Выбрать главу

— Адзін не зробіць, то можа мы, скажам, удвух зробім,— ён засунуў руку ў кішэню, мабыць, хацеў дастаць свой кашалёк.— А то трэцяга і чацвёртага пашукаем.

Сулкоўскі зразумеў яго рух і скрывіўся.

— Не зразумелі вы мяне, Некрашэвіч. Не пра грошы я намякнуў. Мне трэба дакумент ад доктара аб тым, што гэтая дзяўчына не самагубца, а памерла сваёй смерцю. Вось тады я яе адпяю, як адпяваю ўсіх. Калі вам удасца купіць у доктара такі дакумент, купляйце яго хоць усім засценкам, калі зможаце. Калі зможаце! — паўтарыў ён і з’едліва ўсміхнуўся. Поп, вядома, быў упэўнены, што такія дзеячы, як малінаўцы, не змогуць зрабіць гэтага, ды і грошай пашкадуюць.

— Добра, айцец Сцяпан,— задыхаючыся ад гневу сказаў Андрэй.— І калі дакумент будзе, вы даяце слова, што не адмовіцеся пахаваць Лісавету Бялькевіч?

— Даю такое слова.

— І не будзеце пісаць даносаў на доктара, які прадасць такі дакумент, і на тых шляхцюкоў, што яго купілі?

Поп пабялеў.

— Як вы смееце так гаварыць са мною!

— Айцец Сцяпан, вы даяце такое слова?

— Я не ўраднік, да вашага ведама... Вы, Сташэвіч, залішне смелы, от што я вам скажу.

— Так, айцец Сцяпан, я не баязлівец, вы гэта даўно ведаеце. Хадзем, Ладымер. Ты чуў, што сказаў айцец Сцяпан?

— Чуў, не глухі яшчэ. Бацюшка абяцаў. Два разы абяцаў, я гэта чуў.

Калі яны выйшлі ад папа, на дварэ пасвяжэла. Вецер павярнуўся з паўночнага боку. На небе рассейваліся хмары. Абрыўкі іх яшчэ плавалі ў вышыні, але адтуль пазіралі на зямлю халодныя зоркі. Капеж са стрэх кончыўся, зрэдку толькі падалі з ледзячкоў апошнія кроплі і замярзалі на зямлі. Пад нагамі скрыпела.

Андрэй думаў пра папа. Сукін сын, адабраў у іх усю надзею. Куды цяпер пойдзеш! Сапраўды, хіба яны дастануць у доктара такі дакумент? Ці можна без знаёмства наогул дастаць яго? Эх, няма Марціна Крываблоцкага. Той бы нешта зрабіў... Доктарам у Старочыне быў нейкі Кнопф, не то паляк, не то немец. Гэта быў суровы чалавек, які вельмі мала гаварыў, але вельмі добра лячыў. Ён быў хірург, і не раз яго выклікалі ў Слуцак, калі там трэба было зрабіць сур’ёзную аперацыю. Акрамя таго, пра яго гаварылі, што ён не робіць розніцы між багатымі хворымі і беднымі. Для яго ўсе хворыя аднолькавыя. Андрэй ведаў гэтага доктара, як ведала яго не адна Старочынская воласць, але знаёмства з ім не меў ніякага. А што, каб звярнуцца да яго?! Можа што і выйшла б.

Раптам у Андрэеву галаву прыйшла думка: чаму гэта Сулкоўскі некалькі разоў памянуў урадніка? І памянуў не толькі без прыязні, але нават з нянавісцю. Што ж гэта такое? Проста не мірацца або ёсць нешта большае, глыбейшае?

— Ведаеш што, Ладымер,— сказаў ён.— Хадзем да Беразоўскага.

— Да ўрадніка?

— Але.

— Ачмурэў ты, Андрэй!

— Не... Ёсць у мяне думка, адна. І калі мы пачалі ўжо, то не будзем спыняцца на паўдарозе. Удасца ці не ўдасца, а паспрабаваць трэба. На папу свет клінам не сышоўся.

— А добра ты кажаш! — ажывіўся Ладымер.— Калі пойдзеш ты, то і я з табою. Можа, скажам, і ўраднік тое самае скажа, што і поп... А ў халернага папа і закурыць не прыйшлося...

Час быў не ранні. Андрэй не вельмі спадзяваўся, што ўраднік не спіць. Напэўна, ужо ў ложку з маладой жонкай.

На кухні іх сустрэў Арлоўскі і ўзрадаваўся. Адразу два чалавекі. Чаго яны прыйшлі так позна? Вядома, купіць гарэлкі. Менш за дзве бутэлькі не купяць. Справа ў тым, што як толькі Арлоўскі прыняў урадніка ў прымы, чыжэвіцкія мужыкі, ды і наогул усе, пачалі радзей заходзіць да сядзельца і купляць гарэлку. Гэта вельмі не падабалася Арлоўскаму. А тут прыйшлі два.

Андрэй адразу заўважыў, што рыжай Мар’яны ўжо няма. Замест яе ў мыцельніку кешкалася пажылая жанчына. Мабыць, у хаце нядаўна павячэралі, і яна мыла посуд.

— Чаму ж так позна, панове? — запытаў Арлоўскі.— Але вы не часта да мяне заходзіце.

— Мы па справе, пане Арлоўскі,— прамовіў Андрэй.— Нам трэба пабачыць пана ўрадніка.

У сядзельца выцягнуўся твар.

— Пана ўрадніка? — запытаў ён і памыляў тонкімі губамі.— Не ведаю, панове, ці прыме вас пан ураднік. Ён жа не на службе, а дома.

— А мы не па службовай справе, пане Арлоўскі,— растлумачыў Андрэй.— У нас прыватная справа.

— Але, пане сядзелец,— падтрымаў Ладымер.— У нас не зладзейства і, скажам, не рабаўніцтва.

— Вы яму скажыце, пане Арлоўскі.

Сядзелец нехаця выйшаў.

Ладымер нарэшце выняў тытунь і люльку.

— А я ўсё роўна закуру,— сказаў ён.— Горш не будзе... Бо калі мы ў папа нічога не выхадзілі...

Тым часам Арлоўскі сказаў свайму зяцю, які сядзеў за сталом з маладой жонкай і гуляў з ёю ў карты, што да яго прыйшлі з Малінаўкі Андрэй Сташэвіч і Ладымер Некрашэвіч. Гэта трохі здзівіла ўрадніка і вельмі зацікавіла. Ён павярнуўся да жонкі і, лагодна ўсміхаючыся, сказаў: