Выбрать главу

У кнігарні сустрэлі Алега Дзьячкова, які прывёз з Магілёва лекараў у тэатр Янкі Купалы на прагляд спектакля, да якога была яшчэ цэлая гадзіна.

Алег пайшоў разам з намі да Музея Янкі Купалы. Дарогай Людміла і Алег размаўлялі пра розныя гістарычныя мясціны ў Мінску. Я моўчкі слухаў. У Купалаўскім музеі «ноч» павінна была пачацца ў сем гадзін, таму мы пайшлі ў Музей Максіма Багдановіча. Там трапілі на выступы этнакалектываў. Пад столлю музея, нібы застылыя ў палёце, былі Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык, як анёлкі.

Вярнуўшыся да Музея Янкі Купалы, трапілі ў людскую раку, якая працякала праз сам музей, а потым разлівалася каля сцэны перад уваходам у будынак Песняра. У музеі ўсе праходзілі праз другі паверх, дзе каля кожнага экспаната стаялі экскурсаводы і распавядалі пра Купалу. Я ўпершыню ўбачыў дзверы з нумарам 414 гатэля «Масква», за якімі жыў Купала. Тут жа прыступкі, па якіх ішоў паэт, і парэнчы лесвічнага пралёту, праз які ён паляцеў у вечнасць. Паглядзелі на «прывід» Купалы і паслухалі верш у яго выкананні, які захаваўся. Уражвае. Еўропа! Не! Беларусь еўрапейская!..

Вярнуліся дамоў, як з той Беларусі, пра якую марылі нашы класікі.

***

16.05.2015. Недаходзячы метраў сто да Музея Петруся Броўкі, з Людай натрапілі на здымкі нейкага фільма. Навокал было сонечна. Кіношнікі здымалі праліўны дождж з ветрам і хлапца з дзяўчынай пад вялікім чорным парасонам. Гледзячы на будучы эпізод фільма, узгадаліся радкі: «Сонца свеціць, дождж ідзе. Хлапец дзеўку ў лес вядзе. Дзеўка кажа: «Не хачу!» Хлапец кажа: «Заплачу!».

***

17.05.2015. Калі заўважаю, што нехта з маіх шматлікіх фэйсбучных сяброў, якіх у большасці я асабіста не ведаю, раптам адваліўся, заадно ў думках паўтараю: «Спадзяюся, што чалавек не памёр...»

***

17.05.2015. Чалавек, які часта без патрэбы паўтарае, як заклён, слова «кашмар», урэшце сам робіцца кашмарам.

***

17.05.2015. Нашы людзі ў бібліятэку, каб там выступіць, на таксі не ездзяць.

***

17.05.2015. Бяры рукапіс, ідзі дамоў.

***

17.05.2015. Рама без карціны пад кустамі, як вялізны абаранак, што драўляным і квадратным стаў.

Чаропка і калгас

18.05.2015. Прыходзіў Вітаўт Чаропка. Прынёс анатацыю для будучай кнігі. Паўспаміналі былыя часы, былую эпоху. Апошні раз Вітаўт удзельнічаў у літаратурнай вечарыне 25 красавіка 1996 года ў Музеі Максіма Багдановіча. На мае словы «Трэба ў людзі выходзіць!» Вітаўт адказаў: «А калі працаваць?»

І ўсё ж я запрасіў Чаропку ў бібліятэку імя Цёткі на вечарыну «У-Зорныя сем’і», якая пройдзе 19 траўня. «Хто там будзе?» — пацікавіўся сябра. «Ірына і Максім Клімковічы, Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі, я з Людмілай Рублеўскай, Ганна і Стыў Крамеры», — адказаў я. «Хто такія Крамеры?» — «Музыка з жонкай спявачкай.» — «Сымон-музыка з жонкай!» — «Амаль што.» — «У мяне ўжо каля 70 карцін», — прызнаўся Чаропка. «Давай выставу зробім у бібліятэцы. А потым вечарынку ў калгасе!» — прапанаваў я. «У калгасе? Не! У калгасе не хачу!» — замахаў рукамі мой суразмоўца. «Калі я кажу пра вечарынку ў калгасе — гэта азначае, што пасля імпрэзы будзе добры фуршэт.» — патлумачыў я. Вітаўт заўсміхаўся і сказаў, што падумае над маёй прапановай, а потым распавёў, што свой «Храм без Бога» апошні раз ён чытаў у 1992 годзе. Пасля гэтага доўгі час баяўся перачытваць. Можа, слаба ўсё. Асмеліўся нядаўна. Прачытаў старонак пятнаццаць. Нічога. Можна чытаць і сёння, і дабавіў: «Цяпер сур’ёзную прозу пісаць па 500—600 старонак — гэта самагубства.»

***

19.05.2015. Ездзіў у Маладзечына. Выйшаў спецыяльна на прыпынку электрычкі «Фестывальная», дзе мяне сустрэў Міхась Казлоўскі, каб, ідучы ў бібліятэку №6, зайсці на могілкі да Міколы Ермаловіча. Мінула пятнаццаць гадоў, як з намі няма Міколы Іванавіча. Час ляціць. Каля магільнай агароджы клён, які, здавалася, учора быў танюсенькім, стаў камлістым і кроністым. Пастаялі, паўспаміналі, пасумавалі і пайшлі ў бібліятэку, дзе нас ужо чакалі дзеці са школы №1 імя Янкі Купалы. Дзявяты клас. Землякі. Слухалі аповеды з майго «Пугачоўскага цырульніка» і вершы з кнігі «Заўтра была адліга». Задавалі пытанні. Жартавалі. Смяяліся. Харошыя растуць дзеці, і хочацца верыць, што і яны будуць ведаць, што напісаў і дзе пахаваны Мікола Ермаловіч.