Выбрать главу

Думкі зусім прагналі сон. Адчыніў свіран і сеў на парозе. Цёмная ноч ахінула зямлю. Паветра было цёплае, ласкавае. Пахла раллёй і яблыкамі. У засцянковых хатах ужо не было святла. Малінаўка спала. Навокал стаяла цішыня. Маўчалі нават Халуставы сабакі, толькі зрэдку бразгацелі іх ланцугі.

Думаў, што нялёгка будзе тут жыць. Пакуль прывыкнеш да новага месца, да людзей, нямала пройдзе часу. І ўсё роўна ў шляхецкім засценку будзеш заўсёды адчуваць сябе адзінокім. Моладзь будзе глядзець скоса: мужык, парабак. А малінаўскія гаспадары адзін аднаго не любяць.

Ці прыйдзецца яшчэ сустрэцца з Волькай, настаўніцай вячэрняй школы? Так і разышліся, не сказаўшы пра свае пачуцці. І цяпер яна стаіць у яго вачах такая, якая была на апошнім развітанні. Яму хацелася абняць яе, прытуліць да сябе, а яна падала яму руку і сказала:

— Бывайце, Якаў. Вы мне падабаліся. Не забывайце нас.

«Нас»! Чаму не сказала «мяне»! Вядома, не забудзе ні таварышаў з дэпо, ні яе. Ці скора ўдасца пабачыцца? Ён цяпер падняволены чалавек.

Раптам рыпнулі дзверцы ля брамы, і сабачае царства каля Халуставых будынін узняло лямант. Ад хаты, ад стайні, нарэшце, з-пад свірна, амаль з-пад ног Якава, выскачылі здаравенныя барбосы і кінуліся да вуліцы са страшэнным брэхам. Але адтуль пачуўся не менш страшны голас старэйшага Халуставага сына — Юзіка Грома.

— Цыц! Каб вы падохлі!

Сабакі супакоіліся. Юзік заўважыў Якава і падышоў да яго.

— Чаму не спіш?

— Ты ўсё роўна разбудзіў бы, так зароўшы.

Юзік зарагатаў.

— Разбудзіў бы! Ты на вячоркі не ходзіш?

— Якія могуць быць вячоркі ў першы дзень.

— А потым будзеш хадзіць?

— Не ведаю. Калі ваша шляхта прыме.

— Са мною прыме! Будзем разам хадзіць. Ты добры хлопец.

— Адкуль ты ведаеш?

— Чуў, як ты з бацькам гаварыў. Ну, спі. А заўтра я цябе павяду да шляхцянак.

Так Якаў Шэмет знайшоў «сябра» ў Халуставай сям’і.

  РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

У нядзелю раніцай Андрэй сам павёў коней на пашу ў Маргі. У суботу вечарам пусціў Івана дадому аж да заўтрашняй раніцы: хлопец засумаваў без сваіх.

Сонца яшчэ толькі ўзышло. Цеплыня была незвычайная. Нейкая смуга, падобная на дым, стаяла ў паветры, і чым вышэй падымалася сонца, тым гусцей рабілася гэтая смуга. Сонца віднелася праз яе, як праз задымленае шкло — чырвонае і агністае. У прыродзе не адчувалася ранішняй узбуджанасці, усё маўчала. «Да полудня збярэцца дождж»,— падумаў Андрэй. Ён выехаў з засценка на дарогу адзін, але хутка яго пачалі даганяць канапасы. Сёння сярод іх мала было падлеткаў і моладзі. У нядзелю і ў святочныя дні коней пасвілі старэйшыя, бо малодшым трэба было адпачыць і пагуляць.

Андрэй са шляху скіраваў на Белае Балота. Было такое ўрочышча ў Маргах. Толькі чаму яно белае і чаму балота, ніхто не ведае. Не было там нічога белага, а замест балота ляжаў доўгі лужок, у якім трымалася вада толькі пасля дажджоў. Сюды і надумаў завесці коней Андрэй. За ім скіравалі і ўсе засцянкоўцы, бо ў Маргах уся паша была аднолькавая. Бяда была з гэтай пашай. Яшчэ каровы ды авечкі сяк-так пад’ядалі, а коні даўно б падохлі, каб не зелле ды канюшына. Абы трохі яна падрастала, то кожны малінавец пачынаў пакрысе адкошваць сваю ніву. Трэба было па жмачку даваць каню ў час работы ці далёкай язды. Толькі Нічыпар Мартыневіч пазбягаў гэтага. Устаўшы да дня, ён браў сваіх коней на павады і пасвіў па замежках, па межах, па дарогах. Коні, вядома, не сцерагліся, разам з травой выгрызалі на суседніх нівах і авёс, і ячмень, і канюшыну. Мартыневіча не раз лавілі, сварыліся, але ён толькі маліўся і звычак сваіх не кідаў. Не кінуў і пасля таго, як Андрэй Сташэвіч злавіў яго на сваёй ніве і добра такі даў па карку, але стаў асцеражнейшы і Сташэвічаву ніву мінаў.