***
31.05.2015. З Людмілай хадзілі да Ратушы, дзе потым з экскурсаводам, а таксама князем Радзівілам Чорным і ягоным сямействам вандравалі па Верхнім горадзе. Народу сабралася шмат. На экскурсійны натоўп мінакі глядзелі па-рознаму: тры загарэлыя расейцы гадоў пад пяцьдзясят, пачытаўшы шыльду на Ратушы, прайшлі праз нас, як праз высокую траву. Нейкія замежнікі, якія сядзелі за столікамі вулічнай кавярні, калі мы праходзілі каля іх, сустрэлі Радзівіла і ягонае сямейства воплескамі і воклічамі захаплення. Павандраваўшы па Верхнім горадзе, каля Ратушы экскурсавод Ганна правяла конкурс на веданне гісторыі. Мы з Людмілай не адбіралі ў прысутных магчымась выйграць прызы. Нейкі час я пазабаўляўся з малымі радзівілятамі, адзін з якіх сказаў, што ён некаранаваны кароль.
Чэрвень
***
1.06.2015. Галоўную прэмію Гедройца за найлепшую беларускамоўную прозу, а таксама прыз чытацкага галасавання атрымаў Віктар Казько за кнігу «Час збіраць косці». Прадстаўляючы намінантаў, выступоўцы гаварылі са сцэны, нібыта чыталі белыя вершы. І ўсё ж найбольш запомніўся Андрэй Федарэнка, які, наколькі ўмее пісаць выдатную прозу, настолькі не ўмее выступаць на публіку. Праўда, і гэтым ён таксама цікавы, як празаік.
***
3.06.2015. З Маладзечна прыязджаў Міхась Казлоўскі. Падарыў мне зборнік «Там, дзе Уша серабрыцца», у якім прадстаўлены 32 творцы, дзейнасць і жыццё якіх непасрэдна звязана з маладзечанскім краем. Укладанне і прадмова Міхася Казлоўскага. На вокладцы зборніка фотаэцюд Генадзя Селядца «Лета». Ва ўступным слове Міхась напісаў: «У свой час Генадзь Каханоўскі, праглядаючы чарговы нумар часопіса «Маладосць», з відавочным гонарам прамовіў: «Глядзі, нашы ідуць у літаратуру». Для мяне Маладзечаншчына — родны край, і таму я з задавальненнем паўтараю за Генадзем Каханоўскім: «Нашы ідуць у літаратуру!» Акрамя зборніка Міхась Казлоўскі падарыў мне паштоўку, выдадзеную ў Познані з нагоды выхаду ў «Мастацкай літаратуры» кнігі пра Язэпа Драздовіча «Праз церні да зорак».
***
5.06.2015. З Іванам Вараўкам сябрую з часу (1980-я гады) нашага знаёмства на літаб’яднанні «Крыніцы» пры «Чырвонай змене». Цяпер зрэдку сустракаемся, а так усё па тэлефоне дзелімся сваімі жыццёвымі навінамі. Іван нарадзіўся ў вёсцы Ілья на Вілейшчыне. Працуе на заводзе ў Мінску. Зрэдку піша вершы і яшчэ радзей друкуецца. Нікому, хто хадзіў на літ’абяднанне і потым выбіўся ў вядомыя пісьменнікі, Іван не зайздросціць. Сёння мы з ім сустрэліся. Гаварылі пра бацькоў. Іванавай маці 90 гадоў. Цяпер яна, на жаль, у бальніцы. Сёе-тое новага з вершаў пачыталі адзін аднаму. На маё пытанне: «Чаму мала пішаш?» Іван адказаў: «Не хачу! Я магу насачыняць сотні вершаў кшталту гэтага:
Гляджу я цілівізар вечарамі
І цэлу ноч яго глядзець гатоў.
А раніцай я крочу за грыбамі,
Хоць у гародзе мора агуркоў.
але ж гэта не высокая паэзія, таму і не псую паперу.»
З жыцця Гражданаў...
5.06.2015. На сайце «НН» з’явілася інфармацыя: «Пад Мінскам работнік жаночага манастыра шпакоўняй забіў сабутэльніка.»
***
6.06.2015. Удзельнічаў у XV Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Напачатку наведалі Вязынку. Чыталі вершы каля помніка Янку Купалу. На дзіва, людзей прыйшло нямала. Потым у Маладзечне ў Палацы культуры выступіў у паэтычнай гасцёўні «Красуй, Беларусь». Думаю, што многіх цікавіць адказ на пытанне: «Як там на фестывалі было?» Мой адказ: «На жаль, вас там не было, таму так было, як было. І магло быць лепей, але і магло быць горай.»
***
7.06.2015. Прачытаў!!!!!! Чацвёртую, заключную кнігу цыкла раманаў Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». У беларускай літаратуры падобнай маштабнасці і моцы твора (усе чатыры кнігі) няма. Можаце мяне за гэтую выснову пабіць, але я ад яе не адмоўлюся. Я гэта гавару не таму, што Людміла Рублеўская мая жонка, а таму, што чытаю амаль усё і ўсіх і гэты раман у чатырох кнігах прачытаў ад першай да апошняй старонкі і як чытач, і як рэдактар, і як крытык. І калі б гэты твор быў напісаны іншым выдатным пісьменнікам-мужчынам, а іх у нас на сённяшні дзень столькі, што можна на пальцах адной рукі пералічыць, то. Словам, віншую ўсіх, хто радаваўся і будзе радавацца, чытаючы Людмілу Рублеўскую, што ў нас, у беларусаў, ёсць цыкл выдатных гістарычных раманаў пра Беларусь XVIII стагоддзя.
***
7.06.2015. Перад маім акном праляцеў недакурак, як збіты шпіёнскі лятаючы апарат, і, упаўшы на скошаную траву каля пад’езда, задыміўся...
***
8.06.2015. Здаецца, чым усё больш вясной спілоўваюць таполяў, тым у чэрвені усё больш тапалёвага пуху.