Выбрать главу

На пачатку дзявятай гадзіны мы ўсе сабраліся ў Барселонскім порце. Тут ад нашай экскурсаводкі даведаліся, што мы з Людмілай хадзілі побач з музе­ем Пікасо. Доўга шкадавалі, што не натрапілі на музей. Цяпер трэба будзе яшчэ раз ехаць у гэты горад Сонца, каб схадзіць да Пікасо. На жаль, усе экскурсаводы расказваюць падрабязна толькі пра тое, дзе знаходзяцца крамы і прыбіральні.

У порце шмат неграў. Прадаюць усялякую халеру, але не хапаюць за рукі, каб купіў.

Паехалі да Спяваючых фантанаў. Па дарозе бачылі футбольны стадыён, дзе праходзілі алімпійскія гульні. Каля фантанаў сабралася тысячы людзей. У асноўным моладзь. Глядзець было на што, але гэта не Пікасо.

Тут жа непадалёку ад фантана, каля сцяны нейкага адміністрацыйнага будынка на кардоне ляжаў мужчына гадоў сарака. Побач з ім чорны сабака, які, здавалася, вось-вось памрэ.

Сцямнела. Фантаны сталі каляровымі. Прыгожымі. Каля фантанаў я купіў Людміле кастаньеты.

Кажуць, што Барселона — гэта горад, у які хочацца вярнуцца. Па-мойму, Барселона — гэта горад, у якім хочацца жыць.

Дзень дзявяты. Лларэт дэ Мар

12.07.2015. Снілася Барселона. Стары горад. Храмы. Гражданы і Сабакі.

Прачнуліся з лёгкасцю. Пайшлі паснедалі. Смачна. Лёгкая дэзарыентацыя ў часе. Які мы тут дзень? Колькі засталося? Адпачываючыя часу не назіраюць.

Пайшлі на мора. Народу, як апалага лісця пад нябеснай бярозай.

Знайшлі больш-менш прасторнае месца. Побач кароткастрыжаны мужчына гадоў сарака. Валасы выбеленыя. У вуху завушніца. Зойдзе ў ваду і трымаецца за канат, якім аддзелена тэрыторыя для катэраў. Не плавае. Паводзіць сябе, як дзеўка. Відаць, гэта і ёсць прадстаўнік гей-Еўропы.

На спецыяльнай калясцы ў мора завезлі інваліда. Выкулілі, як мяшок, і ён паплыў. Праз хвілін пяць на гэтай калясцы ў мора ўвезлі старую. Побач з ёй пялёскаліся дзеці. Відаць, яе ўнукі. Праз паўгадзіны старую вярнулі на зямлю, а інвалід некуды паплыў і галавы ягонай не відаць.

Наплаваўшыся, вярнуліся ў нумар. Інтэрнэт не працуе. Не бядую. Адпачываю!

Паабедаўшы, зноў пайшлі да мора. Плаваюць катамараны ў выглядзе рарытэтных машын. Ствараецца ўражанне, што яны паўсплывалі са дна мора.

Побач немцы і палякі. П’юць піва, кураць. Маладыя, шумныя, бессаромныя. Нібыта прыехалі адпачываць з фронту.

Прыгажунь амаль няма.

Пасля вячэры зайшлі ў Храм, што непадалёку нашага гатэля. Якраз ішла служба. Селі ў апошнім радзе. Уставалі, калі было трэба, разам з усімі, садзіліся. Раптам усе пачалі адзін аднаму рукі паціскаць. Да мяне падышоў ката­лонец, паціснуў руку.

Пайшлі па крамках. Поўна рускамоўных. Тавараў поўна, а купляць асабліва няма чаго.

Вярнуўшыся ў гатэль, пайшлі на шоу (танец жывата). Перад намі сядзеў мужчына гадоў сарака пяці. У яго на спіне на майцы было напісана па-беларуску «Крумкачы». Толькі я захацеў загаварыць з мужчынам, як чатыры танцоркі пачалі сыходзіць са сцэны і запрашаць мужчын да сябе танцаваць. Я вырашыў уцячы.

Неба зорнае. Зорка Венера, як далёкая Беларусь.

Дзень дзясяты. Лларэт дэ Мар

13.07.2015. Панядзелак. Ноччу час ад часу прачынаўся. Чайкі крычалі, як рагаталі.

На пляжы сёння людзей меней. Мясцовыя на працы.

Разаслалі пакрывала. Селі. Людміла знайшла 50 цэнтаў.

Побач іспанкі загараюць. Пажылая чытае часопіс, а маладзенькая кнігу.

Мора спакойнае, як стомленае.

Да вады прайшоў дзядок гадоў пад дзевяноста. Худы, як з палону. Зайшоў у ваду па калена, пастаяў і вярнуўся да старой. Нешта расказаў ёй і заўсміхаўся.

Пад парасонам рускія гуляюць у карты.

Каменьчыкі, як скамянелы рыс.

Побач дзве сям’і. Культурныя. Бацькі нашага ўзросту размаўляюць па­руску, а іх дзеці паміж сабой і ў звароце да бацькоў па-нямецку.

«Андора адмяняецца! На гэтым тыдні там бастуюць магазіны. Без магазінаў там няма чаго рабіць!» — заявіла экскурсавод, калі мы селі ў аўтобус, каб паехаць у Батанічны сад.

Кіроўца, які першы раз узяўся везці экскурсію, прывёз нас не да Батанічнага саду, а да секс-шопа. Пасмяяліся.

На ўваходзе ў Батанічны сад нас усіх па чарзе сфатаграфавалі з папугаем. Пачуўшы, што людзі гавораць па-руску, папугай пачаў крычаць: «Давай!

Давай! Давай!» Калі мы сталі смяяцца, нашымі галасамі засмяяўся і папугай. Потым, калі выходзілі назад, нам прапанавалі выкупіць здымкі. Купілі.

У Батанічным садзе сотні розных кактусаў. Сярод іх можна было заблудзіцца.

Пасля Батанічнага саду паехалі на вінакурню. Дэгуставалі віны з трыццаці бочак. Мы выбралі віно «Сальвадор Далі».

Надэгуставаўшыся він, паехалі ў гарадок Санта Крысціна на фабрыку скураных вырабаў. У аўтобусе было чалавек пяцьдзясят. Нашых чалавек дзесяць, а астатнія з іншых гатэляў. Шмат расіян. Яны на фабрыцы сёе-тое і купілі, а мы нічога. Вельмі дорага.