Юзік, параўняўшыся, грымнуў сваім раскацістым басам:
— Здароў, Лявон!
Лявон адказаў ахвотна, нават з радасцю.
— Здароў, Юзік! Але ж нездарма цябе Громам празвалі! Гэтакі голас! Далібог, ты мяне аглушыў!
— От я табе як грымну, дык забудзеш, як жонку завуць! — раўнуў Юзік, але ў голасе не было злосці, і ўсцешаны Лявон засмяяўся.
— Многа ты людзей пазабіваў!
— З цябе першага пачну! — і Гром заліўся звонкім смехам.
— Ну, братка, і галасок! Ая-я-яй! Глядзі, вунь дзеці папужаліся!
Гром задаволена хмыкнуў.
— А ты не чуў, братка, навіны? — запытаў Лявон.
— Якой?
— Цесць твой захварэў.
— Які цесць? У мяне яшчэ няма цесця. Толькі бацьку маю, і таго, калі хочаш, аддам табе.
— Навошта мне твой бацька! Але нашто ты прыкідваешся, Юзік? Думаеш, ніхто не ведае, што ты за Аленай Сташэвічавай бегаеш?
— Хто гэта бегае? Я бегаю? — Юзік ажно ўзлаваўся, і Лявон зрабіў лоўкі манеўр.
— Не ты за ёй, а яна за табою! Хіба не відно, як яна на цябе паглядае! Аблізаць ды з’есці гатова! А дзяўчына, братка Юзік, ого! Дай бог кожнаму такую кабету!
Юзік гмыкнуў: гэта яму спадабалася.
— Дык што? — запытаў ён.
— Стары Юстынь захварэў.
— Дык што?
— Андрэй па Крываблоцкага ездзіў.
— Дык што? Табе шкада?
— Не, але...
— Дык сам ляж на яго месца.
— Не, Юзік, пачакай! Калі памрэ стары Юстынь, то вяселле не скора справіш. Жалоба, цэлы год чакаць.
— Пачакаю.
— Дык гэты ж накольнік Андрэй не аддасць яе за цябе!
— Няхай паспрабуе! Я яго заб’ю!
— Забіць то не заб’еш, але каб наўскідаў трохі, то не пашкодзіла б!
— Наўскідаю, не думай!
— А нашто табе чакаць! Няма хіба дзяўчат акрамя Алены! Яна нішто сабе дзеўка, але ж браток у яе! Хіба дзевак няма на свеце? От каб і мая сястра замуж не пайшла! Чым не жонка!
— Твая сястра? Твая сястра Аленінай нагі не варта! — Гром павярнуўся, плюнуў і цяжка, як слон, пайшоў дахаты.
Настрой у Лявона сапсаваўся. «Пагаварылі,— падумаў ён.— Дубіна дубінаю. Уродзіцца ж такое стварэнне... Каб ты на сваім парозе ногі паламаў, сабака... Гром ты няшчасны...»
Хацеў ужо ісці дамоў пагутарыць са сваёй Міхалінай. Цяпер у Лявонавай хаце ішоў лад. Сястру аддаў замуж, маці памерла, бацька ледзь ногі цягае, у сям’і ціха. Міхаліна стала лагодная і да чаго мяккая! Дзеўкай такая не была. «Раз’елася, гадаўка!»—падумаў без злосці. А пра засцянковыя навіны то наўрад ці хто лепш, чым яна, ведае. Толькі дома не ўседзіць. Абы вольная хвіліна, то яе ўжо ў хаце няма. От і сёння: не паспелі павячэраць, а яна ўжо — шмыг з хаты. А калі з’явіцца, то пра кожнага малінаўца нешта раскажа.
Толькі хацеў павярнуцца тварам да сваіх варот, як убачыў, што са Сташэвічавага двара выехалі дзве падводы. Вось цяпер Лявону захацелася зарагатаць на ўсю вуліцу. «Ага! Прыперла! Ноччу па снапы паехаў, ды яшчэ перад святым днём! Бязбожнік! Гад! Цяпер не будзе часу людзям паскудства рабіць!» Доўга ўглядаўся, з кім жа паехаў Андрэй, але сцямнела, не пазнаў. Падумаў, што з Аленай. Настрой у Лявона ўзняўся, і расхацелася ісці дамоў. Да каго ж схадзіць, каб пасядзець, перамыць па костачках гэтага шэльму Сташэвіча? Надумаў зайсці да Гарасіма Жукоўскага. У Гарасіма не было бліжэйшай радні, чым Лявон Нарбутовіч і Нічыпар Мартыневіч, таксама брат па бабульцы. Таму яны і арандавалі Гарасімаву паўвалоку кожны па чвэрці.
Гарасіму Жукоўскаму перайшло за пяцьдзесят. Гэта быў высокі чалавек з квадратным, нейкім кантовым тварам, які густа аброс сівымі валасамі. Вусы і бараду Гарасім штодня абстрыгаў нажніцамі, сеўшы пры люстэрку. На свае гады выглядаў ён добра, не сутуліўся, але плечы былі вузкія, пакатыя, як у жанчыны, рукі падпухлыя, без мазалёў. Гультайскія рукі. Усё гэта сведчыла, што Гарасім пражыў лёгка, без турбот і клопатаў. Цікавыя былі яго вочы, блакітныя, як у дзіцяці. Яны і глядзелі па-дзіцячы ласкава і прастадушна. Дзіўна было бачыць такія вочы пад густымі, дарэшты сівымі брывамі.
Жыццё Гарасіма прайшло вельмі цікава. Бацька яго — Трахім Жукоўскі — быў малінаўскі шляхціц. Ён меў паўвалокі зямлі і быў нядрэнны гаспадар. Пасля смерці жонкі, якая была галавой у хаце, Трахім занядбаў гаспадарку. Не хапала жончынага вока, і чалавек пачаў апускацца. Дзяцей у яго, акрамя Гарасіма, не было, але і той гадаваўся не гаспадарлівым хлопцам. Трахім шкадаваў свайго адзінага сына і вучыў яго спачатку ў вандроўных настаўнікаў, так званых «дарэктараў», потым павёз у Старочын і аддаў у двухкласнае вучылішча. Гарасім вучыўся добра, але ў яго з’явілася нейкая хваравітая цяга да свяшчэнных кніг. Ён праседжваў цэлыя ночы, чытаючы і перачытваючы «жыціі» святых, біблію, і плакаў горкімі слязьмі над пакутамі першых хрысціян у Рыме.