Выбрать главу

Электрычкі вагоны пустыя

Адзіноту праз цемень вязуць

І палохаюць цені начныя,

Што абапал чыгункі жывуць.

Я сыду на прыпынку няспешна,

На якім не чакаюць мяне

І ад гэтага сумна і смешна

Будзе мне ў гэтай ранняй вясне,

Дзе няма ні снягоў, ні лістоты,

А вятры, халады і дажджы.

На прыпынку слупы ад самоты,

Як зламаныя ў зімку крыжы,

Да якіх мы прыходзілі светла,

Электрычку чакалі, як лета,

Каб ніколі сюды не вяртацца...

Так. Хацелася не вяртацца ў вёску, але гэта было даўным-даўно. Мне тады было пятнаццаць гадоў.

***

21.05.2015. Калі няма сонца ў небе, яго нібыта зусім няма...

***

21.05.2015. З Мазыра прыязджала жанчына. На пенсіі. Прывезла ў дзвюх торбах раман. Напісаны ад рукі. Пачытаў некалькі старонак. Запытаўся: «Даўно пішаце?» — «Са школы! Нідзе не друкавалася. Гадоў трыццаць таму хадзіла ў «Нёман» з вершамі. Параілі больш не пісаць. А я ўсё ж пісала», — адказала жанчына і, гледзячы самотна на мяне, пацікавілася: «А дзе тут у Мінску макулатуру прымаюць?»

***

22.05.2015. Пакуль пад дрэвам чакаў, калі суцішыцца дождж, навярцеліся ў галаве радкі:

Я схаваўся пад дрэвам, як воўк, ад дажджу.

На маланкі, нібыта на смерць, я гляджу.

Гром грыміць, быццам падаюць з неба крыжы,

Па якіх уздымаліся ў хмары дажджы...

***

22.05.2015. На кожнага Сабаку ёсць свой Граждан.

***

22.05.2015. Іду праз дождж. Вада халодная, як мёртвая...

***

23.05.2015. У якасці літкансультанта ўдзельнічаў у ІХ абласным злёце маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча». Пад такім жа назовам выйшаў зборнік вершаў, дзе змешчаны творы 47 аўтараў. Сярод іх — людзі розных прафесій, студэнты і школьнікі.

У купалаўскія Акопы выехалі ад Мінскай абласной бібліятэкі. Я сядзеў побач з Міколам Чарняўскім, а Галіна Каржанеўская з Таццянай Сівец. Па дарозе абмяркоўвалі творы маладых, дзяліліся ўражаннямі. Пад’язджаючы да Лагойска, Чарняўскі ўзгадаў радок Ніла Гілевіча: «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына...» і тут жа да яго дабавіў, што заўсёды казаў, чуючы гэтыя словы Гілевіча, Рыгор Барадулін: «...і ўся паэзія гарыць».

«Дзе канчаецца асфальт?» — запытаўся ў мяне Мікола Чарняўскі. Я падумаў і адказаў, што не ведаю. «Асфальт канчаецца там, дзе пачынаецца твой Валожынскі раён! Праўда, гэта было гадоў пяцьдзясят таму. У Валожынскім раёне ўсе дарогі былі брукаваныя...» — сказаў Мікола Мікалаевіч. Сапраўды, у нас амаль усе дарогі былі брукаваныя. Я памятаю, як з Лягез у Ракаў ездзілі па брукаванцы. Ды і сёння ў дзядзькі Віці ў Лягезах каля хаты ў двары ляжыць брук...

У Харужанцах, дзе знаходзіцца філіял Музея Янкі Купалы «Акопы», прайшло свята паэзіі. Са сцэны разам з намі, літкансультантамі-настаўнікамі, высупалі маладыя паэты. Было сонечна і святочна. На злёце паэтаў Міншчыны я ўдзельнічаў шосты раз. Гледзячы на сцэну, узгадваў тых, хто тут раней выступаў і ўжо ніколі не выступіць. Адны адышлі ў лепшы свет, другія ўжо з кватэр не выходзяць, трэціх сюды не запросяць. Сумна. І ўсё ж не так сумна, як часам падаецца, бо новыя паэты нараджаюцца, растуць і пішуць беларускія вершы пра Беларусь.

***

24.05.2015. Сёння Людміла Рублеўская была экскурсаводам па Кальварыйскіх могілках. Правесці экскурсію папрасіў старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Дзьячкоў, які прывёз у Мінск поўны аўтобус людзей. Дзве гадзіны мы хадзілі па могілках. Час ад часу я дапаўняў Людміліны аповеды пра знакамітых дзеячаў культуры і іх родных, якія спачываюць на Кальварыі. Потым разам з магілёўцамі мы наведалі Прылукі, дзе стаіць палац Чапскіх. З 1872 года Прылукі былі ўладаннем вядомага калекцыянера і нумізмата Эмерыка Чапскага, а з 1897 года — ягонага сына Юрыя (Ежы). Цяпер у палацы месціцца інстытут аховы раслін. У палацы Чапскіх быў зняты першы ў БССР мастацкі фільм «Лясная быль». Гэта чорна-белае нямое кіно выйшла на экраны 26 снежня 1926 года. Агледзеўшы палац, мы паехалі ў вёску Воўкавічы, дзе ў 1904 годзе быў збудаваны касцёл Сэрца Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі. Асноўную частку сумы на будаўніцтва ахвяраваў граф Е. Чапскі. У 1950-я гады касцёл быў зруйнаваны. Непадалёк ад месца, дзе быў касцёл, узвышаецца вялікі чорны мармуровы крыж. Гэта магіла жонкі фундатара касцёла Юзэфы Караліны Чапскай. Помнік быў зроблены ў Варшаве, а потым прывезены на могілкі. Далей экскурсія працягнулася без нас. У Станькаве і Койданаве мы з Людмілай былі. У Мінск вярнуліся на прыгарадным аўтобусе, задаволеныя знаёмствам з магілёўцамі і экскурсіяй...

***

26.05.2015. Маладзік, як мяч прабіты, з якога паветра сышло...