Выбрать главу

— Не тое, Андрэй. Жывы пра жывое думае, а як жа іначай! Іначай нельга. Кажаш, што бацька пра снапы гаворыць ды пра сяўбу... А думае ён не пра іх! Ён пра цябе думае, Андрэй. Вось, думае, памру я, а сын яшчэ гаспадаром не быў — як жыць пачне, гаспадарку весці? Значыць, думае ён не пра смерць, а пра жыццё.

Калі кончылі бутэльку, Марцін такі добра захмялеў, бо Андрэй выпіў не болей як дзве чаркі. Выйшлі на двор, і тут Марцін сказаў:

— Ты, браце Андрэй, не вязі мяне. Сам пайду.

— Што ты, Марцін! Можа пра мае снапы думаеш?

— Не. Я люблю прайсціся адзін, калі ў галаве мухі лётаюць. Тады, брат, і думак — як тых мух. Адкуль яны бяруцца — ліха іх ведае. Такое ў галаве, што аж сам дзівішся. А ты снапы вазі, не глядзі на грахі. Вакол грахі. І мы яшчэ не самыя грэшныя на зямлі.— Ён кіўнуў галавою, нібы хацеў прагнаць з яе нешта прыкрае.— Вось што я табе скажу, Андрэй. Не сказаў бы другому, а ты вытрымаеш. Не такі ты чалавек, каб не вытрымаць. Бацька твой не ўстане. Аджыў ён на гэтым свеце.

Гэтыя словы кальнулі Андрэева сэрца. Бацьку ён любіў і не думаў пра яго смерць.

— Ну от, я табе і сказаў. А цяпер бывай, Андрэй. Пайду я.

Марцін развітаўся і пайшоў.

Сонца ўжо хілілася да захаду, калі Андрэй адзін на пары калёс паехаў па снапы. Ёсць асаблівая прыгажосць у полі, калі яно ўжо не шасціць калоссем, але яшчэ не зусім апусцела, бо бабкі стаяць у рады на кожнай палосе, нібы вартавыя.

Андрэй не помніў, як наклаў і прывёз у гумно першыя два вазы. Снапы скінуў проста на ток.

Сястра Алена была ўжо дома. Яна прыйшла з поля, дзе жала авёс, і цяпер вячэрала. Андрэй падышоў да бацькі. Ён не спаў. Ляжаў спакойна, але дыхаў цяжка.

— Андрэй, сынок... снапы...

— Перавязу, тата,— супакоіў Андрэй.— Перавязу!

— Вось што, Алена. Сёння паможаш мне снапы вазіць, — сказаў ён сястры.

Алена ўзлавалася:

— Па-твойму, мне адпачываць не трэба. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла.

Андрэй са спачуваннем зірнуў на сястру.

— Кончыла ніву? Ну, малайчына! А я нават не спадзяваўся... Тата кажа, што дождж будзе, а ён ніколі не памыляўся. Ведаю, што змарылася ты... Пакуль не сцямнее, адпачні, адзін паеду яшчэ раз, а потым, як хочаш, памажы. Класці і ўціскаць сам буду, а ты толькі за другім возам ісці будзеш, пільнаваць, каб не перакуліўся. Упоцемку, сама ведаеш, адзін двух вазоў не дагледзіш.

Спачувальны і ласкавы тон супакоіў Алену. Яна была рада, што брат пахваліў. Праўда, яна не апошняя работніца ў засценку. І то сказаць, хто можа з ёю справіцца! Не толькі на полі. Хто танчэй і хутчэй спрадзе? А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! А яна не памыліцца, не зблытае.

— То паедзем разам,— сказала яна.

Як толькі прывезлі першыя вазы, у гумно зайшоў пляменнік Тамаш Сташэвіч, каб ісці з Андрэем у Жывіцы — засценачак за вярсту ад Малінаўкі. Там мелася быць вечарынка.

— Эй, Андрэй! — гукнуў ён.— На вечарынку спознімся.

— А я не пайду, Тамаш.

— Чаму?

— Бацька хворы, снапы вазіць трэба. Ты ж, напэўна, свае звазіў?

— Звазіў. Мы з бацькам. А ты што, з Аленай?

— Нязручна аднаму ўночы з двума вазамі.

— Вядома, нязручна... Слухай, у цябе ёсць у што пераапрануцца?

— Навошта табе?

— Паеду з табою па снапы, а я ж на вечарынку сабраўся.

— Здурнеў...

— Чаго там здурнеў! Без цябе я не пайду.

Гэты штукар быў шчыры сябар, і ў Андрэевай душы разлілося нейкае цяпло. А Тамаш тым часам скрывіўся, зрабіў няшчасны, жабрацкі выгляд і, павярнуўшыся да Алены, сказаў:

— Мо б вы, цётачка, падарылі мне якія старыя нагавіцы і світку? Падарыце голаму ды босаму.

Ён падняў дзяўчыну і кінуў у салому.

— Я табе пакажу, пляменнічак, як з цёткаю жартаваць,— сказала Алена.— От яшчэ і аплявуху дам!

— Гэта вы, цётачка, свайго Юзіка Грома так пачастуйце. Ён даўно яе чакае...— Тут ён перамяніў тон і сказаў, як нічога не было: — Праўда, прынясі, Алена, пераапрануцца. Якая ты памочніца Андрэю?!

— Ідзі, Алена! — загадаў Андрэй.

Цэлую ноч вазілі снапы. Перавезлі апошнія, калі ўсходзіла сонца. Спяшаліся прыехаць дадому, пакуль спяць засцянкоўцы, а то коса глядзець будуць: бязбожнікі. Не забыліся яшчэ малінаўцы, як спавядаўся Андрэй у папа Сулкоўскага. Як толькі ўз’ехалі на прыгуменне, Тамаш пачаў непакоіцца: