— Чаму ты такі, Андрэй? — дапытвалася Алена.— Чаму ты не ясі?
— Яшчэ не вымерхаўся.— Андрэй прабаваў перавесці гаворку на іншае.
Ці мог ён сказаць ёй, што, па сутнасці, у іх ужо няма бацькі. Бацька хоць быў стары і нядужы і не было ад яго вялікай карысці ў рабоце, але гаспадарку ў руках трымаў ён. З бацькам заўсёды было лёгка, бесклапотна і весела. Яны ведалі адно: ісці, куды ён дасылае, рабіць тое, што загадае, і рабіць так, каб аж чарцям моташна было. Гэта яны ўмелі абое. І вось бацька памірае... Цяпер Андрэй не мог доўга сядзець у хаце. Калі позірк яго падаў на бацьку, ён бачыў яго нежывым. Жаль агортваў душу, хацелася бегчы ў белы свет.
На ржышча засцянкоўцы вадзілі коней на начлег. Вадзіў і Андрэй. У мінулыя гады гэта быў самы лепшы і вясёлы час. Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Колькі было жартаў і смеху! Не апошні быў тады Андрэй. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Пажылыя мужчыны спалі, загарнуўшыся ў кажухі, а з моладзі рэдка хто і прыдрэмліваў да раніцы. А цяпер Андрэя не цягнула да жартаў. Ён сядзеў у гурце каля агню, курыў, а думкі луналі далёка.
— Што ты, Андрэй, як мыла з’еў, га-га-га! — жартаваў Юзік Гром.— Мабыць, Ганна цябе зусім адшыла? Гы-гы-гы!
Дурны Гром, што ён ведаў? Два гады хадзіў Андрэй у Жывіцы да Ганны Асіеўшчанкі і не мог сказаць, што ў яго з ёю нешта ладзіцца. Яна была нічыя, гэтая дзяўчына. І гэта было галоўнае, што цягнула яго да Ганны. А мо і не гэта. Хадзіў на злосць усім жаніхам, якіх вабіў багаты Ганнін пасаг. На злосць яе бацьку Лукашу Асіеўскаму — жывіцкаму багацею, скупому і жорсткаму чалавеку, які, вядома, не хацеў мець такога зяця, як Сташэвіч Андрэй, і хоць не выказваў гэтага, але ўсім сваім выглядам, усімі паводзінамі даваў зразумець, што Ганна гадавалася не для яго. На злосць шляхцянкам, якія лічылі сябе паненкамі і смяяліся з мужыкаватага Андрэя, хоць і рады былі б, каб ён да каторай з іх пасватаўся. Нарэшце, на злосць самой Ганне, якая не вылучала яго ад іншых. Па нейкай прычыне ён быў упэўнены, што нішто не перашкодзіць яму, калі ён захоча, зрабіць Ганну сваёй жонкай. Але ён не быў упэўнены, што сам хоча гэтага. Ці кахае ён яе? Таксама не ведаў. Спадабалася, але рэдка ўспамінаў пасля таго, як бачыўся на вячорках ці вечарынцы. Вобраз Адэлі, яшчэ не зусім забыты, стаяў між ім і Ганнай.
Андрэй адышоў ад гурту, закруціўся ў кажух і лёг каля мяжы. Думкі апанавалі яго. Да чаго асмялеў Гром Халуста! Шпількі падпускае, агрызаецца... Можа раднёй сябе лічыць? Паскудства. Што знайшла ў ім Алена? Дурны, тупы, як даўбешка. Няўжо за тое пакахала, што вялікі і мае звярыны голас? Няўжо так мала патрабуюць жанчыны ад мужчын? Недарэчнасць...
Дасюль Андрэй не думаў ні пра Юзіка, ні пра Халустаў наогул. Ведаў, што гэтае пытанне будзе вырашаць бацька. А цяпер... Андрэй жахнуўся. Цяпер павінен вырашаць ён. Аддаць сястру ў сям’ю гэтых дзікуноў і злодзеяў! Ну, няхай сабе яна любіць Юзіка Грома, але калі пажыве некалькі месяцаў сярод вар’ятаў, у якіх няма жаласці, спагады, спачування, сумлення, — дзе падзенецца яе каханне! І жыццё сапсута назаўсёды.
Андрэй успомніў, як Халусты трапілі ў Малінаўку.
Яўхім Халуста асеў у Малінаўцы толькі тры гады таму назад. Калісьці гаспадарыў тут нейкі Барысевіч. Было гэта яшчэ ў тыя часы, калі малінаўцы куплялі зямлю ў пана Крупскага. Барысевіч па сваёй зайздрасці адхапіў цэлую валоку, але не паспеў выплаціць грошы і хутка памёр бяздзетны. Валока так і асталася панскай. Пан некаторы час здаваў яе ў арэнду малінаўцам па чвэрці на гаспадара, аднак гэта было нявыгадна. Арандатары мелі сваю зямлю і не вельмі даглядалі арандаваную. З кожным годам яна пусцела і горш радзіла.
У той час у маёнтку пана Крупскага служыў Яўхім Халуста. Ён трымаў кузню, у якой працаваў яго сын Мікалай. Сам Халуста займаў пачэсную пасаду машыніста на бровары. Злодзей і ашуканец, чалавек без сумлення і сораму, ён хутка і так спрытна падкаціўся да пана, што стаў яго першым дарадчыкам. Праз некаторы час пан выгнаў старога аканома і паставіў на яго месца Халусту. Вось тады Халуста і параіў пану аддаць Барысевічаву валоку ў арэнду нейкаму Тодару Шымкевічу, старому Халуставаму знаёмаму. Так у Малінаўцы з’явіўся новы гаспадар, і прытым не абы-які. Тодар меў трох сыноў і дачку, якія ўмелі працаваць не горш за малінаўскіх хлопцаў і дзяўчат. Арэнда была падпісана на дзесяць гадоў. Аднак Тодар не прычакаў канца гэтага тэрміну.