Выбрать главу

Калі насыпалі магілу і паставілі на ёй невялікі крыж, людзі пачалі разыходзіцца. Сулкоўскаму карцела сустрэцца з Андрэем адзін на адзін і давесці яму, што каб ён, Сулкоўскі, захацеў, то паставіў бы на сваім, і калі гэта не адбылося, то толькі па яго добрай волі. Нібы зразумеўшы яго жаданне, Андрэй адстаў ад гурту і пачаў закурваць. Сулкоўскі далучыўся да яго, і яны пайшлі ўдвух, ззаду ўсіх.

— І ўсё-такі, Сташэвіч, справа гэтая незаконная,— пачаў ён.

Андрэй зрабіў выгляд, што не разумее, аб чым гаворыць поп.

— Што незаконнае, айцец Сцяпан?

— Незаконнае вось гэтае пахаванне. Я ведаю, што вам удалося купіць дакумант у доктара, але ж гэта незаконнае дзеянне.

«Вось калі ты папаўся ў мае рукі!» — падумаў Андрэй і засмяяўся папу ў твар.

— Айцец Сцяпан! Дык гэта ж вы ўтварылі незаконнае дзеянне! Як вы смелі, свяшчэннік, адпяваць яе, гэтую грэшніцу, калі ведалі, што гэта незаконнае дзеянне?

Поп збянтэжыўся.

— Ну, ведаеце... гэта нахабства...

— Якое нахабства, айцец Сцяпан? Калі сёння ўтварылася нешта незаконнае, то вы галоўны вінаваты.

— Дзяўчына кончыла жыццё самагубствам...

— Вы бачылі? Былі пры гэтым? Не, не бачылі, айцец Сцяпан! А от вы запытайце любога чалавека з тых, што ідуць наперадзе, і ніхто вам не скажа, што яна кончыла жыццё самагубствам!

— Ну, ведаеце...

— Запытайце, айцец Сцяпан. Знарок.

У словах Андрэя было столькі ўпэўненасці, што Сулкоўскі не быў перакананы, што можа быць інакш, чым кажа гэты пракляты шляхціц.

— А я вам скажу сакрэт, айцец Сцяпан. Яе забілі.

— Каго?

— Лісавету Бялькевіч. І не адну яе, а і дзіцё, якое яна насіла.

— Я ведаю, што яна была цяжарная.

— Ведаеце? Дык у вас няма не толькі чалавекалюбства, а простай чалавечай жаласці, якая ўласціва тым людзям, якія ідуць наперадзе. Вы старэйшы за мяне і прытым свяшчэннік, але мне сорамна гаварыць з вамі, айцец Сцяпан. І не толькі сорамна, а гадка.

І ён шпаркімі крокамі пайшоў наперад, кінуўшы папа аднаго, і далучыўся да гурту, які падыходзіў ужо да засценка.

Андрэй так сапсаваў папу настрой, што той адмовіўся зайсці да Талімона ў хату выпіць чарку на памінках, не хацеў браць грошай, але ўспомніў, што ў кішэнях пуста, і ўзяў. Тады адразу бухнуўся ў сані, якія ўжо былі падрыхтаваны, і адправіўся да свае матушкі.

Дома Андрэй застаў адну Алену. Яна ляжала на ложку і горка плакала. Пад вокам яе было чорна. Андрэй зірнуў на сястру, успомніў дзень смерці Лісаветы, і злосць зашавялілася ў яго душы. Але калі ён падумаў пра ўсё, што адбылося за апошнія дні, пра сваю перамогу над папом, сэрца яго змякчылася. «Мабыць, і ты перажыла, сястра, і не вельмі лёгка табе». Ён не сказаў Алене ні слова, але аставацца з ёю ў хаце адно на адно не мог. Ён выйшаў. Гумно было адчынена, і ён накіраваўся туды. Іван з рыдлёўкай у руках адкідаў ад гумна снег.

— Ранавата ты за гэта ўзяўся,— сказаў яму Андрэй.

— А можа і заўтра пачне раставаць ці ўночы. Гэтулькі снегу, яшчэ нацячэ ў гумно вады.

— Лепш паспаў бы.

— У хаце Алена...

— Дык што?

— Плача...

— А табе якая бяда?

— Не магу я...

— От як...

Андрэй акінуў Івана доўгім позіркам. І падумаў: «Дык от які ты, Іванко... Не можаш, калі нехта плача. Значыць, і зла ты нікому не зробіш. А я магу! Няхай плача! Няхай!»

— Бяры рыдлёўку ды пойдзем.

Іван нехаця кінуў работу. Андрэй зачыніў і замкнуў гумно. Ён цяпер не пакідаў яго без замка на дзвярах нават днём.

У тую ноч Андрэй спаў як забіты і нічога не сніў. Дзве ночы перад гэтым прайшлі амаль без сну, але тады, здаецца, і спаць не хацелася, а цяпер, калі ўсё кончылася, стома канчаткова зваліла з ног.

Разбудзіў яго Ян. У хаце быў дзень, калі Андрэй расплюшчыў вочы. Маці ўжо выпаліла ў печы, Алена прала. Ян сядзеў каля стала.

— Нейкая напасць на наш засценак навалілася ў гэтым годзе. Кара божая.

— Пра што ты гаворыш, Ян?

— Сымона Ашакевіча трасуць, от пра што.

На душы ў Андрэя стала холадна і цёмна. Ён адразу зразумеў, у чым справа. Калі робяць вобыск у Ашакевіча, то скора прыйдуць і да яго. Упэўнены быў, што нічога не знойдуць, але адно тое, што яго будуць трэсці, як злодзея, было страшна. Андрэя Сташэвіча трасуць, як злодзея! Ён чакаў гэтага, ведаў, што не міне навалы, але не думаў, што на яго так падзейнічае гэтая навала. Ён не гаварыў Яну пра сваю знаходку ў гумне і глыбока раскаяўся. А цяпер не скажаш, позна. А як было б добра пагаварыць з Янам, параіцца. Цяжка, каб ты згарэла... Але ён зрабіў выгляд, што ўсё гэта яго мала цікавіць.

— Хто ж яго там трасе?

— Ураднік, хто ж болей. І стражнік тут. Панятых пабралі.