Дзень сямнаццаты. Беларусь
20.07.2015. Выехалі з Брэста. Пачалася навальніца. Дождж як з вядра. Наш аўтобус, як падводная лодка, якая працякае. Жахаюць маланкі і навокал робіцца відна, як днём. Едзем моўчкі. Маўчым, як у Храме.
Стараюся прачытаць указальнікі, каб даведацца колькі засталося кіламетраў да Мінска. Яшчэ вельмі шмат. Кажуць, што і ў Мінску вялікі дождж.
На паўдарозе некалькі чалавек сышлі. Яны з раённага цэнтра. Сустрэў сын на машыне. Навальніца ўсё ўзмацняецца. Сядзім, як мышы пад венікам .
Наш аўтобус у дажджы, як у моры п’яны карабель.
Да Мінска 20 кіламетраў. Усе заўсміхаліся. Пачалі збірацца дамоў. Навальніца прыцішылася. У аўтобус нацякло вады, але гэта ўжо не бяда. Мы амаль дома.
Амаль чатыры гадзіны ночы. Прыехалі! Думалася, што будзем развітвацца з тымі, з кім былі ў вандроўцы найбліжэй, з кім размаўлялі. Не! Выйшлі ў дождж з аўтобуса і праз хвіліну ўсе разбегліся, нібыта разам ніколі і не былі.
Прыехалі з Людмілай дамоў на таксі. Дзеці спяць. На канапе ляжыць кіпа газет, якія сабраліся за час нашай вандроўкі. Пакуль Людміла мылася, я пагартаў газеты. Нічога новага.
Дасталі з валіз падарункі дзецям і бабулі. Я дастаў са сваёй сумкі кнігу вершаў Людмілы «Вяртанне інфанты», якая з намі праехала амаль сем тысяч кіламетраў і была сведкай таго, што мы бачылі.
Мне ўжо сёння на працу трэба. Не пайду! Трэба адпачыць ад Еўропы!
***
20.07.2015. Вось мы і дома! За сямнаццаць дзён шэсць з паловай тысяч еўрапейскіх кіламетраў за плячыма. Варшава, Амстэрдам, Брусель, Парыж, Бардо, Барселона, Ліён, Жэнева, Мюнхен. Сон, які стаў явай...
***
21.07.2015. Першы дзень пасля вандроўкі выйшаў на працу. Адразу ж на аўтобусным прыпынку заўважыў, што ў нас прыгожых дзяўчат і жанчын у сто разоў болей, чым там, дзе вандраваў. Праўда, Амстэрдам не ўлічваю, бо там было на што паглядзець...
***
21.07.2015. Як еўрапейскай свабоды, наглытаўся марской вады.
***
22.07.2015. Прачнуўся а сёмай. Думаў, што ў Парыжы. Не! Дома.
***
23.07.2015. Не пі з неба, бо анёлам станеш.
***
24.07.2015. Калі тэрарысты захопліваюць будынак, яны тэрарысты. Калі тэрарысты захопліваюць цэлы горад, яны народная рэспубліка.
***
24.07.2015. Вечарам тэлефанаваў Адам Мальдзіс. Пытаўся Людмілу. «Яна на вуліцу пайшла. Недзе ходзіць!» — адказаў я. «Пасля бальніцы, дзе я праляжаў два з паловай месяцы, мне доктар прыпісаў кожны дзень хадзіць тры кіламетры. Я не хаджу. Ногі вельмі баляць.» — паскардзіўся Адам Іосіфавіч.
***
24.07.2015. Паблізу прыпынку, што каля царквы Пятра і Паўла, бачыў пікет Таццяны Караткевіч і людзей, якія збіраюць подпісы на вылучэнне яе ў кандыдаты ў прэзідэнты. Сюды-туды хадзіла і сама Таццяна, як на сцэне.
***
25.07.2015. У гэты дзень памерлі: Іван Насовіч (1877), Уладзімір Караткевіч (1984), Наталля Арсеньева (1997) і Янка Брыль (2006).
***
25.07.2015. З Маладзечна патэлефанаваў Міхась Казлоўскі. Паведаміў сумную навіну. На 62-м годзе жыцця пасля невылечнай хваробы памёр мастак Васіль Лазоўскі. Учора Міхась яго наведаў у бальніцы. Выгляд у хворага быў перадсмяротны. Сёння Васіля павінны былі выпісаць дамоў, «каб не псаваў статыстыку.»
***
26.07.2015. Некаторыя кажуць, што Беларусь — гэта маленькая Швейцарыя. Пабыўшы ў Швейцарыі, кажу: «Гэта Швейцарыя маленькая! А Беларусь вялікая!»
***
27.07.2015. З самага ранку ў выдавецтва прыйшла аўтарка з рукапісам прозы. Прывітаўшыся, паскардзілася: «Каб вы ведалі, пасля якіх вялізарных пакут я дабралася да вас! Ай-яй-яй!» — «І якія ж гэта былі пакуты?» — пацікавіўся я, і пачуў: «У даведцы доўга шукалі вас. Я папрасіла, каб мне далі адрас бліжэйшага да вакзала выдавецтва».
***
27.07.2015. Сёння дзякуючы Ціхану Чарнякевічу даведаўся, што наш куратар у нядаўняй вандроўцы па дарогах Еўропы Зміцер Жызнеўскі — не проста экскурсавод, а малады празаік, які друкаваўся ў часопісе «Макулатура».
***
29.07.2015. Спаліўшы графаманскі рукапіс, выратуеш чытача. Спаліўшы ўсе графаманскія рукапісы, выратуеш выдавецтва.
***
29.07.2015. У Венецыі па каналах плаваюць гандолы, а ў Амстэрдаме па каналах плаваюць гандоны.
***
30.07.2015. З сястрой Валяй, яе мужам і дачкой Надзяй ездзілі ў Пугачы, каб пафарбаваць новы плот вакол нашай хаты. Выехалі дажджом, але са спадзяваннем, што ён перастане. Заехалі да бацькоў на ракаўскія могілкі. Побач з’явілася пару новых магіл. Пастаялі. Памаўчалі. Кожны пра сваё.