— Так, хлопча. А ён не вельмі сварыцца?
— Ні разу яшчэ не сварыўся.
— А ты, хлопча, слухай яго. Ён, мабыць, не такі благі, як пра яго людзі гавораць. Людзі нагавораць!
Іван адчуваў і давер да гэтага чалавека, і адначасова баяўся яго. Можа ён знарок выпытвае, а потым раскажа Андрэю.
— А я, дзядзька, людзей не слухаю.
Пакуль яны гаварылі, Якаў Шэмет быў ўжо ў Малінаўцы. Ён спыніўся каля Халуставай брамы і пастукаў. Ніхто яму не адказаў. Затое на двары залілося брэхам з паўдзесятка сабак. Якіх тут не было галасоў! І залівістыя, і грубыя з падвываннем, і сакатлівыя, але ўсе злыя і галодныя. «Ды ў яго цэлая гайня! — падумаў Якаў, адчыняючы брамку.— Яшчэ парвуць, каб яны падохлі». Але сабакі ўсе былі на ланцугах, і Якаў смела ўвайшоў у двор. Тут ён нос у нос сутыкнуўся з самім Яўхімам Халустам.
— Ліха матары тваёй! Чаго табе трэба? Чаго ты лезеш у мой двор? Што ты хочаш украсці?
— Нічога. Я ўдзень не краду. Мяне да вас Хаім Ножык даслаў.
— А-а, Хаім Ножык! Хаім Сцізорык! Хаім — гад і злодзей! Хаім — шэльма і прахвост! Ён цябе даслаў?
— Але.
— Ты сам з Чыжэвіч?
— Але.
— Што ты мне алекаеш, ліха матары тваёй! Я без цябе ведаю, што ты з Чыжэвіч, што ты Якаў Шэмет, што ты быў парабкам у пана Крупскага і што цябе немец прагнаў, як сабаку.
— Ён мяне не прагнаў. Я пайшоў сам.
— Сам! Ён сам! А дзе ты быў дасюль?
— Працаваў у дэпо.
— У дэпо. Ай-яй! Ён працаваў у дэпо! І адтуль выгналі?
— Сам разлічыўся.
— Не хлусі! Са-ам! Ён усё сам! Рэвалюцыі чакаеш, га? Думаеш, не ведаю! Забастоўшчык! Пракламацыі хаваў ды разносіў! Кніжачкі розныя. Прале... пларэ... пралетарыят! Далоў цара, памешчыкаў і капіталістаў! Затое і выгналі. Ну, не так?
Гэтыя словы былі такія нечаканыя, што Якаў крыху спалохаўся. Няўжо гэты вар’ят нешта ведае пра яго дзейнасць у горадзе? А мо проста крыўляецца.
— Не, не так,— цвёрда сказаў ён.— Каб я гэта рабіў, то мяне пасадзілі б у турму.
— А цябе і пасадзілі б! — упэўнена сказаў Халуста.— Ты ж уцёк. Ты ж хаваўся, шэльма! У паграбах сядзеў! Па гарышчах лазіў. Па сутарэннях туляўся. А цяпер хочаш у мяне хавацца. Ну, не так?
«Крыўляецца, сабака»,— здагадаўся Якаў і супакоіўся. Ён нават не адказаў Халусту. А той агледзеў яго з ног да галавы, цмокнуў языком і выскаліўся, як сабака на высеўкі.
— У чаравіках, га? Ліха матары тваёй, чаравікі абуў. І гарнітурчык, га? Можа і сурдут маеш, і ф-храк! І гальштук! Гаспадзін Шэмет!
Якаў чуў пра гэтага чалавека, бачыў яго ў маёнтку ў Чыжэвічах, меў уяўленне пра яго дзікія дзівацтвы, але такога не чакаў.
— Гаспадзін Халуста,— сказаў ён, беручы ў рукі куфэрак, які да гэтага паставіў на зямлю.— Наша знаёмства кончана. Чэсць імею адкланяцца.
Ён павярнуўся і пайшоў са двара.
— Куды ты? — залямантаваў Халуста, кідаючыся за ім услед.— Ліха матары тваёй, куды ты пабег?
Ён дагнаў Якава на вуліцы і схапіў яго за плечы. Якаў спыніўся.
— Пастой, братачка, пастой! — Халуста засопся, але ўсё яшчэ трымаўся за Якава.
— Пусці,— сказаў Якаў.— Што табе трэба?
— От так бы і сказаў, ліха матары тваёй! Ты да мяне прыйшоў?
— Да цябе. Але я раздумаў.
— А ты не раздумвай!.. Ты не раздумвай! Ты мне скажы: араць ты яшчэ не забыўся?
— Не.
— А касіць не забыўся?
— І касіць не забыўся.
— А баранаваць, сеяць, малаціць, класці вазы, таптаць стагі, пілаваць, секчы, карміць скаціну?
— Умею.
— Малайчына! Будзеш у мяне рабіць.
— Не, Халуста, не буду.
— Дурны-ы! Чаму ты не будзеш?
— Мы не сыдземся ў цане.
— Ат! Чаму мы не сыдземся? Хадзем у хату. Ліха матары тваёй, як цябе ў дэпо абгладзілі!
Халуста і Якаў сыходзіліся ў цане аж да самага вечара. Нарэшце сышліся, бо Халуста прыняў усе ўмовы Якава. Але тут Халусту прыйшло ў галаву, што ён яшчэ не ўсё ведае пра свайго новага парабка.
— Слухай, ты... А гарэлку ты п’еш?
— Калі паставіш, дык вып’ю, а сам за ёю не ганяюся.
— Угу! Сам за ёю не ганяешся. А за дзеўкамі ты ганяешся?
— Не. Я прывык, каб за мною яны ганяліся. Але вашы шляхцянкі за мной, вядома, ганяцца не будуць.
Халуста канчаткова супакоіўся і захіхікаў.
— А ты ім спуску не давай! Ты іх прыціскай дзе-небудзь у кутку! Ліха матары іх, шляхцянак гэтых!
Пасцель сабе Якаў зрабіў у свірне. У Халусты была не хата, а дом, але ў гэтым доме было столькі смуроду, што непрывычны чалавек мог учадзець. Кормных парсюкоў кармілі ў кухні, падлогу мылі не больш за два разы ў год. Ва ўсім доме смярдзела нечым кіслым і гнілым.
Якаў спаць лёг рана, але заснуў не скора. Думаў аб тым, як тут пойдзе яго жыццё. Ён успомніў Халуставы словы аб рэвалюцыі, пракламацыях, забастоўках. Гэты дзікун не такі ўжо дзікі, калі ведае аб тым, што робіцца ў краіне. Ведае ж ён, пэўна, і аб тым, што ў многіх губернях ідуць хваляванні сялян. І хоць сёння ён толькі крыўляўся, абвінавачваючы Якава як забастоўшчыка, але да праўды быў вельмі блізкі. Якаву сапраўды небяспечна было аставацца ў дэпо, і арганізацыя РСДРП паслала яго на работу сярод парабкаў. Ён зусім не думаў наймацца да гэтага вар’ята Халусты, а меркаваў прыстроіцца да пана Крупскага, але аканом Гендарсан не ўзяў яго. Ён яшчэ не забыў неспакойнага Якава Шэмета, завадатара парабкаў. Нічога, прыйдзецца пабыць некаторы час тут. Маёнтак Чыжэвічы за тры кіламетры, можна хадзіць туды кожную нядзелю. Людзі там знаёмыя, свае. Адзін Стась Вярбіцкі чаго варты. Можна і ў Малінаўцы знайсці аднадумцаў. Вось гэты самы Іван Аўсянік. Кнігі чытае. Гэта вельмі добра. Многія вершы Някрасава — таксама рэвалюцыйная літаратура. А Сымон Ашакевіч — малінаўскі бядак! Да гэтага, вядома, трэба падыходзіць асцярожна. Па-першае, шляхціц, па-другое, уласнік, гаспадар пярэстай кабылы. А галота з Чыжэвіч! Працаваць ёсць сярод каго.