Выбрать главу

— Чытаю... Я, гаспадзін ураднік, не магу забараніць вам зрабіць вобыск, хоць гэта і найвялікшая абраза двараніну, калі падазраюць у забойстве ці крадзяжы. Аднак, як дваранін, я вам афіцыяльна заяўляю перад гэтымі добрымі людзьмі, з якіх трое таксама дваране: Яўхім Халуста і яго сын Мікалай зладзеі, зрабіце вобыск і ў іх.

— Гэта падобна на тое, што вы мне ставіце ўсловіе, пане Сташэвіч.

— Ні ў якім разе, гаспадзін ураднік! Я хачу абараніць сваю дваранскую годнасць.

— О, каб Халусту страсянуў! — азваўся Ладымер.— З яго б нямала вытрас.

Ураднік імгненна павярнуўся да яго:

— Вы падтрымліваеце Сташэвіча?

— Падтрымліваю.

— Калі на тое пайшло, пане ўраднік, то і я скажу,— дадаў Ян.— Калі трасяце дваран, то трасяніце і гэтага злодзея, сцягача з усяго свету. Вам на гэта ніякі дазвол не патрэбны. Ды вы самі павінны ведаць, што Халуста ўжо сядзеў у турме за крадзеж, і не адзін раз.

Беразоўскі сеў ля стала, бліжэй да кніг, і задумаўся. Потым пачаў перабіраць кнігі адну за адной, нібы рабіў гэта механічна, але перабраў усе. Нарэшце ён устаў.

— Добра, панове,— рашуча прамовіў ён.— Я яго абышчу... Толькі вам прыйдзецца напісаць пісьмовае прашэнне. Мы гэта зробім пасля таго, як абышчам вас, пане Сташэвіч. Мне патрэбен дакумент. А цяпер, пане Сташэвіч, мы прыступім да справы. Павінен паведаміць, што я ўжо зрабіў вобыск таксама ў двараніна Сымона Ашакевіча, і, к майму вялікаму здавальненню, ён не даў ніякіх рэзультатаў. Надзеюсь, пане Сташэвіч, што такія самыя рэзультаты будуць і ў вас. Я сам дваранін, панове, і ў такіх пячальных случаях чувствую так, будта сам нанашу сабе аскарбленіе. З вашага разрашэнія, пане Сташэвіч?

Андрэй не адказаў.

— Макар! — паклікаў ураднік.

Трэба сказаць, што ўраднік і сапраўды «не прыстрасна аднёсся да гэтага дзела». Напрыклад, скрыню старое Аксені і Аленін куфар толькі адчынілі, рыцца ў іх ураднік не дазволіў. І так было відно, што там, акрамя палацён, саматканых абрусаў, ручнікоў і кап, нічога не ляжала. Усё гэта было новенькае, непачэпанае, чужыя рукі не краналіся яго.

Макар з Мартыневічам злазілі на гару, але і там нічога не знайшлі. Аднак ураднік агледзеў усе будынкі: хлявы, свіран, паветку, тады ўсім гуртам пайшлі ў гумно. Сцежка праходзіла поблізу Гарасімавай хаты. Сам гаспадар стаяў у гэты час на ганку.

— Не там шукаеце, гаспадзін ураднік! — сказаў ён, калі з ім параўнаваўся прадстаўнік улады, і, мабыць, сам спалохаўся таго, што сказаў, бо адразу шмыгануў у сенцы.

— Хто гэта такі? — звярнуўся ўраднік да Яна Сташэвіча.

— Гарасім Жукоўскі.

— А-а! Чуў пра яго! Малінаўскі святы.

— Наш святы дурань,— пацвердзіў Ладымер.— Але добры чалавек. Ён дзве ночы над пакойніцай псалтыр чытаў. Лепш за папа. Вельмі граматны.

— Відаць, што граматны,— глыбакадумна зазначыў ураднік.

У гумне ў Андрэя, акрамя сена, канюшыны і саломы, нічога больш не было. Ні аднаго снапа ў тарпах, усё абмалацілі з Іванам. Салома ляжала ўзадзе, і было яе многа; канюшыны асталося толькі што на сяўбу вясной, ды і сена не такі вялікі завал, бо, возячы яго з Волі, кармілі худобу.

— Не вельмі багат і ты,— сказаў Ладымер Андрэю.

— Пароўну ў нас зямлі.

— Мае бабы канюшыну за зіму стравілі, зусім мала асталося,— паведаміў Ладымер.

— Пане ўраднік! — прамовіў Андрэй.— Вы, вядома, будзеце разварочваць салому, сена і канюшыну, то тут я пастаўлю ўмову: усё, што будзе развернута, павінна быць складзена на сваё месца. У мяне няма лішніх грошай, каб наймаць работнікаў, а сваіх рук я да гэтай работы не прыкладу. Не магу.

— А калі мы тут нешта знойдзем?

— Тады складу я сам.

Беразоўскі засмяяўся.

— Не будзем мы нічога разварочваць, пане Сташэвіч. Тое, што мы шукаем, ляжыць недзе неглыбока. Макар!

Стражнік, Мартыневіч і Ладымер з сахарамі пачалі рыцца ў тарпах. Хоць гэта і не быў абавязак панятых, але што ведала пра свае абавязкі цёмная засцянковая шляхта. Мартыневіч вельмі стараўся і аж потам абліўся, а Ладымер агінаўся сабе, прыпёршыся да сцяны.

Нарэшце Макар злез з тарпы.

— Так што нічога не абнаружана, гаспадзін ураднік! — далажыў ён.

— Добра, Макар! Я вельмі рад, пане Сташэвіч,— звярнуўся ён да Андрэя,— што так усё абышлося. Я сам дваранін, і мне было б прыскорбна... Ну, а цяпер я аформлю пратакол, а вы напішыце прашэнне, аб чым гаварылі. Панове, усе ў хату.

Калі нарэшце ўсе пайшлі з хаты, Андрэй адчуў такую млосць, нібы яму наплявалі ў душу. А маці, прыгорбленая, стаяла каля печы і маўчала. Маўчаў і Ян. Цяжка было ўсім.

Першая падала голас Алена:

— Навёў на Халустаў! От малайчына!..— з’едліва прамовіла яна.