Выбрать главу

Бадэнскае возера. Вялізарнае. Над ім збіраецца навальніца. Жахаюць маланкі.

У вёсках Храмы. Ад іх ідзе супакой.

Зноў горы. Паралельна дарозе цячэ рака.

У 19.45 пераехалі мяжу Швейцарыі з Аўстрыяй. Праз нейкі час трапілі ў сямікіламетровы тунэль, які прывёў нас у Германію. Да гатэля яшчэ 160 кіламетраў.

Прыехалі адпачываць амаль у адзінаццаць. 500 кіламетраў ехалі 9 гадзін.

Дзень пятнаццаты. Германія. Мюнхен

18.07.2015. Спалася як пшаніцу прадаўшы.

Выйшаў на балкон. Наваколле кароўнікам пугачоўскім пахне.

Сняданак сціплы. Без ёгуртаў. Гаспадар гатэля, відаць, нейкі былы футбаліст. У сталоўцы выстаўлена куча прызоў.

Адсюль да Мінска 1850 кіламетраў. Сумна, што вандроўка заканчваецца.

Прыехалі ў Мюнхен. Тут мы з Людмілай ужо другі раз і сябе адчуваем, як дома.

Прыйшла экскурсаводка. Кандыдат мастацтвазаўства. Жыве ў Мюнхене з 1992 года. Мы ў яе спыталіся, дзе тут які-небудзе мастацкі музей, бо мы ўжо ведаем, дзе малады Гітлер піва піў. Тут жа экскурсаводка пацікавілася: «Можа, яшчэ хто хоча ў музей?» Ніхто не адгукнуўся. Жанчына пачала мяне з Людмілай называць гаспадамі: «Вось вы ўсе пойдзеце ў піўбар, а гаспада пойдуць у мастацкі музей!» І мы, пахадзіўшы паўгадзіны з усімі, атрымаўшы карту Мюн­хена і выслухаўшы экскурсаводку, як дабрацца да музея класічнага мастацтва, пайшлі любавацца сапраўдным мастацтвам. Ідучы да музея, каб не блудзіць, запыталіся ў старой немкі, якая нам падалася інтэлігенткай, што абавязкова ведае родны горад, як прайсці да такой вось вуліцы. Немка патлумачыла, і мы праз хвілін пятнаццаць былі ў музеі. Ніякай чаргі. Білеты па чатыры еўра.

Музей двухпавярховы. Шыкоўны. Бачылі карціны Леанарда да Вінчы («Мадонна з гваздзікай»), Дзюрэра («Аўтапартрэт»), Босха (Фрагмент карціны «Пекла»), Пітэра Брэгера, Лукаса Кранаха Старэйшага, Цінтарэта, Рубен­са, Рафаэля, Тыцыяна, Фра Філіпа Ліппі, Сальвадора Раза і інш. Каля сямісот карцін. Піва мы і ў Мінску пап’ём!

Паабедалі ў кафэшцы «У францысканцаў». Тут былі мы і ў мінулым годзе. Абслугоўваў нейкі індзеец ці цыган. Больш сюды не пойдзем, бо абслугоўваў кепска, не ўсё прынёс, што заказвалі.

Побач прайшоў немец. Высокі. Метры два. Чамусьці падумалася: «Не ўсіх вайна перабіла.»

Пахадзілі па горадзе. У адной краме прадавачка сказала Людміле: «Тут для вас нічога няма! Вы худзенькая.»

Сабраліся ад’язджаць, а тут нашу вуліцу запоўнілі будысты з барабанамі, танцамі і песнямі. Наперадзе ў іх паліцыя. Словам, дэмакратыя.

Праехалі каля стадыёна мюнхенскай «Баварыі». Стадыён застрахаваны той жа кампаніяй, якая ў свой час застрахавала «Тытанік».

Плантацыі хмелю, як зялёная арда, якая аблажыла Мюнхен, а ён не здаецца.

Праехалі дзве з паловай гадзіны. Захмурэла. Пачаўся дробны дождж, як музыка развітання з тым, дзе мы былі два мінулыя тыдні.

Рэдка якая машына з беларускімі нумарамі даязджае да сярэдзіны Еўропы.

210 кіламетраў да Берліна. Едзем праз дажджавую сцяну. Ветракі ў дажджы, як падводныя лодкі.

Праз дождж сярод ветракоў ідзе Язэп Драздовіч да Ван Гога.

Нанач прыехалі ў польскую «Няваду», дзе ўжо спыняліся, едучы ў Амстэрдам. Дванаццаць гадзін. Цёмна. Адчуваецца сэрцам, што Беларусь ужо недалёка. Праўда, яшчэ трэба праехаць 1050 кіламетраў.

Дзень шаснаццаты. Польшча

19.07.2015. Нядзеля. Прачнуліся а шостай. Сонца за аблокамі. Наша надвор’е.

За два тыдні польская кукуруза падрасла. Збожжа месцамі палягло.

Ветракі, як нажы ў мясарубцы.

«Убачыць Парыж і памерці! Не! Не варта паміраць сярод арабаў!» — чую ўрывак размовы суседзяў, якія сядзяць перада мной.

«Я ў раі?» — «Не! Вы ў раённай бальніцы!»

Да беларускай мяжы 311 кіламетраў. Ужо абрыдзела ехаць. Пачынаю думаць, што я вяртаюся з еўрапейскага палону, і мне робіцца крыху лягчэй, але ненадоўга.

Санітарны прыпынак. Зайшлі ў прыбіральню. З адной кабінкі чуецца смех двух мужыкоў. «Відаць, наркаманы нейкія.» — падумалася. Гэтак жа падумалі і іншыя, хто быў побач.

14.20. Едзем праз Варшаву. На вуліцы людзей мала, нібыта пахаваліся ад нас.

Сэрца Шапэна.

У Варшаве 31 градус.

Каля дарогі на футбольным полі вароны і галубы, як зачараваныя футбалісты.

Мяжа. Зайшлі польскія памежнікі. Дзве дзяўчыны. Адной да трыццаці гадоў, а другой болей. Маладзейшай не пашпарты правяраць, а па подыумах хадзіць і паказваць сваю прыгажосць.

Хлопцу гадоў дваццаці, які ў аўтобусе сядзіць за мной, нехта патэлефанаваў, і я пачуў: «Што я табе раскажу? Я нічога не памятаю!»

Нашы мытнікі амаль дзве гадзіны правяралі аўтобус перад намі. Нас прапусцілі хутка. У Брэсце былі ў дванаццаць гадзін. З намі развіталася жанчына з Санкт-Пецярбурга. Яна ў падобную вандроўку ўжо ездзіла восем разоў.