Выбрать главу

Калі, падзякаваўшы і развітаўшыся, Ладымер і Андрэй выйшлі ў кухню, Ладымер зноў палез ў кішэню і выняў не люльку з тытунём, а свой стары кашалёк.

— Чорт яго бяры, Андрэй, але нам хапіла сёння,— сказаў ён.— Возьмем бутэльку, а то пасля такой работы і захварэць нядоўга.

— Бяры,— абыякава адказаў Андрэй.

Дома ўжо, лёгшы спаць, ён думаў і думаў і ніяк не мог заснуць. Усё, што адбылося сёння, здавалася яму неверагодным. Ён думаў пра папа і ўрадніка, пра ўраднікаву жонку і не мог зразумець, чаму поп так рашуча адмовіў у іх просьбе, чаму нарэшце даў згоду Беразоўскі. Што, нарэшце, прымусіла Адэлю — гэтую ганарлівую палячку — так рашуча прыйсці ім на дапамогу. А ўсё тлумачылася вельмі проста. Калі Беразоўскі стаў зяцем Арлоўскага і пачаў праз дзень, а то і кожны дзень прыязджаць да жонкі, Сулкоўскі вырашыў, што знайшоў яшчэ адзін аб’ект, дзе можна пажывіцца, і загарэўся жаданнем пасябраваць з ураднікам. Гэта яму вельмі лёгка ўдалося. Поп, вядома, адразу прапанаваў пагуляць у карты. Беразоўскі быў рады: трэба ж неяк бавіць час, а якая інтэлігенцыя ў Чыжэвічах? Але не ведаў поп, з кім садзіцца гуляць. Ён лічыў гэтага ўрадніка праставатым. Аднак у першы ж вечар гэты праставаты ўраднік злавіў папа, як кажуць, за руку. Не такі быў Беразоўскі, каб ні за што ні пра што аддаваць свае грошы папу-шулеру.

— Як гэта вы называеце? — запытаў ён.

— Я вас не разумею, Антон Іванавіч...

— Не разумееце? Ды вы махлюеце, айцец Сцяпан!

— Што? Вы мяне абражаеце! — закрычаў поп.

— Не махлюйце!

— Што вы сказалі?! — абурыўся поп.

— Не махлюйце! От што я вам сказаў! — узлаваўся ўраднік.

— Я вас за аскарбленіе...

Беразоўскі не даў яму кончыць.

— А я вас за шулерства. Гэта ўгалоўнае прэступленіе, калі хочаце ведаць. У карты гуляць дазволена, гэта забава, а займацца шулерствам — не. Бо гэта вараўство. От у чым справа, айцец Сцяпан. Я, між іншым, і раней чуў пра такія вашы прадзелкі, а цяпер сам бачу.

— Вы не смееце! — закрычаў поп.

— Смею,— спакойна адказаў ураднік.

Разгарэлася гарачая сварка, і прыяцелі разышліся смяртэльнымі ворагамі. От гэта і паслужыла прычынай таго, што Беразоўскі на злосць папу згадзіўся памагчы малінаўцам. Тым болей, што, ажаніўшыся, ён вырашыў кінуць службу, стаць гаспадаром, а з будучымі суседзямі трэба жыць у згодзе. Акрамя таго, яму хацелася сёння дагадзіць Андрэю, бо рыхтаваў яму вялікую непрыемнасць у самы блізкі час. Як тады зірне на яго Андрэй, калі ён не будзе ўраднікам? Беразоўскі ведаў, што гэты чалавек смелы і помслівы. Адэля ж хацела паказаць Андрэю, як яе шануе і паважае муж, як ён яе слухае. Ды і сэрца ў гэтай жанчыны не зусім зачарсцвела ў хаце скупога сядзельца: яна шчыра шкадавала Лісавету, такую маладзенькую і такую няшчасную.

Поп Сулкоўскі, вядома, адразу даў бы згоду, каб яму паказалі сотню рублёў, але ніяк не менш. Поп са сваёй матушкай натрапіў у Слуцку на «добрую кампанію» і прагуляўся, не было за што выпіць, а цяпер, пасля сваркі з Беразоўскім, ён не мог узяць у сядзельца ў доўг. Ён быў упэўнены, што заўтра яму прынясуць грошы. Не дазволіць шляхта, каб пахавалі дзяўчыну без адпявання.

  РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ

Лісавету пахавалі на трэці дзень пасля яе смерці. Адэля Беразоўская стрымала слова: прывезла ад доктара Кнопфа даведку, якая так была патрэбна.

Сулкоўскі здзівіўся, калі Талімон прыйшоў да яго з гэтай даведкай. Ён не ведаў, як Талімон дастаў яе. Ён ніколі не думаў, што да гэтага прыклаў руку яго вораг ураднік і яго жонка. Ён меркаваў, што гэта работа Андрэя Сташэвіча і яго сяброў і сваякоў: сабралі грошай і купілі, а можа яшчэ і настрашылі доктара Кнопфа. Сулкоўскі нават раскаяўся, што не намякнуў тады Ладымеру і Андрэю пра грошы. Не далі б сотню, хапіла б паўсотні, і то грошы. А цяпер трапілі гэтыя грошы чорту ў зубы — католіку Кнопфу. Што яму да таго, як паміраюць праваслаўныя і як іх хаваюць! Сулкоўскі ледзь зубамі не скрыгаў са злосці і на самога сябе, і на Сташэвіча, і на Кнопфа. Ён, праўда, мог бы адмовіцца ад пахавання, падняць скандал, даказаць, што даведка фіктыўная, што тут цэлы падлог, калі не горш, але паспрабуй крані гэтых людзей, то выкрыюцца ўсе паповы грахі. І ён, сціснуўшы зубы, паехаў у Малінаўку хаваць Лісавету.

Хавалі яе ў другой палавіне дня. Дзень стаяў ясны, цёплы; раніцай трымаўся марозік, а ўдзень пачало раставаць. Маладзейшыя па чарзе неслі труну. За труной ішла ўся Малінаўка, за выключэннем Халустаў і тых, хто не мог выйсці з хаты. Каля могілак чакаў натоўп жывічан, таксама ўвесь засценак. І цяпер канчаткова ўпэўніўся Сулкоўскі, якую вялікую памылку ён зрабіў бы, калі б адмовіўся ад пахавання.