***
11.05.2015. Нядаўна выйшла ў свет кніга Алеся Адамовіча «Война под крышами». Рыхтуем да друку «Сыновья уходят в бой». Наталля Аляксандраўна сёння прынесла фотаздымкі і шэсць тэкстаў песень Уладзіміра Высоцкага, што былі спецыяльна створаны да фільмаў па раманах. Я напісаў пісьмо сыну Высоцкага Мікіту з просьбай, каб ён дазволіў надрукаваць тэксты песень.
***
12.05.2015. Холадна. Пасля дажджу лістота на дрэве, як зялёны лёд.
***
13.05.2015. У бібліятэцы Акадэміі навук удзельнічаў у прэзентацыі Збору твораў Івана Шамякіна ў 23-х тамах. Здавалася б, пра што тут гаварыць, калі ўжо справа зроблена. Ды не! Прагаварылі амаль тры гадзіны. Найбольш запомніўся Міхась Мушынскі, які ў сваім выступленні закрануў праблему тэкстолагаў, якіх не хапае. Малыя заробкі, таму моладзь, якая прыходзіць пасля ўніверсітэта, адпрацаваўшы прымусовы тэрмін, уцякае. Было б шмат тэкстолагаў, дык сёння можна было б пачаць працу над зборам твораў Янкі Брыля, Аркадзя Куляшова і іншых класікаў беларускай літаратуры. А так маем тое, што маем.
***
13.05.2015. На праспекце Незалежнасці сустрэў мастака Валерыя Шкарубу. Потым разам ехалі ў аўтобусе. Гаварылі пра мастакоўскае і літаратарскае жыццё-быццё. На маё пытанне: «Хто цяпер купляе карціны?» — мастак адказаў: «Кітайцы!» Ад Валерыя даведаўся, што ўчора ў Віцебску патануў, пераплываючы Дзвіну, сын народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі мастак-манументаліст Саша Кішчанка. Не даплыў метраў дзесяць да берага. Ён любіў плаваць.
***
14.05.2015. У бібліятэцы імя Янкі Купалы прэзентаваў кнігу «Заўтра была адліга». Вяла імпрэзу маладая супрацоўніца Музея гісторыі беларускай літаратуры. Дзякуючы абвестцы ў фэйсбуку сабралася даволі шмат людзей. Чалавек семдзесят. Па плане адразу пасля невялікай музычнай часткі павінна была Людміла Рублеўская са мной гаварыць пра мае творы. А тут і музыка адыграла, і супрацоўнікі музея і бібліятэкі па пару слоў сказалі, а Людмілы няма. Спазнілася на хвілін дваццаць. З-за працоўнага тлуму ёй чамусьці падалося, што трэба ехаць у Музей Янкі Купалы, і яна туды паехала. Павінна было з’явіцца яшчэ чалавек дваццаць студэнтаў, але яны вырашылі, што прэзентацыя будзе адбывацца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Праз гэтыя недарэчнасці ўзгадалася даўняя прэзентацыя кнігі Алеся Пісьмянкова «Мы з братам» у кнігарні «Светач». Вёў імпрэзу Навум Гальпяровіч. Гаварыў цэлую гадзіну без Алеся, бо ён не прыехаў. Часта называў кнігу «Мы з братам». Адзін дапытлівы слухач пацікавіўся: «А дзе ж брат?» — «Хутка прыедзе!» — адказаў Навум. Пісьмянкоў жа з’явіўся толькі тады, калі людзі пачалі разыходзіцца. І той дапытлівы слухач з усмешкай заўважыў: «Вось і брат прыехаў!» Алесь спазніўся, бо якраз у гэты дзень гадзіннікі былі пераведзены на гадзіну наперад. Алесь не перавёў.
Калі закончылася прэзентацыя маёй «адлігі», да мяне падышоў Аляксей Шэін і падарыў мне і Людміле сваю кнігу «Сем камянёў», а мы яму падарылі свае выданні...
***
15.05.2015. На праспекце Пераможцаў сустрэў знаёмага Васіля, які працуе ў тэатры-студыі кінаакцёра. На маё пытанне: «Як справы?» — ён адказаў: «Калі мне вельмі дрэнна, то я ў бальніцы. Калі мне вельмі добра, то я ў мянтоўцы.»
***
15.05.2015. Прыходзіў Вітаўт Чаропка. Прынёс рукапіс кнігі выбраных твораў «Храм без Бога». Падарыў мне сваю карціну. Без рамкі. «Набудзеш сам! Якую захочаш!» — сказаў Вітаўт. Разабраўшыся з рукапісам, прайшліся па горадзе да вуліцы Танкавай, дзе ў адной з крам прадаюцца фарбы. У Вітаўта шмат задум і фарбы ў яго хутка змалёўваюцца. Ідучы, скардзіліся адзін аднаму, што амаль загінула школа рэдагавання твораў і што цяпер няма дзе пісьменнікам пасядзець, каб выпіць кавы ці чаго мацнейшага.
***
16.05.2015. Холадна. Квецень, як снег.
***
16.05.2015. З Людмілай выйшлі з дому ў гадзіну і вярнуліся задаволеныя жыццём у дзевяць.
Напачатку былі ў Школе маладога літаратара. Таленавітая моладзь расце. Праўда, хлопцаў малавата.
Сёння «Ноч музеяў». Пачалі вандроўку з Музея Петруся Броўкі. Я ў ім быў упершыню. Ганна Севярынец вяла імпрэзу. Вядомыя пісьменнікі чыталі любімыя вершы любімых паэтаў. На століку ляжаў важкі том Тараса Шаўчэнкі, які (мая фантазія) выконваў ролю стрэльбы, што павінна была ў канцы імпрэзы выстраліць (стаць падарункам аднаму з выступоўцаў). І я «стрэлу» баяўся, бо ў Людмілы з сабой ужо была цяжкая торба. Шаўчэнка трапіў (супрацоўніца музея выцягнула са шкатулкі прозвішча) у Альгерда Бахарэвіча. Думаю, гэта знак — ён і будзе чарговым пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.