Выбрать главу

У 9.05 пераехалі мяжу паміж Францыяй і Іспаніяй. Зміцер паведаміў, што да мора засталося 62 кіламетры. Да Барселоны 107. Даведаліся, што прозвішча ў Зміцера Жызнеўскі.

У 10.40 прыехалі ў Лларэт дэ Мар. У горадзе 50 тысяч жыхароў. З іх больш як чатыры тысячы рускамоўныя. Нам з Людмілай і яшчэ дванаццаці чалавекам з нашай вандроўнай групы па сістэме «Фартуна» выпаў чатырохзоркавы гатэль «Гран Гарбі», а астатнія, што заказвалі трохзоркавы, гатэль «Самба». Засяленне пасля дванаццаці. Ёсць вольны час. Пакінуўшы рэчы на захаванне, мы з Людмілай пайшлі да мора. Да яго 350 метраў. На пляжы людна. Пад нагамі драбнюсенькія каменьчыкі. Гарачыя, як вугалькі. Зайшлі ў ваду. Пастаялі. Цудоўна! Вярнуліся ў гатэль. Нашы ўжо засяліліся. Нам выпаў 443 нумар. Адчынілі. Зайшлі, як у лядоўню. Выйшлі на балкон. Пяты паверх. Унізе басейн. Дзеці крычаць. Шумна. Што тут будзе ноччу? Пачалі раскладваць рэчы. Крыху супакоіліся. У пакой з вуліцы зацякло цяпло. Паабедалі. Пераапрануліся і пайшлі да мора. Выбралі месца каля скалы. Не так людна. Побач немцы і рускія. Некаторыя жанчыны з голымі грудзямі. Паблізу купаюцца трое негрыцят. Узгадалася: «Дзесяць негрыцят пайшлі купацца ў мора.» Пасля мора пайшлі па крамах. Купілі сяго-таго на будучыя абеды. Людміла купіла сукенку. Крамнік тут жа пацікавіўся: «Адкуль вы?» — «З Беларусі!» — «У вас там добра!» — «Ага!»

У сем гадзін пайшлі вячэраць. Яды цэлыя горы! Бяры што хочаш і колькі хочаш! Павячэралі добра.

Наш куратар Зміцер паехаў назад у Мінск з вандроўнікамі, якія ўжо адпачылі, а нас пакінуў на мясцовую Алену. Яна прыйшла да нас пасля вячэры. Гаворыць з акцэнтам. Сабрала грошы на экскурсіі і абяцала кантактаваць з намі. Словам, наша жыццё ў Іспаніі пачалося.

Дзень сёмы. Лларэт дэ Мар

10.07.2015. Спалі добра. Выспаліся. Праўда, перад сном наслухаліся цыганскіх песень. У гатэлі жывуць цыганы. Іх многа. Мужчыны па кілаграм дзвесце. Жанчыны па сто. Дзеці худзенькія і дробненькія. Усе вясёлыя і шчаслівыя.

Выйшаў на балкон, як на неба. На вуліцы сонечна. Крычаць чайкі. У басейне купаюцца цыганы.

Паснедалі і пайшлі на пляж, але ўжо ў іншае месца, чым учора. Тут глы­бей. Вада чысцюткая, як сляза, і вельмі салёная.

Удалечы белы ветразь, як вершаліна марской белай піраміды.

Лянівыя хвалі спакойна б’юцца аб бераг. Яны, як гук вадзяны, які раптам уключаецца і выключаецца. Чамусьці стала сумнавата. Відаць таму, што ўсё роднае за тысячамі кіламетраў.

На пляжы ніхто нічога не прадае. Усе задаволеныя самі сабой, нібыта пясок пад нагамі.

Лётаюць чайкі, як беспілотнікі.

Пасля чатырох пайшлі зноў купацца. Далёка па пляжы не хадзілі. Спыніліся сярод моладзі. Немцы. Іх тут, як пяску.

З боку мора праляцеў голуб, нібыта ўцёк ад некага.

Поблізу з намі прыпляжыліся хлопец з дзяўчынай. Прыехалі на матацыкле. Знялі шлемы, як скафандры. Ёй гадоў дваццаць восем. Яму гадоў трыццаць. У яе доўгія чорныя прамыя валасы. Ён стрыжаны пад нуль. Няголены некалькі дзён. Разаслалі невялічкі дыванок. Ляглі. Абняліся, пачалі цалавацца, нібыта нікога побач няма. Нацалаваўшыся, адсунуліся адзін ад аднаго. Лежачы распрануліся, пераапрануліся для купання. Яна засталася топлес. Грудзі маленькія. Маладыя паабдымаліся. Пайшлі да вады. Хвілін дзесяць стаялі па калена ў моры. Зноў цалаваліся. Потым яна пайшла на глыбіню, нырнула. Праплыла пад вадой метраў пяць. З’явіўшыся з вады, усміхнулася. Чорныя доўгія валасы сталі яшчэ чарнейшымі і даўжэйшымі, а грудзі яшчэ зменшыліся. Ён падплыў да яе. Абняў. Зноў сталі цалавацца. Паплаваўшы разам, паціскаўшыся, выйшлі з мора. Ляглі на дыванок. Працягнулі цалавацца.

Прыйшла маладая пара каталанцаў з дзіцем. Малой недзе з паўгода. Тата, надзьмуўшы басейн для дачушкі, пачаў вядзерцам насіць ваду. Маці пасадзіла ў басейнчык малую, і тая пачала радавацца жыццю. Потым мама ўзяла дзяўчынку і панесла ў мора. Малая не спалохалася. Пачала нешта гудзець і смяяцца.

На вольнае месца і бліжэй да вады прылягла каталанка гадоў пяцідзесяці. Закурыла. Дастала марозіва і пачала яго смакаваць, час ад часу ўспамінаючы пра цыгарэту.

Вярнуліся ў гатэль. Інтэрнэт амаль не працуе. У мяне на смартфоне фэйсбук застыў на сёмым ліпені на інфармацыі са здымкам Адама Глобуса: «Зараз спакую ў гэтую валізу кнігі, накупленыя ў Барселоне, і пачну збірацца ў Мінск.»