Цераз поплаў ішла сцежка з Малінаўкі да Чыжэвіч. Праезджая дарога абыходзіла поплаў. Каля яе стаяў вятрак. Сёння не было ветру, і млын не малоў.
Іван зірнуў на свае Чыжэвічы, і яму стала крыху сумна. І тут ён убачыў, што з Чыжэвіч ідзе ў Малінаўку чалавек і нешта нясе. «Можа хто знаёмы», — падумаў Іван і пачаў яго чакаць.
Чалавек тым часам падышоў да яго і сказаў:
— Здароў, малінавец!
Потым ён зірнуў на кнігі, што ляжалі на поплаве, і вочы яго здзіўлена засвяціліся. Іван адразу пазнаў гэтага чалавека. Гэта быў Якаў Шэмет, Піліпаў брат, што нядаўна вярнуўся з горада. Ён быў і апрануты ва ўсё крамнае і ў руцэ трымаў куфэрак.
— Чытаеш, малінавец? — сказаў Шэмет і зарагатаў.
— Я не малінавец,— адказаў Іван.
— Не малінавец? Ага! То я і падумаў, што лягчэй сустрэць мядзведзя са скрыпкай, чым малінаўца з кнігай. Адкуль жа ты?
— Я з Чыжэвіч.
— З Чыжэвіч? — Якаў паставіў свой куфэрак і сеў на ім.— Чый жа ты з Чыжэвіч?
— Агапін Іван.
— Агапін Іван! Вырас ты, брат, таму я цябе і не пазнаў. Што ты тут робіш?
— Служу ў Андрэя Сташэвіча.
— Служыш і кнігі чытаеш? Гэта, брат, навіна. І ён табе дазваляе?
— Дазваляе.
— Гэта яшчэ больш навіна. Пакажы сваю кніжку. Някрасаў. Добра! Любіш чытаць ці проста так?
— Вельмі люблю.
— Малайцом... Малайцом, Іван...— ён зірнуў на Івана цёплым позіркам.— Дык ты служыш у Андрэя Сташэвіча, таго самага малінаўскага разбойніка.
Іван хацеў запярэчыць, але Якаў загаварыў далей: — Значыць, і цябе мой лёс насцігнуў. Парабкаваць з маладых гадоў і думаць, што і памерці прыйдзецца парабкам — не вельмі зайздросная справа, Іван. Ды яшчэ пачаць гэтае парабкоўства ў такога гаспадара, як твой. Твае ж дзядзькі не дурныя — і Марцін і Пракоп. Не маглі табе лепшага гаспадара знайсці.
— Дзядзька Марцін і параіў мне да Андрэя Сташэвіча ісці.
— Дзядзька Марцін? Ён, мабыць, зусім здурнеў ад гарэлкі! Такому вар’яту аддаць свайго пляменніка.
— Сташэвіч не вар’ят, Якаў. Хоць я ў яго і нядаўна, можа добра не ведаю, але да гэтага часу мне ў яго добра было.
— Добра? — Якаў усміхнуўся.— Кажаш, добра... Дзіця ты яшчэ, Іван. Няма добрых гаспадароў, гэта я табе кажу! Які ён ні добры, а ўсё роўна хоча з цябе сем патоў выціснуць. Мне дваццаць тры гады, я парабкую з маленства. У сем гадоў чужых свіней пасвіў на хутары ў Мелкавічах, потым кароў, а ў дванаццаць гадоў ужо касіў і араў. Розныя былі гаспадары, але добрага не было. Ці мужык, ці шляхціц, а калі багаты, то і свіння. Потым у маёнтку рабіў. Ну, там зусім катарга. Думаў — у горадзе лепш. Тры гады ў дэпо на чыгунцы працаваў. Адна халера. Толькі там ты не адзін. Там таварыства, Іван, от у чым справа. Там усе за аднаго, адзін за ўсіх.
— Дык чаму ж ты адтуль пайшоў?
Якаў неазначальна хмыкнуў.
— Па дому засумаваў. Жаніцца хачу, Іван! — Ён засмяяўся.— Хачу шляхцянку замуж узяць. Таму і іду ў Малінаўку да пана Яўхіма Халусты.
— Да Яўхіма Халусты? — здзівіўся Іван.— Да Яўхіма Халусты то я не пайшоў бы.
— Чаму?
— Да такога разбойніка! Ён — сапраўдны разбойнік.
— Горш, чым разбойнік,— пачуўся збоку разважлівы голас. Гэта Сымон Ашакевіч падышоў да хлопцаў.— Дзень добры, Якаў,— сказаў ён, падаючы Шэмету, руку.— А я цябе не адразу пазнаў. Змяніўся ты крыху.
— Тры гады прайшло.
— Не таму. Вопратка ў цябе не наша.
— Вопратку можна другую надзець. Затое скура тая самая... Гэта не твая пярэстая кабыла?
— Мая.
— Я так і думаў. От на яе другое скуры не надзенеш.
Памаўчалі.
— Дык ты ў парабкі да Халусты?
— Але, Сымон.
— Не ведаю, як ты з ім паладзіш.
— Пабачым. Я, Сымон, цяпер не лыкам шыты... Што ў вас новага ў Малінаўцы?
— Што новага... Старыя паміраюць, малыя растуць, маладыя старэюць...
— Гэта, брат, вечная навіна. Пайду пагляджу на таго разбойніка.
Якаў устаў, узяў свой куфэрак і падаўся ў Малінаўку. Сымон пастаяў крыху і сеў каля Івана.
— Ну, а як ты з Андрэем? Ладзіш з ім?
— Як я з ім магу ладзіць ці не ладзіць! Што ён загадае, тое я зраблю.