Прайшоўшы крокаў сто ад магілы Палагеі Максімаўны, я раптам прыпыніўся. Маю ўвагу прыцягнула яліна з абрэзанымі галінамі, якія яшчэ нядаўна прыкрывалі магілу за высокай агароджай. Гляджу, а гэта ж тут пахаваны Сцяпан Гаўрусёў. На помніку выбіты радок з яго класічнага верша: «Я вырас пад гарматнымі стваламі.»
Не даходзячы брамы, што на ўваходзе на могілкі, мы схаваліся ад дажджу ў старую альтанку. Дождж суцішыўся, і я прайшоў па алеі, разглядаючы помнікі. У метрах пяцідзесяці ад альтанкі знайшоў магілу, дзе пахаваны празаік Кастусь Тарасаў.
Едзем у таксі. Размаўляем. Звяртаючыся да Людмілы, кіроўца кажа: «Пара вам дачцэ машыну купіць і яна вас будзе вазіць туды, куды папросіце!» Пачуўшы гэта, цешча тут жа прызналася: «А я ўжо некалькі гадоў з кожнай пенсіі латарэйкі купляю!»
На Чыжоўскіх могілках былі каля дзвюх гадзін. Увесь час навальніца то заціхала, то ўзмацнялася, нібыта дакараючы нас за тое, што на Радаўніцу не былі.
***
15.06.2015. Горача. Ідзём з працы па праспекце Пераможцаў. Перад сабой у метрах дваццаці бачым, прылёгшы над фантанам, нейкі пасівелы даўгавалосы чалавек бярэ ваду, нібыта шэпчацца з ёй. «Так можа браць ваду толькі паэт ці бомж», — падумаў я, і праз міг чалавек падняўся з каленяў. Перад намі была з пачарнелым тварам жанчына, якая тут жа з пластыкавай пляшкі пачала піць, гледзячы ў неба, нібыта ўбачыўшы анёлаў.
***
16.06.2015. Некалькі дзён таму пачаўся верш, але, як пачаўся, так і закончыўся:
Толькі ведае рыба сапраўднасць маўчання,
І вада для яе як бясконцы сусвет,
Дзе жыццё пачалося раней, чым каханне,
Што прыдумаў няшчасны тутэйшы паэт.
***
16.06.2015. Калі робіцца цяжка на душы і сумна, ратуюся ўспамінам пра сваё даўняе жаданне: кінуць-рынуць усё і з’ехаць у родную вёску, дзе стаіць пустая хата, якая яшчэ не развалілася ад адзіноты. І тады б мяне ўсе шкадавалі і г. д. Жартую! Нікуды я не паеду, бо я на гарадскім ланцугу, які голас падае праз тэлефоны, і напамінае, што я тут яшчэ некаму патрэбны...
***
16.06.2015. Тапаліны пух няўлоўны, як паэзія таполяў...
***
17.06.2025. Прашу звольніць мяне з працы ў сувязі са сканчэннем свету.
***
17.06.2015. Раніцай у выдавецтва прыходзіў Адам Глобус. Ён і Алесь Бадак успаміналі былое, а я слухаў і думаў, што і наша пакаленне напісала не толькі геніяльныя творы, але жыло і жыве цікавым жыццём. Пра нас кніжкі пісаць можна. Можна і трэба! Праўда, калі мы самі іх не напішам, то ніхто і не напіша.
З Алесем хадзілі ў Нацыянальны мастацкі музей. Пасля афіцыйнага мерапрыемства глядзелі фільм Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева пра Марка Шагала. У зале, дзе мы сядзелі, з карцін на нас паглядалі беларускія магнаты і некаторыя з іх вельмі-вельмі варожа.
Каля Музея Міхаіла Савіцкага сустрэўся з замежнікам, які запытаўся: «Как мне проехать к магазіну «ЗамОк»? Я не адразу зразумеў, што яму трэба крама «Замак», і ўсё з таго, што назоў крамы напісаны па-руску і наш «замак» чытаецца як «замОк».
***
18.06.2015. Гаварыў са Славамірам Адамовічам. Ён нядаўна вярнуўся з Нарвегіі, куды было паехаў у студзені гэтага года. Там дапісваў раман, пачатак якога ўжо друкаваўся ў «Дзеяслове». Цяпер Славамір шукае машыністку, каб зрабіць набор твора. Хоча да канца года выдаць кнігу, каб паўдзельнічаць у барацьбе за прэмію Гедройца. Славамір быў з заплечнікам, нібыта з парашутам.
***
19.06.2015. У складзе дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па спецыяльнасці «Літаратурная работа (рэдагаванне)» быў на абароне дыпломных прац у Інстытуце журналістыкі. Потым Уладзімір Ліпскі запрасіў мяне і Мікалая Супрановіча да сябе ў «Вясёлку» на экскурсію. Гэта не рэдакцыя, а музей дзіцячай літаратуры! Як іконы ў Храме, вісяць партрэты былых рэдактараў часопіса Васіля Віткі, Еўдакіі Лось і Анатоля Грачанікава. Гаворачы пра сучасных пісьменнікаў і даючы ім ацэнку, Уладзімір Сцяпанавіч сказаў: «Трэба глядзець не ў твар, а ў твор!»
***
20.06.2015. Бібліятэка — гэта кніжнае аліўе...
***
21.06.2015. Спачатку кветку зрываем, зразаем, а потым хочам, каб яна жыла — у ваду ставім.
***
21.06.2015. Каля пад’езда, схаваўшыся пад дрэвам ад дажджу, дзяўчына курыць, нібы цалуецца...
***
22.06.2015. Поўня, як дзьмухавец...
***
23.06.2015. Праз пару дзён светлавы дзень пачне скарачацца, а мы яшчэ і росту ягонага не паспелі ацаніць...
***
23.06.2015. Хвілін пятнаццаць размаўляў са Славамірам Адамовічам. Адзін аднаму паскардзіліся, што зрок пагоршаў. Славамір тут жа ўзгадаў, як нядаўна ў Пухавічах у прыватнага акуліста падбіраў акуляры. На ягонае пытанне: «Чаму ў мяне зрок падпсаваўся?» — мужчына адказаў: «З гадамі ў цябе валасы на галаве пасівелі? Пасівелі! Вось і зрок пасівеў...»