***
26.05.2015. Дзьмухаўцы, як дым застылы цыгарэтны...
***
26.05.2015. Дыскрымінацыя ў паэзіі: ёсць белыя вершы, і ўсе астатнія...
***
27.05.2015. Каменне — ненароджаныя вершы ляжаць на полі, дзе была вайна...
***
27.05.2015. Удзельнічаў у адкрыцці выставы ў гімназіі-каледжы мастацтваў, прысвечанай 70-годдзю Перамогі. Пахадзіў па калідорах. Паўспамінаў, як сюды кожны дзень сем гадоў вадзіў дачку і сына. Яшчэ працуе іх першая настаўніца Зінаіда Кірылаўна. Зазірнуў у клас. Дзеці як дзеці, і ўсё ў гімназіі-каледжы, здаецца, добра, але няма таго, што раньш было. Развітаўшыся з Зінаідай Кірылаўнай, выйшаў на вуліцу. На вуліцы дождж. Сумны, як я.
***
28.05.2015. У восем гадзін прыйшоў на працу. Каля дзвярэй майго кабінета ўжо стаяла жанчына. Г адоў за пяцьдзясят. Прыехала здалёку. Прывезла вершы. Напісаныя пад Цвятаеву і Ахматаву. Нядрэнна напісаныя. Рэдка такое бывае, каб не малады чалавек прыйшоў, нідзе не друкаваўшыся, з творамі падобнага ўзроўню. Звычайна вершы слабенькія, тыпу: «Я цябе любіла. Ты мяне любіў. Я цябе забыла. Ты мяне забіў...» Прагледзеўшы некалькі твораў, я выказаў сваю думку і папрасіў пачытаць, бо вершы былі запісаны ў сшытку часам не вельмі разборліва. Жанчына пачала чытаць, а я час ад часу пахвальваць. Запытаўся, як завуць. Запісаў. Гаварылі амаль гадзіну. Здавалася б, усё скончыцца добра. Ды не! Калі я сказаў, што мы, на жаль, не маем магчымасці друкаваць усіх, хто хоча, бо ёсць адбор і ёй трэба спачатку надрукавацца хаця б у «Нёмане», жанчына з мілай ператварылася ў нямілую: «А навошта вы запісалі, як мяне завуць?» Давялося парваць і выкінуць у сметніцу паперчыну. Праўда, праз хвілін пяць я ўсё ж здолеў растлумачыць цяперашнюю сітуацыю з паэзіяй, якая стала амаль нікому не патрэбнай. Развіталіся, усміхаючыся адзін аднаму. Праз хвілін дзесяць прыйшла яшчэ адна паэтка. Ёй вылучыў з паўгадзіны часу. Потым жанчына з казкамі. Зноў прагаварылі з гадзіну. Толькі выйшла з кабінета казачніца, як з’явілася бабулька з паэмай пра Мінск. За бабулькай зайшла жанчына з прозай. Незаўважна і абед прайшоў. Пасля трох гадзін я выйшаў па выдавецкіх справах у горад і сустрэў на вуліцы п’яных хлопцаў у форме пагранічнікаў. Сёння іх свята. Паглядзеўшы на хлопцаў, усміхнуўся: «Няма каму мяжу ахоўваць, вось і пісучыя жанчыны прарваліся да мяне.»
***
28.05.2015. У творчасці, як у вялікай чарзе, могуць затаптаць...
***
29.05.2015. Сёння не людзі залежаць ад Паэзіі, а Паэзія ад людзей...
***
30—31.05.2015. Мой зямляк Павел Каўрыга, які выкладае ў БДУ на геафаку, запрасіў мяне выступіць перад студэнтамі, што на Валожыншчыне каля вёскі Калдыкі на геастанцыі «Заходняя Бярэзіна» праходзяць практыку.
Дробныя птушкі перад машынай пералятаюць дарогу, як самагубцы ці экстрэмалы.
На палях ходзяць буслы, як геадэзісты...
За Валожынам стаіць вятрак, нібыта знак, што тут Еўропа.
Прыехалі а чацвёртай гадзіне. На геастанцыі, якая знаходзіцца ў лесе, цішыня. Студэнты разышліся па сваіх вучэбных справах. З доміка выйшаў выкладчык, які пачуў, што мы прыехалі. «Учора ў нас быў Глобус.» — расказваючы пра лясное жыццё-быццё, паведаміў мужчына. Пачуўшы пра гэта, я падумаў: «Маладзец Валодзя, што наведаў адарваных ад горада студэнтаў». Праз паўгадзіны я даведаўся, што тут учора быў не Адам Глобус, а студэнцкая вечарына «Музычны глобус».
Сосны, як геадэзічныя збудаванні.
У лесе студэнты з заплечнікамі, як дыверсанты...
Спявалі птушкі. Раптам стала ціха і пайшоў дождж. Адна музыка замяніла другую.
Над поймай ракі праляцелі два лебедзі. Белыя, як анёлы.
Пасля вячэры ўсе сабраліся ў клубе. Вечарына пачалася з «Купалінкі», якую праспявала студэнтка чацвёртага курса. Яна для сяброў ужо свая эстрадная зорка. Лізавета Гурская прачытала верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня». За гэта я падарыў ёй сваю кніжку «Заўтра была адліга». Потым гучалі вершы, што напісалі самі студэнты падчас практыкі. Вайсковец праспяваў «Тры чарапахі» Лявона Вольскага. Амаль да адзінаццаці гадзін выступаў я. Вёў імпрэзу Уладзімір Малашэнкаў. Напрыканцы Павел Каўрыга падарыў мне сваю кнігу «Метэаралогія і кліматалогія (Беларуска-руска-англійскі даведнік) з аўтографамі студэнтаў сваёй кафедры.
Да дзвюх гадзін ночы з выкладчыкамі гаварылі пра жыццё-быццё. Па іх просьбе чытаў вершы. Слухалі, не перабівалі.
Схадзіўшы на студэнцкую лінейку, з Паўлам Каўрыгам паехалі ў Мінск. У некалькіх кіламетрах ад геастанцыі на ўскрайку лесу я заўважыў вялікага рыжаватага зайца. Ён назіраў за намі, нібыта студэнцкі дазорац, які замаскіраваўся пад зайца.