я траха дурнем не абазваў яго.
— Ды яшчэ святым. Але ж ён на цябе не пакрыўдзіўся.
— Бо яго так увесь засценак заве. Але, мабыць, не такі ўжо ён і дурань, бо каб я так абазваў Лявона Нарбутовіча, то ён на мяне з кулакамі кінуўся б.
Потым прыйшла Алена. Твар яе быў захутаны так, што віднеліся толькі вочы і нос. Яна моўчкі распранулася і, не зняўшы хусткі, адразу палезла на печ.
Андрэй думаў, што можа ён і няправільна зрабіў, вытнуўшы сястру, але не раскайваўся, хоць і ведаў, што сённяшні дзень надоўга сапсаваў іх адносіны. А можа і назаўсёды.
Ладымер тым часам не пакідаў курыць, і добра было, што люлька яго часта патухала, а то ў хаце нікому не было б месца.
Андрэю хацелася, каб Ладымер ішоў дамоў, але гэты чалавек упарта не хацеў ісці, нібы ў яго свае хаты няма і няма дзе пераначаваць.
— Можа хочаш есці, Іван? — знарок запытаў Андрэй, каб Ладымер зразумеў, што і яму пара ўжо ісці вячэраць. Але Ладымер нічога не зразумеў, а Іван адказаў:
— Потым.
Андрэю здавалася, што сённяшні дзень доўгі і цяжкі, як галодны год. Гэтулькі ўсяго адбылося за такі кароткі час. Не за дзень, а толькі за паўдня. І ўсё прайшло, як у цяжкім сне ці ў трызненні, калі ляжыш хворы, спалены гарачкай, і на цябе накачваецца нешта незразумелае, нейкая жудасная навала, і ад яе ніяк нельга выратавацца. Ды ён і адчуваў сябе хворым, балела ўсё цела, нылі косці, а ў галаве стаяў туман. Яму здавалася, што на дварэ не менш як поўнач, а можа і пазней, і здзівіўся, калі ў хату ўвайшоў Талімон. Толькі глянуўшы на гэтага чалавека, Андрэй зразумеў, што на дварэ нядаўна сцямнела, і адчуў сябе лягчэй. Аднак стамленне не пакідала, нібы цэлыя суткі варочаў калоды. Ніколі ў жыцці так не стамляўся, не адчуваў сябе дрэнна, хіба толькі як памёр бацька.
Талімона нельга было пазнаць: вочы запалі, і ў іх свяціўся не толькі страшэнны жаль, але і неймаверная безнадзейнасць. Чалавек зусім счарнеў, Сагнуўся. Ён цяжка сеў на лаву і схіліў галаву.
— Ну то што вы выхадзілі, дзядзька? — запытаў Ладымер.
Талімон махнуў рукой.
— А што ён кажа?
— Ён і гаварыць не хоча...
— Як гэта не хоча? — здзівіўся Ладымер.
— Не магу, кажа, от і ўсё...
— Ну і гад! Гэта ўжо гад дык гад!..
Ладымер, мабыць, вельмі расхваляваўся, бо пайшоў да печы, выбіў аб прыпечак усё, што было ў яго люльцы, усунуў яе ў кішэню, плюнуў у кут, дзе стаялі ажагі, і рашуча падышоў да Андрэя.
— То што будзем рабіць?
Андрэй ведаў, што зробіць усё, што можа, усё, што ў яго сіле.
— Пайду да Сулкоўскага сам,— прамовіў ён.— Пагавару. За горла яго не возьмеш... Таварыша ў мяне няма. Каб быў Марцін Крываблоцкі, той бы знайшоў рады папу. Не ведаю, што я даў бы, каб Марцін быў дома.
У Талімона на нейкі момант у вачах успыхнула надзея. Ладымер зноў палез у кішэню і дастаў люльку.
— Слухай, Андрэй,— прамовіў ён.— Яму трэба добрую чарку паставіць. Ён, скажам, так... у карты прагульваецца, а выпіць няма за што. Гарэлку ж ён любіць больш, чым кот смятану.
— Не тое ты гаворыш, Ладымер. Выпіць з ім, вядома, трэба, ды яшчэ на заўтра пакінуць, але гэта тады, калі будзе зроблена справа. А адразу ў хату з гарэлкай не пойдзеш.
— Маўчы ты! Ён, калі знюхае, што ў цябе ў кішэні гарэлка, то сам за табою пабяжыць, як сабака за косткай.
Тут Ладымер запусціў руку ў кішэню, выцягнуў адтуль самаробны кашалёк, такі стары і выцерты, што невядома, з чаго ён зроблены, са скуры ці з анучы, развязаў яго і выняў спачатку адзін рубель, потым другі, потым трэці. Рублі былі такія ж старыя, як і кашалёк. Ладымер пакруціў іх каля носа, каб лепш разгледзець, і працягнуў Андрэю.
— Бяры, Андрэй. Трэба, каб у кішэні грошы былі. Ісці без грошай да гэтага чортавага папа нельга.
Андрэй бачыў, як нялёгка Ладымеру расстацца з гэтымі пакамечанымі рублямі, якія немаведама колькі ляжалі ў кашальку. Аднак жа ён перамог сябе, аддае свой небагаты леснікоўскі набытак, які, напэўна, хаваў і ад жонкі, каб у Старочыне ці ў Слуцку, калі занясе яго туды бог, смела выпіць чарку з сябрамі. У горле ў Андрэя нешта заказытала. Ён адвёў Ладымераву руку і сказаў: