Галубы каля коміна, як вясковыя анёлы каля выхаду з вогненнага пекла.
Варшава. Вісла. Людзі купаюцца і загараюць.
Аэрапорт імя Шапэна. У душы загучала музыка.
Каля дарогі польскі паліцэйскі. Выліты наш Юрась Пацюпа, але толькі ў форме.
Тры ветракі. Два круцяцца, а адзін не. Стаіць, нібы думае, а ці варта сёння працаваць.
Нумары на польскіх машынах з еўрасаюзаўскімі сцяжкамі, але хапае і бела-чырвоных, якія выглядаюць, як савецкія.
Уключылі фільм, каб было весялей. У фільме трахаюцца. І ўсе глядзяць, як гэта робіцца, нібыта забыліся.
«Быў бы я скульптарам, я б пачаў з яе попкі.» — рэпліка з фільма пра Дзюма.
Байкеры, як нячысцікі, гойсаюць па Польшчы.
Адзінокі вятрак у полі, як няспешны мудрэц.
Едзем услед за сонцам.
Неба ціхае, як вечаровае мора .
Ветракі, як прывіды камунізму.
Начаваць прыехалі ў гатэль «Нявада». Ён збудаваны ў выглядзе піраміды. Выдаючы нам ключ, Дзмітрый сказаў: «Нумар 35. Шніп Вікторый і Шніп Людміла.» Пасяліліся а палове дзясятай. Праехалі тысячу кіламетраў.
Дзень другі. Амстэрдам
5.07.2015. Прачнуліся ў 6.10. Спалася нармальна. Праўда, было крыху душнавата. Павіншаваў Людмілу з днём народзін.
Сняданне больш-менш нармальнае. Спакавалі свае валізы і зноў у дарогу. Дзякуючы, што аўтобус не цалкам запоўнены, многія рассяліліся на вольныя месцы. Людміла таксама пайшла ад мяне.
Праехалі польска-нямецкую мяжу. Одэр цячэ. Як вечнасць нямецкая.
Вакол дарогі каля 50 ветракоў. Стаяць, як саранча жалезная.
Сосны, як вакол дарогі каля Ракава па дарозе ў Пугачы.
Праехалі каля Берліна.
Узгадалася вайна. Так і бачу на палях падбітыя танкі і трупы.
Праехалі Магдэбург. Узгадалася Магдэбургскае права.
Там, дзе на палях танкі гарэлі, цяпер ветракі стаяць.
Ветракоў у полі, як быльнягу.
У акупацыі ветракоў.
Белая арда ветракоў.
Праехалі былую мяжу паміж ФРГ і ГДР. Стаіць вартавая вышка, як пудзіла.
Паабедалі ў прыдарожным нямецкім кафэ. Не вельмі спадабалася. У аўтобусе градусаў дваццаць, а на вуліцы за трыццаць.
Побач Гановер. Узгадаўся Алесь Разанаў, які там нейкі час жыў і пісаў вершы па-нямецку.
Даведаўся, што наш куратар Зміцер закончыў ЕГУ.
Праехалі праз дождж, як праз невялікую краіну, створаную з дажджу.
На мяжы Германіі з Нідэрландамі горад Асанабрук. Узгадалася ракаўская брукаванка. Бацькі на ракаўскіх могілках.
«Галандскія каровы прыгажэйшыя, чым іх пастушкі.» — паведаміў Зміцер.
Ехалі, ехалі і тут на табе — нас спыніла нямецкая паліцыя. Да Амстэрдама 230 кіламетраў. Зайшоў паліцыянт: «Русланд?» — «Найн! Мы Беларусь!» Нехта дабавіў: «Мы — Лукашэнка!» Паліцыянт забраў пашпарты. Праз дзесяць хвілін вярнуў і сказаў, усміхаючыся: «Аўфідэрзэйн!»
Сонца няма. Змрочна, як часта бывае ў нас дома.
Неба, як шкло, на якім намалявана неба.
Амстэрдам. Навокал ровары, ровары, ровары. Здаецца, што ровараў болей, чым людзей.
Плошча Дам. Як у Рым, сюды ўсе вядуць дарогі.
Па квартале чырвоных ліхтароў нас вадзіў мужчына гадоў пад семдзесят. Прыехаў да сына пятнаццаць гадоў таму. Спадабалася. Жыве і радуецца жыццю. Пра прастытутак расказваў, нібыта пра рай, з якога выйшаў на гадзіну да нас. Хадзілі па вулачках, дзе з вітрын на нас глядзелі прастытуткі, як на пакупнікоў. Не ва ўсіх вітрынах яны былі, бо некаторыя ўжо зараблялі грошы. Каштуюць ад 50 еўра.
Гід расказаў пра дзвюх блізнят прастытутак. Ім па 65 гадоў. Выйшлі на пенсію, адпрацаваўшы пад чырвонымі ліхтарамі па сорак пяць гадоў. Напісалі кнігу ўспамінаў. Па іх падліках праз іх за час працы прайшло 150 тысяч кліентаў.
Прайшлі каля сэкс-шопаў. Ніхто з нас не зайшоў. Гід расказаў гісторыю, якая адбылася некалькі гадоў таму. У Амстэрдам прыехала вялізарная фура з абвесткай, што прымаюцца для абмену на новыя старыя вібратары. Адразу ж ля фуры пачалі хадзіць жанчыны з сумкамі. Адна памяняла, другая і праз нейкі час ля фуры ўтварылася чарга. Такі абмен прыдумаў чалавек, які задумаў стварыць музей секс-прылад. Цяпер музей працуе.
Паблізу Храма стаіць помнік прастытутцы. Пафатаграфаваліся.
Каналы нагадваюць Венецыю. Толькі нагадваюць.
На вуліцы на беразе ракі прыбіральні, як вялікія бочкі, у якіх цябе ўсе бачаць.
Хапае прыгожых дзяўчат, якія не стаяць за шклом.
Чуючы расейскую мову, некалькі разоў на нас мясцовыя паказвалі пальцамі і казалі гучна: «Рускія!»
На плошчы Мадам вакол помніка смецце.
Турыстаў шмат. Ходзяць, разінуўшыся, як галодныя птушаняты, што выпалі з роднага гнязда.