Выбрать главу

Ян падняў галаву. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. На гэты раз яму было ўсё роўна.

— Навёў? — раптам закрычаў Іван, і чырвань заліла яго твар.— А ён не навёў? Злодзей гэты! Ён, калі хочаш ведаць...

— Сціхні, Іван,— загадаў Андрэй.

— Андрэй... сынок... Чаго яны ў нас шукалі? — запытала маці.

— Тых трантаў, што Халуста з сынам украў у Зялёнкі. Але яны іх знойдуць у самога Халусты.

— Ага! — сказаў Ян.— Цяпер мне ўсё зразумела. І калі яны знойдуць тыя транты ў Халусты, то наш род астанецца без плямы...

  РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ

Андрэй адчуваў, што сёння ён не зможа проста і смела глядзець людзям у вочы, хоць пры вобыску ў яго і нічога не знайшлі.

Страшная Халустава помста! Але яна магла быць яшчэ страшнейшая, каб не Якаў. Колькі дабра зрабіў яму гэты чалавек! І ніколі ён яму не аддзякуе, бо няма меры гэтай удзячнасці. Хто ён, па сутнасці, быў да знаёмства з Якавам? Ганарлівы засцянковы шляхціц, цёмны, як бот. Якаў адкрыў яму вочы, навучыў разбірацца ў жыцці, і, мабыць, не толькі праз Івана ён пачаў чытаць, але і праз Якава: цягнуўся за ім, не хацеў быць ззаду, ды і цяпер цягнецца, хоць адчувае, што доўга трэба яго даганяць...

Пакуль управіліся з Іванам па гаспадарцы, пачало цямнець. Іван быў узрушаны, вясёлы, усё аж кіпела ў ім, а Андрэй не глядзеў бы на белы свет.

Маці запаліла ў печы, паставіла варыцца бульбу на вячэру; аб’явіла ў хаце пост. Вялікдзень скора, у другую палавіну вялікага посту ніхто не есць скаромнага. Андрэй ведаў прычыну гэтага посту: сала з кубла ўцякло, а каровы, як на ліха, яшчэ не ацяліліся. Але адна ўжо на цяленні. Пачалося жыццё на бульбе, гурках і капусце. Іншы раз варэнікі з макам ды сушанай садавінай — гэта ўжо ласунак. Трэба завезці ў Крывічы льнянога семя ды алею збіць. Семя ў гэтым годзе дай божа! І прадаць можна будзе нейкі пуд. Тараноў ды селядцоў купіць трэба, а то галаднавата. Пакуль сена вазілі, маці скварку на стол падавала, а цяпер ешце, хлопчыкі, тое, што на стале стаіць.

Як толькі Якаў пераступіў парог, Андрэй адразу пазнаў, што з’явіўся ён з добрымі весткамі. Якаў павітаўся з Андрэем, кіўнуў Івану, як свайму, і сеў на лаве. Андрэй глядзеў на яго з нецярплівым чаканнем.

— Каб ты бачыў, Андрэй, што зрабілася з Халустам, калі Макар са старой брычкі ў дрывотніку выцягнуў клунак з Зялёнкавай вопраткай! — пачаў Якаў.

— Значыць, знайшлі! — не вытрымаў Іван.

— Можа б яны і мінулі гэты дрывотнік, каб не Ладымер. «Трэба паглядзець і тут, пане ўраднік». Халуста склаў на жываце рукі, паглядае на мяне, як на звера. Я потым зразумеў, чаму ён так на мяне глядзіць. Макар адразу палез у брычку і пачаў адтуль выкідаць рознае ламачча, потым выцягнуў з сядзення здаравенны клунак у нейкай посцілцы. Халуста вылупіў вочы, пабялеў. «Гаспадзін ураднік, гэта не маё... не, не, не...» Язык адабрала ў гада. Як мярцвяк зрабіўся, паваліцца гатовы. «Ведаю, што не ваша,— кажа ўраднік.— Гэта Зялёнкава».— «Мне яго падлажылі, гаспадзін ураднік!..» — завішчаў Халуста, як парсюк у плоце.— «Хто падлажыў?» — «Сташэвіч і Ашакевіч, пане ўраднік».— «Ну, ведаеце,— кажа ўраднік,— не ўзводзьце паклёп на чэсных людзей. У іх мы нічога не абнаружылі, а гэта знайшлі ў вас, і хто яго сюды паклаў, вам лепш вядома».— «Гэта яны, ліха матары іх, яны...» А сам калоціцца, як асіна. Соплі з носа пацяклі. А ўраднік паківаў пальцам каля яго саплівага носа і кажа: «Я вас арыштую, Яўхім Халуста». От тут і пачалося. Халуста пачаў плакаць...

— Ну, Якаў!..

— Не верыш? Пачаў плакаць горкімі слязьмі і выць, як якая-небудзь няўдалая баба. Гідка было на гэта глядзець і слухаць. Ладымер пачаў плявацца, а Макар пакаціўся з рогату. Тады Халуста рынуўся на мяне, як шалёны сабака. «Гэта ён — гад, злодзей, шэльма, нягоднік, сацыяліст, арыштант, крамольнік... Гаспадзін ураднік, гэта ён!.. Ён валочыцца кожную ноч, ён абакраў Зялёнку, не паспеў сплавіць крадзенае і падсунуў мне...» І схапіў мяне за грудзі. Я яго лёгенька адпіхнуў, а ён, гад, знарок паваліўся і пачаў лямантаваць, што я яго забіваю... Ну, брат, і чалавек! Ураднік кажа: «Устаньце, Халуста, ніхто вас не забівае». А ён, гад, усё роўна ляжыць. «Макар! — гукнуў ураднік.— Падымі Яўхіма Халусту». От тады ён ускочыў. «Гаспадзін ураднік... усё роўна гэта ён, гарадскі басяк, забастоўшчык...» — «Вы нядаўна сцвярджалі, што Зялёнку абрабавалі Сташэвіч і Ашакевіч, а цяпер кажаце, што ваш парабак Якаў Шэмет. Як тады вас зразумець?» — «А яны ўсе разам, гаспадзін ураднік, усе разам, ліха матары іх... Бо гэты Шэмет валочыцца кожную ноч».— «Не валіце з хворай галавы на здаровую, Яўхім Халуста,— кажа ўраднік.— Мы ведаем, куды ходзіць ваш парабак».