Выбрать главу

— Андрэй Сташэвіч — гэта твой былы кавалер, Адэля? Прыняць яго ці не прыняць?

Адэля састроіла нездаволеную грымасу, каб паказаць, што ёй не падабаецца гэты напамінак.

— Ён жа не да мяне прыйшоў, гэты мой былы кавалер.

— Не сярдуй, дарагая, я пажартаваў. Я прыму іх абодвух. Скажыце, хай зойдуць. А ты, дарагая...

Адэля нездаволена зірнула на мужа, устала з-за стала, крутнулася і выйшла ў суседні пакой.

— Вельмі ж у іх ногі брудныя,— буркнуў Арлоўскі.— Можа б у кухні прыняць...

— Яны шляхта. У кухні іх прымаць нельга.

Беразоўскі, не ў прыклад папу, прыняў малінаўцаў ветліва, ледзь не па-сяброўску, адразу запрасіў сесці. Ён уважліва слухаў, што расказваў Андрэй, і не менш уважліва вывучаў яго твар. «Не, ён не злодзей,— думаў ён, успамінаючы Халустаў данос.— А дазвол на вобыск у яго і ў Ашакевіча ўжо атрыманы... Складаная справа, чорт вазьмі».

Калі Андрэй кончыў расказваць, ураднік сказаў:

— Я ведаю, што адбылося ў Малінаўцы. Прыскорбны факт. А цяпер скажыце, чаму вы прыйшлі іменна да мяне? Што магу зрабіць я? Я толькі ўраднік, хіба я магу загадаць Сулкоўскаму? Яму можа загадаць архірэй. А ён жа проста адмахнуўся ад вас. Шэльма! Хто яго правяраў бы, калі б ён пахаваў палюдску гэтую няшчасную? Ніхто! Я са свайго боку пакрыў бы гэтую справу. Ён можа яе пахаваць, але не хоча. На злосць вам, пане Сташэвіч!.. А я разумею і вас і падтрымаў бы, але, паверце, я бяссільны.

— Тое самае сказаў нам і Сулкоўскі.

— І зманіў. Ён не бяссільны. А я што? Не магу ж я загадаць доктару Кнопфу, каб ён выдаў дакумент аб смерці Лісаветы Бялькевіч ад хваробы. А мне хочацца ад усёй душы памагчы вам.

Ён на нейкую хвіліну задумаўся, потым засмяяўся.

— Дык ён, шальмец гэты, наш поп, паслаў вас да мяне?

— Не, але ён некалькі разоў казаў, што ён не ўраднік, і мы падумалі, што вы, як ураднік, можаце нам памагчы.

— Ах поп, поп! Што ён меў на ўвазе, успамінаючы ўрадніка? Не разумею. Ад усёй душы хацеў бы памагчы вам, хоць бы на злосць духоўнаму пастыру, такому абыякаваму да свае паствы...

— Ты можаш, Антось! Ты можаш! — раптам пачуўся жаночы голас. Быў ён такі нечаканы, што Андрэй і Ладымер аж здрыгануліся. Каля іх стаяла Адэля, якая ўвесь гэты час стаяла каля дзвярэй у суседнім пакоі і падслухоўвала. Нарэшце не вытрывала і ўмяшалася.

Андрэй здзівіўся, што мова яе з птушынай ператварылася ў чалавечую. Дзе і падзелася яе тая дзявочая картавасць!

— Як я змагу памагчы ім, Адэля? — збянтэжана запытаў Беразоўскі.

— Зможаш, Антось,— стаяла на сваім Адэля.— Ты павінен узяць у доктара Кнопфа такі дакумент, які патрэбен.

— Яна звар’яцела, панове,— звярнуўся Беразоўскі да Андрэя і Ладымера.— Я сам шляхціц і заўсёды спачуваю шляхце. Але ў дадзеным выпадку я бяссільны.

— Я не звар’яцела, Антось. Ты возьмеш такі дакумент.

— Як я яго вазьму, неразумная жанчына?

— Паедзеш у Старочын і возьмеш. Ты ж заўтра едзеш. Кнопф табе дасць усё, што ты папросіш.

Андрэй з удзячнасцю зірнуў на Адэлю. Ніколі ён не чакаў, што яна падтрымае яго.

— Як гэта ён дасць! — запярэчыў жонцы Беразоўскі.— Неразумнае разважанне, чыста жаночае.

— Чыста жаночае разважанне? От як! Тады ты не мужчына. Сапраўдны мужчына не дазволіць здзекавацца з цела жанчыны, якая так трагічна загінула.

«Малайчына ж ты, Адэля», — з захапленнем думаў Андрэй.

— Яна — дзіця, а не грэшніца,— гаварыла Адэля.— Я яе бачыла на каляды, калі яна ішла ў царкву. Вунь бачыш, людзі прыйшлі ў такое надвор’е шукаць твае дапамогі, а ты... Ты павінен зрабіць гэта, Антось!

Беразоўскі слухаў, слухаў, нарэшце засмяяўся.

— Бачыце, панове! Хто тут ураднік, я ці яна? Ну, што мне цяпер рабіць? — жартам запытаў ён.

— Раніцай ехаць да Кнопфа,— адказала Адэля.— І ты гэта зробіш, Антось. Абяцай мне!

— Ну, як я магу абяцаць! А калі Кнопф адмовіцца? Чаму ты так упэўнена, што Кнопф гэта зробіць?

— І я з табой паеду! — рашуча заявіла Адэля.— Ён мне не адмовіць. Паеду!

— Тады я здаюся. Толькі я нічога не абяцаю. Не магу абяцаць, бо не веру, што нешта выйдзе. Не веру. А ты, калі верыш, то абяцай.

— Я абяцаю! Пане Сташэвіч! Заўтра я прывязу дакумент ад доктара. Гэта будзе падвечар. Мы заткнём рот гэтаму папу. Толькі Лісавету прыйдзецца пахаваць паслязаўтра. А заўтра вечарам няхай стары Бялькевіч прыйдзе да мяне.

— Ну от, панове,— яўна прыкідваючыся нездаволеным, сказаў Беразоўскі.— Вам трэба было адразу звяртацца не да мяне, а да мае супругі. Яна дала вам слова, няхай стрымае.