***
23.06.2015. Патэлефанавалі з Пугачоўскага дома культуры і паведамілі, што мяне і Людмілу запрашаюць на свята вёскі, якое адбудзецца 12 ліпеня. Калі я адказаў, што ў гэты дзень нас не будзе ў Беларусі, загадчыца Дома культуры сказала, што яна прапануе старшыні сельсавета свята перанесці на пазнейшы дзень ліпеня, калі мы з Людмілай зможам прыехаць у Пугачы...
***
24.06.2015. Зайшоў у кнігарню. Вялікая! Кніг — мора! Прадавачак болей, чым пакупнікоў. Як да сцяны плачу, падышоў да паліц з беларускімі кнігамі.
***
24.06.2015. Патэлефанавалі з Пугачоўскага дома культуры і паведамілі, што Свята вёскі з 12 ліпеня перанеслі на 26. Перанеслі таму, што я з Людмілай Рублеўскай 12-га не магу быць у Пугачах. Развітваючыся, зямлячка сказала: «Без вас Свята нашай вёскі — гэта не Свята!»
***
25.06.2015. Быў на радыё ў Галіны Шаблінскай. Запісалі для «Дыярыуша» размову пра маю кнігу «Заўтра была адліга». Сёння можна будзе паслухаць па першым канале радыё ў 21.05. Мы гаварылі, а за акном зялёныя рыбкі лістоты стукаліся ў шыбу, нібыта клікалі нас на волю з акварыума-студыі...
Барыс Мускі
26.06.2015. На працягу дваццаці апошніх гадоў, а мо і болей, я сустракаў яго амаль на ўсіх літаратурных імпрэзах і на мастацкіх выставах у Мінску. Паедзеш на свята паэзіі ў Вязынку, і ён там. Паедзеш у Ракуцёўшчыну, і ён там. Некалькі месяцаў таму я з ім сустрэўся ў аўтобусе. Ён ехаў у Музей Якуба Коласа на вечарыну. Пагаварылі пра літаратуру. Развітваючыся, я хацеў запытацца, як яго завуць. Не запытаўся, бо падумалася, што калі буду пытацца, то чалавек пакрыўдзіцца. Мы з ім віталіся разоў сто, а я не ведаю, як яго імя. I вось сёння ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя з яго здымкам. Сумная інфармацыя. Ён памёр. I я даведаўся, як яго завуць. Барысу Мускаму было 76.
***
26.06.2015. Быў за горадам на прыродзе. Цудоўна! Вярнуўся ў кватэру да камп’ютара, нібыта прачнуўся, а ўсё, што бачыў за горадам, прыснілася...
***
27.06.2015. Лебедзь над возерам праляцеў, нібыта адарваўся ад воза і цяпер яго цягнуць рак і шчупак.
***
27.06.2015. Суніцы, як чырвоныя ліхтары ў мурашыным квартале.
***
27.06.2015. Сярод старых папер знайшоў свае пераклады вершаў Юрыя Кузняцова. Тэксты аддрукаваны на друкарцы. Значыць, у нас яшчэ камп’ютара дома не было.
***
А ты думкі чужыя казала
I насіла пярсцёнак чужы,
I чужымі агнямі згасала,
I чужой ты шукала душы.
Я прыйшоў — і маімі вачамі
Паглядзіш ты цяпер на сябе,
I заплачаш маімі слязамі.
I спагады не будзе табе.
Другі
I месяц і сонца ў нябёсах на дне.
Другі хтось памёр, а хаваюць мяне.
— Скуль дурні бяруцца! Скуль дурні бяруцца!
Сумлення і сэрца няма даўно ў вас.
I чую спакойны суцешны адказ:
— А Там разбяруцца! А Там разбяруцца!
***
Пэўна ніхто з нас не знае
Заўтра як будзем мы жыць?
Восень. Цяпло адлятае.
Сонца амаль не гарыць.
Вёсцы шчэ светла ў бярозах.
Вокны ў нябёсы глядзяць.
Птушка прапала ў нябёсах —
Снежна пярынкі ляцяць.
***
27.06.2015. Пісьменніку і літаратуразнаўцу Пятру Васючэнку 15 лютага 2009 года было 50 гадоў. Юбілей святкаваўся 18-га. На ўрачыстасцях выступаў і я. У дадатак да празаічнага віншавання мной было нарыфмавана куча радкоў, якія я і падарыў юбіляру. З таго святочнага дня мінула больш як
шэсць гадоў. Не ведаю ці захаваліся ў Васючэнкі мае вершы, а ў мяне яны яшчэ ёсць. Праўда, сёння я іх ледзь не выкінуў у сметніцу з іншымі старымі паперамі.
Пытанні і адказы ў гонар Пятра Васючэнкі
***
Чаму Пятро спраўляе юбілей?
Каб наш не вытахся ялей!
***
Навошта створаны Пятро?
Каб пуста не было ў мятро!
***
Навошта піша Васючэнка?
Каб пазайздросціў Федарэнка
І на пытанне: «За што п’е?»,
Адказ пачуў: «За «Нічые»!
***
Нашто Пятро нас крытыкуе?
Бо добрых слоў сам рэдка чуе!
***
Нашто Пятро наш закаханы?
Каб для дзяўчат купляць бананы,
А для жанчын — цюльпаны!
***
Нашто Пятро студэнтаў вучыць?
Каб не маглі другія мучыць!
***
Чаму Пятро не любіць спаць?
Паспаўшы, трэба ж уставаць!
***
Чаму Пятро наш любіць спаць?
Бо ў сне пісакаў не відаць,
Што ля дзвярэй яго стаяць
І хочуць класікамі стаць!
***
Нашто ў Пятра з сабой партфель?
Там, у партфелі, спіць рубель.