Выбрать главу

На дварэ зіхацела сонца. На ржэўніку абапал дарогі вісела павуцінне. Набліжэнне восені ўжо адчувалася ў прыродзе. Зніклі жаўранкі, пакінулі стракатаць конікі. Апусцелыя палі і лугі навявалі сум. Але ўсё гэта Халусту не кратала. Ад Хаімавага млына ён ішоў проста да свае кузні. Здалёк убачыў, што ў сына хапае работы, бо каля кузні стаяла некалькі падвод з плугамі і баронамі.

Халуста заскочыў у кузню. Мікалай трымаў у горне лямех, высокі пажылы мужчына вагаў рычаг ад мяха, а двое сядзелі каля дзвярэй і курылі. Халуста замест «дзень добры» вылаяўся і памкнуўся быў накінуцца на сына, але той выхапіў з горна белы распалены лямех і, махнуўшы каля самага бацькавага носа, імкліва паклаў яго на кавадла. Халуста імгненна апынуўся каля дзвярэй, зачапіўся нагой за парог і расцягнуўся на зямлі. Такія жарті*і ў бацькі з сынам адбываліся не адзін раз. Мужчыны, што былі ў кузні, пакаціліся з рогату. Халуста падхапіўся з зямлі, агледзеў сябе ашалелымі вачыма, памацаў нос, потым падышоў да дзвярэй кузні (зайсці туды ён больш не адважваўся) і кляў сына так, як умеў. А клясці ён умеў не абы-як.

— Злодзей! Накольнік! Арыштант! Шэльма! Шыбенік! Бандыт! Разбойнік! Байструк! Каб ты сабе вочы павыпальваў! Паламаў ногі! Выкруціў рукі! Здох! Згінуў! Апруцянеў!

Выказаўшы ўсё, што ведаў, хвіліну памаўчаў і дадаў не то са здзіўленнем, не то з захапленнем:

— Ліха ма-а-тары тваёй! У каго ты такі ўдаўся!

— Ідзі дамоў, бацька! — як нічога і не было, адказаў Мікалай.— Маці прыходзіла зваць.

— Пацалуй мяне ведаеш куды? Разам з тваёй маткай. Думаеш, я не ведаю, што ты мне ўсіх грошай не аддаеш! Крадзеш! Злодзей! Я табе пакажу-у!

У кузні грукаталі молаты. Звінела жалеза. Мікалай, мабыць, і не чуў бацькавых слоў. Халуста пакрычаў яшчэ трохі і пасунуўся дадому.

Калі ён увайшоў у свой двор, жонка Настуля капала на агародзе бульбу.

— Гэй! — гукнуў яе Халуста.— А дзе Малання?

Малання была Халустава служанка, і бульбу звычайна капала яна. Сёння на агародзе яе не было, і гэта зацікавіла Халусту.

— Ты чуеш, качарга?

Настуля, накульгваючы, падышла да плота і адказала такім голасам, ад якога добрыя людзі млеюць:

— Антыхрыст! Дзе ты валачыўся? Уцякла Малання.

— Як?

— Уцякла Малання!

Да Халусты, нарэшце, дайшло.

— Калі? — запытаў ён.

— Пасля снедання. Табе ж, люцыпару, і бяды няма.

— Ліха матары вашай! — закрычаў Халуста.— Гэта ты, крывая кабыла!..

— Ну-у! — пагражальна адгукнулася Настуля, і Халуста не кончыў таго, што хацеў сказаць. Ён паказаў Настулі кулак, а яна яму дулю, і гутарка на гэтым кончылася.

Яўхім Халуста зайшоў у хату, сеў каля стала і задумаўся.

  РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Іван Аўсянік першыя дні адчуваў сябе ў хаце Андрэя Сташэвіча вельмі няёмка. Як ні кажы, а жыў ён цяпер у чужых людзей, у шляхецкім засценку, у шляхецкай сям’і. Ён прыглядаўся да побыту гэтых людзей, стараўся знайсці ў ім нешта такое, што б адрознівала іх жыццё ад жыцця мужыцкіх сямей у Чыжэвічах, і не мог нічога такога знайсці. Хіба толькі гаворка трохі адрознівалася. Ён з падазронасцю і недаверам глядзеў на Андрэя, бо чуў пра яго нямала дрэннага. Лічыў, што гэты малады шляхцюк злы, ганарлівы, мужыкоў за людзей не лічыць, і з недаўменнем адзначаў, што нічога такога не знаходзіць. Можа не прыйшла яшчэ пара паказаць яму самога сябе такім, які ён ёсць.

Горш за ўсё было тое, што Іван Аўсянік быў сарамлівы хлапец. І асабліва саромеўся Алены. Нават пад’есці як трэба не мог, калі яна на яго глядзела. А глядзела яна на яго часта. Варта было Івану ўзняць вочы, як яны сустракалі Аленін позірк. І быў гэты позірк цікаўны і крыху нахабны. Іван чырванеў, апускаў вочы, рукі яго пачыналі дрыжаць, і Іван рады быў лепш праваліцца скрозь зямлю, чым сядзець за гэтым сталом.

Адным словам, цяжка было прывыкаць да новага жыцця. Цягнула дадому, у сваю хату, бо тут ён нават чытаць саромеўся. Кнігі, якія даў яму дзядзька Марцін, ляжалі ў куфэрку не прачытаныя, і ён баяўся іх выняць. Не Андрэя баяўся, а Алены, што смяяцца будзе...

Не ведаў, як звяртацца да Андрэя, як яго зваць. Панам ці дзядзькам? Прасцей было са старой Аксеняй. Яна нагадвала яму маці, таму і выйшла неяк звычайна, калі ён назваў яе цёткай. З Аленай гаварыць яму не даводзілася. Загады па гаспадарцы даваў Андрэй. Іван спачатку абыходзіўся словам «вы», але на кожны выпадак гэтага слова не хапала. Як, напрыклад, гукнуць свайго гаспадара: «Вы, ідзіце сюды» або «Вы, што мне рабіць?»

Аднойчы Іван прыехаў з ворыва, паставіў коней у хлеў, а сам пайшоў да Андрэя, які быў у гумне. Той сядзеў на калодцы і курыў.