***
20.12.2014. Паддаўся агульнаму настрою — здабыць што-небудзь, пакуль не падняліся кошты. Заходзіў у «Гандлёвы дом «На Нямізе», каб купіць новы пінжак. Людзей шмат. Пінжакоў таксама поўна. Пачаў выбіраць. Праз хвілін пятнаццаць выбраў, але не купіў, бо напачатку года гэткі ж пінжак я ўжо набыў, і ён на мне.
***
21.12.2014. Снегу няма. Сонца няма. Настрою няма. Зіма...
***
22.12.2014. Сёння самая доўгая ноч. Доўгая, як спадніца ў манашкі...
***
23.12.2014. На Свіслачы каля берага пад дрэвамі качкі, як камякі апалай лістоты.
***
25.12.2014. З бояззю чакаю вечара. Мне павінны сёння патэлефанаваць і сказаць: «Гэта звоняць з Ракава. З бальніцы. Ваш бацька памёр. Заўтра прыязджайце і забірайце...» Мінула два гады.
***
25.12.2014. Знайшоў сярод чарнавікоў:
«Бібліятэка — гэта скарбніца, дзе захоўваюцца залатыя Словы нашай нацыі.
Бібліятэка — гэта наш Рым, у які ў кожнага з нас павінна быць свая дарога.
Бібліятэка — гэта адзін з вялікіх кітоў, на якім трымаецца наша адукацыя.
Бібліятэка — гэта мара кожнага дзіцяці, якое навучылася чытаць.
Бібліятэка — гэта цэнтр сусвету беларускага Слова.
Бібліятэка — гэта сонца ў нашых кватэрах, якое ніколі не заходзіць.
Бібліятэка — гэта жывытворная крыніца святла, якая напаўняе нашы душы Верай, Надзеяй і Любоўю.
Бібліятэка — гэта наша мінулае, наш сённяшні дзень і наша будучыня.
Бібліятэка — гэта школа, дзе ты сам вучань і сам настаўнік.
Бібліятэка — гэта дарога да Беларусі, пра якую мы марым.
Бібліятэка — гэта наша вечнасць.
І прыходзім мы ў бібліятэку з любоўю і павагай, і бібліятэка прыходзіць у нашы сэрцы з любоўю і павагай».
Гэты тэкст напісаны мною па просьбе чалавека, які рыхтаваўся да выступлення перад бібліятэкарамі на іх прафесійнае свята. Спадзяюся, што нешта скарыстаў.
***
26.12.2014. З Людай, сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі на Ракаўскія могілкі адведаць бацькоў.
За кіламетры два перад Ракавам нечакана ўбачылі нядаўна выразаны лес і развернутую экскаватарамі зямлю — будуецца новая кальцавая дарога вакол Мінска. Уражанне такое, нібыта не ў той бок паехалі. Далей праз 20 кіламетраў мае Пугачы...
Дарога да Пугачоў (там, дзе пры саветах не паклалі асфальт — кіламетры тры) уся ў каўдобінах. Усё наваколле прысыпана снегам, нібыта спецыяльна зіма пастаралася, каб людзям было ехаць весялей.
Сажалкі замерзлыя. Нікога на іх няма, але мне бачацца мае школьныя сябры, з якімі я гуляю ў хакей.
За новым плотам наша старая хата стаіць сярод яблынь, нібыта хаваючыся...
На зямлі мерзлыя яблыкі, як з каляровага шкла.
Завёў насценны гадзіннік. І ў хаце пацяплела.
У Ракаве на могілках светла і калядна.
Увесь час, які мы былі ў дарозе да бацькоў і ад іх, свяціла сонца. Час ад часу нам дарогу пераляталі птушкі. Шчаслівыя, як мы.
***
26.12.2014. Сніліся Пугачы. Навокал сонечна. Дома бацькі. Толькі што пасадзілі бульбу. Я збіраюся ў Мінск. Бацька пытаецца, калі прыеду выбіраць. Кажу, што буду ў пятніцу. Субота і нядзеля выхадныя, а панядзелак, аўторак і сераду вазьму на працы за свой кошт. Кажу і думаю, што выбраць бульбу паспеем і за тры дні, калі пачаць у пятніцу, а тады ў аўторак і сераду проста пабуду з бацькамі. Сёння вось і адведалі бацькоў на Ракаўскіх могілках.
***
28.12.2014. Неба за ноч замерзла, і птушкі ў нашым двары ходзяць па зямлі, а калі ўзлятаюць, то не вышэй шматпавярховікаў.
***
28.12.2014. Вечарам у «Цэнтральнай» кнігарні разам з Людмілай Рублеўскай і Алесем Камоцкім прэзентаваў кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура». На нашы галасы да нас падыходзіў Адам Глобус. Маці Валярыны Куставай, якая была арганізатарам прэзентацыі, пачаставала Глобуса мандарынкамі. Ён хацеў узяць адну, але яна настойвала частавацца, і Валодзю давялося ўзяць дзве. З «Фэйсбука» я даведаўся, што потым адну мандарынку Глобус падарыў (усё ж спатрэбілася другая!) на тралейбусным прыпынку Кірылу Дубоўскаму. З прапанаваных ён выбраў меншую. Сціплы. У кнігарні не было мнагалюдна, але нейкі час да Людмілы стаяла чарга па аўтографы. Адна дзяўчына прыехала спецыяльна з Маладзечна, каб купіць трэцюю кнігу «Авантуры Пранціша Вырвіча». Пасля выступлення я з Людмілай паехаў у Белдзяржфілармонію на фартэпіянны канцэрт сучаснага кампазітара. Над праспектам у чорным небе лёталі белыя чайкі. На канцэрт прыйшло шмат людзей. Не ведаю, хто застаўся пасля першай часткі, а мы з натоўпам моладзі ўцяклі. На вуліцы з чорнага неба сыпаўся белы снег.