— Хопіць у мяне грошай, каб напаіць папа. Не грошы мне трэба, Ладымер, а таварыш. Марцін Крываблоцкі мне цяпер... Або хоць другі хто...
— То можа Ян пайшоў бы?
— Нельга нам, абодвум Сташэвічам, ды яшчэ братам, ісці.
— Ну то я пайду! — раптам узгарэўся Ладымер.— Не вялікі я гаварун, але калі, скажам, што якое, то па слова ў кішэню не палезу. Як ты думаеш?
— Ну, вядома...
Ладымер паспешліва закруціў свой кашалёк, запхнуў туды, дзе ён быў дагэтуль, і схапіўся за шапку.
Не вельмі быў рады Андрэй такому таварышу, але калі не было лепшага, то добра быў і гэты. Ён пачаў апранацца.
— Пачакайце, суседзі... Я па грошы дадому схаджу,— прамовіў Талімон такім голасам, нібы толькі прачнуўся пасля цяжкага сну.
— Потым, дзядзька,— адказаў Андрэй.— Нам некалі чакаць.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Тая ноч надоўга асталася ў Андрэевай памяці. Часта ўспамінаў яе і Ладымер. Усю дарогу ад Малінаўкі да Чыжэвіч іх мачыў дождж. Быў ён дробны, але густы і спорны. Пад нагамі таксама хлюпала. Невясёлая была дарога, бо Андрэй не меў надзеі, што з іх хадзьбы нешта выйдзе.
Папа Сулкоўскага яны засталі дома. Ён прыняў іх вельмі непрыветна, на Ладымера нават не зірнуў, нібы той не чалавек, а пустое месца. Ладымеру гэта вельмі не спадабалася: мог поп быць са шляхціцам трохі ветлівейшы; ён ужо выцягнуў з кішэні сваю люльку і тытунь, але Андрэй таўхануў яго локцем, і ён хоць і нехаця, але схаваў свае курцоўскія прылады.
Гаворка вялася ў кухні, бо поп не запрасіў сваіх парафіян у пакоі; можа таму, што абодва былі мокрыя, а з ботаў нацяклі на падлогу цэлыя лужыны бруднай вады.
— Скажыце, Сташэвіч, а вы што маеце да гэтай дзяўчыны? Ці можа ваш таварыш мае? — з’едліва запытаў поп.
Ладымер фыркнуў і надзьмуўся, а Андрэй трымаў сябе ў руках.
— Я, айцец Сцяпан, самы блізкі сусед Талімона Бялькевіча. Ведаю гэтую сям’ю з малых год. Гарэтная сям’я, і мне шкада яе. Калі пахаваць дзяўчыну без адпявання і не на могілках, то бацька не перажыве такога гора. Астануцца сіраты. Вы свяшчэннік, пачуццё жаласці ў вас павінна быць.
— Пачуццё жаласці! Дорага б яно мне каштавала гэты раз! Беззаконіе! А Талімон Бялькевіч сам быў у мяне, і я яму растлумачыў, што беззаконія рабіць не магу.
Тут не стрымаўся Ладымер:
— Беззаконіе! Ды вы, бацюшка, гаварыць з ім не захацелі. От гэта ўжо беззаконіе.
Поп не мог пакінуць гэтых слоў без увагі.
— Вы мяне абражаеце, Некрашэвіч, і я мог бы паказаць вам на дзверы, але я гэтага не зраблю... Я гаварыў з Бялькевічам, колькі было трэба. А вам зусім няма чаго мяшацца ў гэтую справу.
«Не мог памаўчаць і ўсё сапсаваў»,— падумаў Андрэй пра Ладымера.
— Не, айцец Сцяпан, не тое кажаце,— загаварыў ён.— Вы нас адразу абразілі, мы змоўчалі... А ў справу гэтую мы павінны былі ўмяшацца, бо такое пахаванне будзе ганьбай для ўсяго засценка. І каб мы маглі, то знайшлі б таго, хто вінаваты ў смерці гэтай дзяўчыны. Дзіцяці, можна сказаць... Бо мы ведаем гэтага злачынцу. Вельмі шкада, што людзі адукаваныя, тыя, хто абавязаны стаяць на варце чалавечых законаў, разважаюць не так, як трэба.
— Вы гаворыце пра мяне, Сташэвіч?
— Пра вас.
Поп усміхнуўся.
— Што вы за чалавек, Сташэвіч? — прамовіў ён.— Не разумею. Гаворыце вы разумна, я нават здзіўлены, а дзейнічаеце неразумна. Хто такі я? Маленькі чалавек — сельскі свяшчэннік. Што я магу зрабіць? Нічога! Я павінен выконваць свае абавязкі і падпарадкавацца законам. А вы што мне прапануеце? Беззаконіе!.. А пільнаваць законы пастаўлены іншыя людзі. Ну от хоць сабе ўраднік Беразоўскі. Ды ён якраз і дома сёння, у свайго разбойніка-цесця.
Апошнія словы былі сказаны такім тонам, што Андрэй зразумеў: не любіць поп і Арлоўскага і яго зяця. Ці даўно гэта стала? Зразумеў Андрэй і тое, што поп хоць і можа што зрабіць, то ўсё роўна не зробіць, і можа толькі таму, што да яго прыйшоў Андрэй Сташэвіч. Сулкоўскі яшчэ не забыў споведзі і будзе за яе помсціць. Таму лепш канчаць гаворку.
— Скажыце, айцец Сцяпан, што трэба, каб вы адпелі і пахавалі Лісавету Бялькевіч, як усіх людзей?
— Настырны вы чалавек, Сташэвіч, але я скажу вам проста: трэба не вельмі многа, але вы гэтага не зробіце. Нават вы не зробіце,— з прыціскам сказаў поп.
У Андрэя пачало цямнець у вачах ад злосці, і ён, напэўна, абразіў бы папа, але тут азваўся Ладымер.