Сустрэлі нас каля Дома культуры, як самых вялікіх гасцей. Тут жа напаілі гарбатай, пачаставалі булачкамі, якія нядаўна былі спечаны. Завялі ў бібліятэку, паказалі куток з маімі кнігамі і партрэтам, які ў свой час намаляваў Алесь Квяткоўскі. Для бібліятэкі мы з Людмілай падарылі свае новыя выданні.
На свята вёскі сабралася сотні паўтары людзей. Былі артысты з Валожына і ракаўскі фальклорны гурт «Гасцінец». Першым выступіў старшыня Ракаўскага сельсавета, потым я і Людміла. Нам падарылі чайны сервіз з гравіроўкай «Жыві, мая вёска Пугачы. 2015».
На сённяшні дзень самая старэйшая жыхарка Пугачоў — Валянціна Іосіфаўна Шніп. Ёй 88 гадоў. Яна ў школе выкладала беларускую мову і літаратуру. Гэта на яе ўроку я даведаўся, што ў дзесяці кіламетрах ад Пугачоў у Вязынцы нарадзіўся Янка Купала, да якога ў час летніх вакацый я і хадзіў з вершамі.
Падарунак атрымала і мая першая настаўніца Шніп Марыя Вікенцьеўна. У школе яна была строгай, патрабавальнай і справядлівай, як і належыць быць сапраўднаму Настаўніку.
Самы юны жыхар Пугачоў — Дзмітрый Сасноўскі. Ён нарадзіўся 1 студзеня 2015 года.
Дзякуючы святу вёскі сустрэўся амаль з усімі сваякамі, якія яшчэ жывуць у Пугачах. З Навасёлак спецыяльна на свята прыехаў траюрадны брат майго бацькі Леанід Жыткевіч. Словам, сёння ўсе дарогі вялі ў Пугачы да Дома культуры.
Падарункаў на свяце вёскі было ўручана вельмі шмат. Гучалі песні, разам з «Гасцінцам» развучваліся танцы, дзеці малявалі, а хто хацеў, мог набыць вырабы мясцовых майстрыц, а таксама пачаставацца юшкай з блінамі.
Перад ад’ездам у Аляхновічы з Людмілай зайшлі дадому. Падкруціў у гадзінніку спружыну. Няхай у хаце не будзе мёртвай цішыні.
На палях жніво. Камбайны гудуць, буслы ходзяць і сонца ў небе, як вялікая кропля мёду.
Сёння Ілля. Павінна быць куча гнілля, а тут горача, як каля адчыненых дзвярэй лазні.
Наталля Жызнеўская адвезла нас у Аляхновічы на электрычку. Было крыху сумнавата, што свята вёскі прайшло, і адначасова радасна, што мае аднавяскоўцы не толькі ўмеюць добра працаваць, але і святкуюць, як належыць.
***
3.08.2015. Перад абедам на працу да мяне прыходзіў рэжысёр Валерый Анісенка. Энергічны, эмацыйны, як вялікі творца. Пагаварылі пра літаратуру і тэатры. Развітваючыся, Валерый Данілавіч сказаў: «Будзем працаваць, а не плакаць!»
Пасля абеду зайшоў зямляк Язэп Янушкевіч. У шортах, сандалях на босыя ногі, у саколцы, у капелюшы. Загарэлы. Словам, прыгожы, як каўбой у час адпачынку. Набыў у аддзеле рэалізацыі дзявяты том Уладзіміра Караткевіча. Наш Ракаў рыхтуецца да свайго 550-годдзя. Я пішу «наш Ракаў», бо ўжо трэці год, як Пугачы адносяцца да Ракаўскага сельсавета. Уся святочная праграма названа радком з майго верша «Мы маем гонар свой, мы Ракаў маем.»
***
3.08.2015. Гадзіннік на руцэ, як кайданка, якой ты прыкаваны да часу, у якім жывеш.
***
3.08.2015. Нашы воплескі для молі забойчыя.
***
3.08.2015. Мае аднавяскоўцы, мае аднаваскоўцы.
***
4.08.2015. Больш як месяц не пісаў вершаў, нібыта не піў каньяку.
***
5.08.2015. Некалькі аўтараў прыходзіла ў выдавецтва. Сказалі, што на вуліцы горача.
***
6.08.2015. З Дзмітрыем Пятровічам удзельнічаў у літаратурным марафоне, які праходзіў у рамках акцыі «Лета з добрай кнігай» у кнігарні «Светач». Калі прыйшлі прыняць эстафету ад пісьменніцы, якая піша для дзяцей, на крэслах сядзела сем чалавек. Праз дзве гадзіны, калі мы пакідалі кнігарню, перадаючы слова Алене Церашковай з дзецьмі, слухачоў было каля пяці дзясяткаў.
***
6.08.2015. Вечарам да нас з Людмілай у госці прыходзілі нашы добра знаёмыя масквічы-пісьменнікі Аляксандр Закурэнка і Ірына Гурская з дачкой. У свой час мы з Аляксандрам паралельна вучыліся ў Літінстытуце, а Ірына наогул мінчанка. Гаварылі да гадзіны ночы пра вандроўкі, пра літаратуру і. пра вайну.
***
6.08.2015. Прыходзіў Базыль. Набыў новыя тамы Уладзіміра Караткевіча і маю кнігу «Заўтра была адліга». Ён нядаўна прыехаў з Амерыкі, дзе 25 ліпеня атрымаў амерыканскі пашпарт. Даў мне пагартаць. Пашпарт, як невялічкая кароткая амерыканская энцыклапедыя. Базыль у Амерыцы працуе ў лабараторыі Энрыка Фермі. Казаў, што ў ягонага начальніка на сцяне вісіць мапа, на якой на месцы Беларусі белая пляма. «Чаму так?» — запытаўся я, і Базыль адказаў: «Амерыка яшчэ не вызначылася, што з намі рабіць.»