А палове дванаццатай мы, настрашаныя, заехалі ў прадмесце Парыжа. Змрочна. Едзем. Вулка вузкая. З адного боку застаўленая машынамі. Прыпыніліся. Побач ішлі індусы. Дзеці пачалі паказваць на наш аўтобус пальцамі, а потым і кланяцца нашаму аўтобусу. Пастаяўшы хвілін пяць, мы пасунуліся далей. Хутка зноў спыніліся. Праз некалькі хвілін адчыніліся дзверцы аўтобуса, і да нас зайшоў невысокі, гадоў сарака мужчына з пісталетам на баку. Апрануты па-спартыўнаму, у бронекамізэльцы. «Відаць, будуць рабаваць!» — падумалася. Паглядзеў на вуліцу. Жучка на шыбіне няма. Саскочыў! Гляджу, а на вуліцы перад намі стаіць машына з мігалкай. Каля машыны ўзброеныя людзі. Праз хвілін дзесяць мы даведаліся, што гэта парыжскія камісары — служба камісарыяту. Пасля таго як наш куратар Зміцер і кіроўцы растлумачылі камісарам, хто мы і чаго тут ездзім сярод ночы, далей мы паехалі следам за машынай з мігалкай. Прыехаўшы да гатэля, мы камісарам аддзячылі гучнымі воплескамі.
З Людмілай пасяліліся ў пакой № 402. Дзверы з кодам, і калі ты ў пакоі, то не зразумела, ці ты замкнуты, ці не. Каб ніхто не ўлез сярод ночы да нас, я падпёр дзверы пляшкай з вадой.
Дзень чацвёрты. Парыж
7.07.2015. Спалі добра. Снедалі слабавата. Ёгурты, варэнне, печыва, кава. Навокал чарнаскурыя. «Гэта табе Парыж, дзетка!» — сказала мне Людміла.
Страшны Парыж. Спалоханыя Парыжам.
Экскурсію па Сене ніхто не захацеў.
Каля атэль-дэвіля наша стаянка, як стаянка першабытнага чалавека.
Праляцеў матылёк, як французскі пацалунак.
Вуліцы вузкія. Транспарту не праехаць. Хапае смецця. Да цэнтра, да сапраўднага Парыжа ехалі амаль гадзіну.
З аўтобуса ўбачыў жабрачку каля дрэва. Побач прывязаныя два сабачкі. Большы залез на меншага і, паскуднік, робіць, што яму хочацца.
Вада ў Сене, як мокрая сівая трава, якой сніцца сена.
На мосце замкоў ад маладажонаў, як моху на гнілым дрэве.
Трыумфальная арка. Сярод іншых гарадоў на ёй напісаны нашы Магілёў, Полацк і Краснае. Краснае — гэта мястэчка па дарозе на Маладзечна, і яно непадалёку з Ракуцёўшчынай. У свой час мой бацька з Пугачоў у Краснае ездзіў па брыкет на зіму.
У рэстаране каля Цюільры елі мяса і пілі віно, як парыжане.
Купілі парфуму на Елісейскім полі. Калі заходзілі ў салон, думалі толькі паглядзець і панюхаць.
У Нотр Дам чарга. Людзі праходзяць праз Храм, як праз мінулыя стагоддзі.
Нотр Дам збудаваны ў 1163 годзе. Уяўляўся не такім, якім быў убачаны. Уяўляўся больш духазахапляючым. Як верш Генрыха Гейнэ.
Ішоў дробны дождж, як прывітанне з Радзімы.
Эйфелева вежа, як шкілет Францыі, якая была.
Эйфелева вежа, як лесвіца ў неба, дзе ніхто нікога не чакае.
На фоне вежы ўсе фатаграфуюцца, як моляцца.
У дворыках Луўра ў каменных чашах з вадой спіць звадзянелае мінулае.
У адной з ніш Луўра скульптура апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага. Ён адзін з герояў цыкла раманаў пра Пранціша Вырвіча Людмілы Рублеўскай.
Скульптура. Залатая Жанна д’Арк на залатым кані, як Дон Кіхот, які стаў жанчынай.
Мурыны ў Парыжы са сваімі сувенірамі не такія прыставучыя, як у Італіі.
Вулічная кавярня. За столікамі сядзяць мужчыны з кавай, як напалеоны недабітыя.
Французская мова, як Мірэй Мацье.
Баяўся Парыжа. Цяпер люблю Парыж.
У Парыжы і сёння жыве Напалеон.
Наш Мінск, як далёкі-далёкі прыгарад Парыжа.
Каля Эйфелевай башні ходзяць вайскоўцы са зброяй.
Праехала з дзясятак паліцэйскіх машын. Наш гід па Парыжы сказала, што гэта яны паехалі туды, дзе зараз адбываецца нейкі мітынг.
У Парыжы секлі галовы, як капусту.
Вятрак, як удасканаленая гільяціна.
Гаворым з усімі па-беларуску. Ніхто не пытаецца: «Чаму?» Некаторыя спрабуюць нам адказваць на мове.
Дзень пяты. Бардо
8.07.2015. Начавалі ў Пуацье. Прачнуліся ў 6.45. За акном воблакі. Сонца няма. Нехта ўчора вечарам пажартаваў: «Чым бліжэй да мора, тым халадней!»
У Пуацье ў свой час дапытвалі Жанну д’Арк. Нас ніхто не чапаў.
На полі сланечнікі. Маладзенькія. Растуць у чаканні свайго Ван Гога.
Сланечнікі стаяць, адвярнуўшыся ад дарогі, як вінаватыя, што сонца няма.
Нарэшце з’явілася сонца. Аблокі зніклі, нібыта былі цукровыя і расталі ў нябеснай сінечы-вадзе.
Па зжатым французскім полі ходзяць вароны. Чорныя, як мушкецёры кардынала.
Вінаграднік. Малады, нібыта толькі што створаны Богам.
Прыехалі ў Бардо. Каля 300 года да н. э. на ўзбярэжжы Антлантычнага акіяна было заснавана кельцкае паселішча Burdigala. Паселішча было заваяванае рымлянамі ў 60 годзе да н. э. і стала цэнтрам гандлю волавам і свінцом. Праз некаторы час горад стаў сталіцай рымскай правінцыі Аквітанія, і найбольшага росквіту дасягнуў у III стагоддзі. У 276 годзе Бардо быў разрабаваны вандаламі. У 409 годзе горад зноў быў узяты вандаламі, у 414 вестготамі, а ў 498 годзе франкамі. У выніку гэтых спусташэнняў пачаўся паступовы заняпад горада.