Выбрать главу

З таго часу Лявон надоўга затаіў злосць на абодвух Сташэвічаў.

А легкадумны Ладымер хутка пра ўсё забыўся і сам смяяўся з гэтага выпадку.

Непрывабны быў засценак Малінаўка, цёмна і нецікава жылі ў ім людзі, але летняй парой ён здалёк кідаўся ў вочы. Слуцкія сады! Кожны малінавец меў невялікі садок, дзе абавязкова былі і антонаўкі, і бэры, і некалькі ранніх гатункаў яблык і груш. Каля кожнай хаты стаяла бяроза, гэта каб вясной быў свой сок; на прыгуменнях у кожнага гаспадара раслі ліпа, клён або таполя, часамі — дубок. А на завулічных агародах, бо малінаўцы жылі па адзін бок вуліцы, уздоўж усіх платоў густа рос вішняк і сліўняк. Вось таму засценак здалёк і нагадваў прыгожы гай сярод поля, да якога цягнула ў гарачы летні дзень. Не дзіва: пахілыя малінаўскія будынкі летам не відны былі з-за садоў. Хапала тут і птаства. Пад стрэхамі ляпіліся ластаўкі, вераб’і, у дуплах вяліся шпакі, якім рабілі і шпакоўні. Малінаўцы птушак любілі, і тыя адчувалі гэта, бо вілі гнёзды нават у кустах парэчак і агрэсту. А на дзвюх вялізных таполях, што раслі на абодвух канцах вуліцы, як вартаўнікі, стаялі на буслянках буслы. Вось гэта і было тое прыгожае і прывабнае, што адрознівала Малінаўку ад іншых вёсак.

Падзеі, якія адбываліся ў краіне, абыходзілі Малінаўку бокам. У тое лета 1903 года малінаўцы не ведалі ні пра рэвалюцыю, якая нарастае ў краіне, ні пра вайну, якую рыхтуе царскі ўрад на Далёкім Усходзе. Інтарэсы малінаўцаў не выходзілі за межы засценка. Хапала ім і сваіх дробных клопатаў, свае асабістае бяды. Кожная вестка з вялікага свету, якая нейкім чынам трапляла ў вушы малінаўскай шляхце, успрымалася ёю як хлусня. Яны нават не ўяўлялі, што недзе ёсць іншае жыццё.

  РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

Стары Юстынь Сташэвіч раптам адчуў, што змарыўся. Іменна раптам. Уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу, млявасць і слабасць прайшлі па ўсім целе і спыніліся ў грудзях каля сэрца.

— Тата, злазьце! — гукнуў з тока Андрэй.

Юстынь не адказаў. Не хапіла сілы і на гэта. Сеў на снапы, і было толькі адно жаданне: легчы. Доўга ляжаць і не варушыцца. «А хто ж ляжыць у такую пару...— дакараў ён сам сябе.— Снапы на полі... Сухія... сухія снапы...» Ён паволі падняўся з месца, хістаючыся, намацаў нагою драбіну і пачаў злазіць. Не думаў, што злезе. Кружылася ў галаве, і ў вачах было мутна. «Палячу на дол...» Калі ступіў на ток, у вачах пачало прасвятляцца, але млявасць усё яшчэ разлівалася ў грудзях. Ён прыхінуўся плячыма да сцірты, бо адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць.

Андрэй паглядзеў на бацьку доўгім позіркам.

— Што з вамі, тата? Захварэлі?

— Ды не... Што ты выдумляеш...— стары крыва ўсміхнуўся і раптам злосна дадаў: — Выводзь каня, ехаць трэба...

Ён падхапіўся з месца, зрабіў некалькі крокаў да варот, потым схапіўся рукамі за грудзі і пачаў валіцца на дол. Андрэй не спускаў вачэй з бацькі. Ён падхапіў яго на рукі і панёс у хату. Нёс і адчуваў, як вяне бацькава цела.

Дома была толькі маці.

— Божачка! — закрычала яна.— Што з ім?

— Захварэў.

Андрэй палажыў бацьку на ложак, і той нібы чакаў гэтага. Расплюшчыў вочы і прашаптаў:

— Вады, мой сынок...

Старая Аксеня, Юстынева жонка, ужо несла кубак вады. Юстынь узяў яго абедзвюма рукамі і пачаў прагна піць, разліваючы ваду на грудзі. Тады зноў лёг і сказаў ледзь чутна:

— Замарыўся...

— Можа Гарасіма паклікаць? — запытала маці.

— К чорту Гарасіма,— адказаў Андрэй.— Да Крываблоцкага паеду.

— Па снапы едзь... Сухія снапы... Дождж будзе...

Андрэй ужо не чуў гэтых слоў. Ён выпраг з калёс старую чорную кабылу, якую даўно ўжо было пара прадаць каналупам, пусціў яе пасвіцца на прыгуменні, а сам завярнуў каня і паехаў у Чыжэвічы, да якіх было не больш за вярсту. У гэтым сяле жыў Марцін Крываблоцкі, колішні ротны фельчар. Гады тры назад ён адслужыў у арміі і цяпер жыў з жанатым братам.

Ён і дома быў за фельчара, ахвотна лячыў хворых ва ўсіх навакольных вёсках. Платы не браў, таму кожны пацыент або яго родныя частавалі Марціна, і без гарэлкі, вядома, не абыходзілася. Гэта Марцін прымаў як заслужанае і з цягам часу прывык да чаркі. Па гэтай прычыне Андрэй, перш чым заехаць да фельчара, спыніўся каля Казіміра Арлоўскага. Арлоўскі меў краму, прадаваў гарэлку, быў сядзельцам. Дом яго пад ацынкаванай бляхай відзён быў здалёку, адкуль бы ні пад’язджаў да Чыжэвічаў. Сядзіба шырокая і доўгая, уся пад садам. Свіран прасторны, хлявы — як шклянкі, з жоўтай сасны. Гумно на двое варот — не гумно, а гмах.

Андрэй сустрэў Арлоўскага на ганку. Гэта быў высокі худы чалавек, крыху сутулы, з вялізнымі жылаватымі рукамі. Ён здаваўся няшчасным арыштантам, які не мае кавалка хлеба, каб напхаць падцягнуты, як у выжла, жывот. Ніхто не мог падумаць, што гэтая доўгая жардзіна трымае ў сваіх жылаватых руках не толькі Чыжэвічы, але і ўсе навакольныя вёскі, што сам пан Крупскі пазычае ў яго грошы.